Непагадзь у панядзелак увечары найбольш «зачапіла» сталіцу.
Вячэрні шквал, які на некаторы час ахапіў сталіцу ў панядзелак, паваліў у многіх раёнах Мінска дрэвы і нават прыпынак грамадскага транспарту, размешчаны на вуліцы Янкі Брыля. Тры чалавекі былі шпіталізаваны, аднаму з іх патрабуецца аперацыя. Абставіны здарэння зараз вывучае адміністрацыя Маскоўскага раёна мегаполіса.
— Цяпер прыпынак знаходзіцца на рэканструкцыі, — паведаміў галоўны інжынер УП «Рамаўтадар Маскоўскага раёна Мінска» Сяргей Бяльковіч. — Неўзабаве павільён зноў вернецца туды, дзе і быў да непагадзі. Мушу зазначыць, што вецер быў настолькі моцны, што вывернуў канструкцыю разам з яе бетоннай асновай. Аднак спецыялісты ўжо правяраюць, наколькі трывалыя астатнія прыпынкі. Пры неабходнасці прымем меры па далейшым іх умацаванні.
Павалены падчас шквалу прыпынак у сталіцы — не ўнікальны выпадак. У маі 2009 года Мінск таксама апынуўся пад ударам моцнага ветру. Тады на пенсіянерку «прызямліўся» павільён у раёне вуліцы Ваўпшасава. Жанчына трапіла з пашкоджаннямі ў бальніцу.
Усяго, па інфармацыі Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, у сувязі з непагаддзю ў сталіцы былі зафіксаваныя 25 выпадкаў падзення дрэў. Імі былі пашкоджаны 17 аўтамабіляў і дахі двух жылых дамоў. Дрэвы таксама падалі на праезную частку ў некалькіх месцах, пешаходную дарожку, агароджы двух дзіцячых садкоў. Па вуліцы Куйбышава дрэва ўпала на балкон кватэры на пятым паверсе. Супрацоўнікі МНС і іншыя службы праводзілі работы па распілоўцы ствалоў, якія ўпалі. Усяго для ліквідацыі наступстваў кароткатэрміновага ўзмацнення ветру былі задзейнічаны 20 адзінак тэхнікі МНС і 91 работнік. На падтопленых участках праезных частак рух грамадскага транспарту не абмяжоўваўся.
Сяргей РАСОЛЬКА
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота БЕЛТА
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.