У 1998 годзе «Звязда» была першым і адзіным рэспубліканскім выданнем, якое ўзяло праблему вызвалення беларускага экіпажа верталётчыкаў, што апынуліся ў якасці заложнікаў у заходнеафрыканскай краіне Сьера-Леонэ, пад пастаянны кантроль.
Экіпаж складалі чатыры чалавекі: Васіль Кулькоў з Пружан, Іван Мартыновіч са Слоніма, Уладзімір Чэпель (пра яго на працягу доўгага часу так нічога і не атрымалася даведацца: адкуль ён, дзе жыве) і камандзір-расіянін з Яраслаўля Аляксандр Сапожнікаў. (Яго жонка Таццяна была мінчанкай — яны мелі кватэру ў сталіцы і былі прапісаны ў ёй. На той момант часова пражывала разам з дочкамі ў Яраслаўлі).
Звесткі пра верталётчыкаў даходзілі да «Звязды» праз шматлікія інстанцыі, насілі адрывачны характар, часам прыходзілі са скажэннем ці наогул факты выключалі адзін аднаго. Мы адсочвалі гэтую гісторыю з сярэдзіны мая па 7 жніўня, калі журналіст газеты сустрэў на сталічным вакзале двух членаў экіпажа — Васіля Кулькова і Івана Мартыновіча, якія ўвечары выйшлі на перон з трынаццатага вагона маскоўскага цягніка. Да гэтага яны патэлефанавалі жонкам з Гвінеі: іх вызвалілі! У фірменнай «звяздоўскай» майцы ўвечары таго ж дня Іван Мартыновіч даваў інтэрв'ю тагачаснаму каналу ГРТ.
Пілоты трапілі на работу ў афрыканскую краіну яшчэ ў 1995 годзе. Вядома, каб зарабіць, палепшыць дабрабыт сем'яў. Хто ж ведаў, што паездка ў выніку абернецца шматмесячным палонам і згубай усяго заробленага... Верталётчыкі вазілі прэзідэнта Сьера-Леонэ або розныя грузы. Па некалькі разоў прыязджалі дадому ў водпуск. Путч адбыўся 25 мая 1997 года, яго здзейснілі малодшыя армейскія афіцэры. Неўзабаве заложнікаў перавезлі ў Нігерыю...
Вось што мне расказаў на пероне сталічнага вакзала пра тыя дні Іван Мартыновіч, пакуль Васіля Кулькова адцягнулі некуды ўбок сустракаючыя.
— Іван Міхайлавіч, а дзе ваш трэці таварыш — Уладзімір Чэпель?
— Чэпель паехаў на поўнач Беларусі. У яго становішча горшае, чым у нас, — ён скасаваў шлюб. У яго ўвогуле ўсё было горш. Калі нас проста ўкралі і завезлі ў Нігерыю, дык ён з самага пачатку трапіў у турму, дзе мы потым знаходзіліся...
— Што вам там давялося перажыць?
— У тых месцах, дзе мы былі, не любяць белых. Мала таго, што нас білі за тое, што мы белыя, дык нас білі яшчэ і за тое, што мы рускія. Мы гаварылі, што рускія, бо пра Беларусь яны ўсё роўна нічога не ведаюць.
— Я размаўляў з вашым камандзірам, Сапожнікавым, ён ужо дома, перадаваў вам прывітанне. Дык ён сказаў, што вас не білі, не катавалі...
— Нас не білі пастаянна, нас білі перыядычна. Білі не за тое, што мы нешта зрабілі, а таму, што так прынята ў гэтай краіне — біць чалавека, разумееце? На мне яшчэ засталіся сляды ад наручнікаў (паказвае рукі з цёмнымі палоскамі). Гэта калі нас абяцалі вярнуць дамоў з Нігерыі апошні раз, а замест гэтага адправілі ў турму Фрытаўна — сталіцы Сьера-Леонэ. Гэта ўжо белыя пастараліся, юараўцы, што працуюць там...
— Ці праўда, што вы былі паранены ў руку?
— Так, асколак трапіў мне ў руку (паказвае зноў цёмную адмеціну на правай руцэ). Мы працавалі на перавозцы грузаў, параненых — так прыйшлося...
— Вы прымалі ўдзел у баявых дзеяннях? Вас прымушалі да гэтага?
— Разумееце, я не магу сказаць, што наша праца была цалкам грамадзянскай. Мы перажылі чатырох прэзідэнтаў. Цяжка пра гэта гаварыць...
— Колькі вы ўвогуле прабылі ў Афрыцы?
— Тры гады і адзін месяц. Я вельмі шмат бачыў... Нас проста ўкралі з суверэннай краіны (гаворка ідзе пра Ліберыю, дзе прызямліўся верталёт з беларускім экіпажам) і мы пяць з паловай месяцаў жылі ў Нігерыі. У мяне Нігерыя забрала здароўя больш, чым хто-небудзь іншы. Там я кожны дзень чакаў смерці. Калі мы туды прыбылі, нас адразу папярэдзілі, што спосабаў пакінуць жыццё існуе мноства. Цябе могуць расчляніць, скінуць з верталёта і гэтак далей.
— Што там для вас было самым цяжкім?
— ...Я марыў там, што калі вярнуся і прыеду дамоў, пацалую сваю зямлю. Самае складанае пытанне, якое стаяла там перада мной, — пытанне выжывання. Нас трымалі ў няведанні ў адной з самых вялікіх краін Афрыкі. Няведанне давяло мяне да такога стану, што на нервовай глебе ў мяне адмовілі ногі, левае вока стала дрэнна бачыць і г. д. З намі жылі смертнікі — людзі, якіх потым забівалі. Таму на працягу пяці з паловай месяцаў асабіста я, не ведаю, як мае таварышы, можа, ім было лягчэй, а я быў у горшым стане, дык я кожны дзень чакаў самага горшага. Таму я вельмі рады, што вярнуўся на радзіму. Гавораць, што Бога няма, але там я паверыў, што Бог ёсць...
Сяргей РАСОЛЬКА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.