Вы тут

Які патэнцыял у Хоцімскага раёна?


Хоцімскі раён лічыцца сельскагаспадарчым. Сёлета на абласных «Дажынках» ён быў адным з лідараў абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых, уступіўшы толькі такім моцным «сапернікам», як Шклоўскі і Магілёўскі раёны. Наколькі дынамічна развіваецца раён па астатніх кірунках, які ў яго патэнцыял — пра гэта і іншае ў размове са старшынёй Хоцімскага райвыканкама Дзмітрыем Рубанам. Сёлета ён узначаліў раённую вертыкаль, а да гэтага плённа працаваў на пасадзе намесніка старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама.


— Дзмітрый Міхайлавіч, на пасадзе кіраўніка раёна вы толькі некалькі месяцаў, але, напэўна, ужо вызначыліся, у якім кірунку раёну трэба развівацца?

— Трэба займацца развіццём малога і сярэдняга бізнесу, прыцягваць інвестыцыі, утрымліваць і паляпшаць пазіцыі ў сельскай гаспадарцы. Сёлета раён прадэманстраваў дастаткова нядрэнны вынік. Дыплом за трэцяе месца ў абласных спаборніцтвах — вельмі вялікі гонар і адказнасць. Пакуль мне складана характарызаваць тыя паказчыкі, якія склаліся да мяне. Але я магу казаць пра тое, як Хоцімшчына плануе развівацца ў будучым. Раён знаходзіцца не на апошнім месцы па вытворчасці малака, і першая яго задача — захаваць і палепшыць сённяшнія пазіцыі. Патэнцыял ёсць, спецыялісты таксама. Тут усё залежыць толькі ад нас саміх. Палепшым пазіцыі, стане прасцей рухацца наперад. Будуць і працоўныя месцы, і заробак. Ад работы сельгаспрадпрыемстваў залежыць эканоміка раёна, а значыць, яго далейшае развіццё і падтрыманне сацыяльнай сферы — аховы здароўя, адукацыі, культуры. Ёсць свае плюсы і ў тым, што раён мяжуе з Расіяй. І над гэтым мы таксама будзем працаваць.

— Акрамя работы і годнага заробку, людзей заўсёды хвалююць праблемы камунальнага характару — будаўніцтва і ўтрыманне жылля, якасныя паслугі. Як вырашаюцца ў Хоцімскім раёне гэтыя пытанні?

— У раёне ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў жыллі, але сёлета тут нічога не будавалася. Плануем у наступным годзе пачаць будаўніцтва шматкватэрнага дома. Хто будзе гэтым займацца, вызначыцца падчас правядзення тэндара. Трэба, каб было якасна і нядорага. Хачу пры гэтым адзначыць, што хоцімская ПМК-276 пад кіраўніцтвам Міхаіла Кошкіна годна вырашае тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца сёння ўсё будаўнікі. Кіраўнік арганізоўвае работу так, што сярэдняя заработная плата не ніжэй, чым у іншых арганізацыях. І нягледзячы на тое, што ў Хоцімскім раёне сёлета будаўніцтва не было, ПМК знайшла работу ў Краснапольскім раёне — выйграла тэндар па будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома. Гэта гаворыць пра тое, што ў Хоцімску ёсць прадпрыемства, якое можа паспяхова весці будаўніцтва.

Настрой людзей сапраўды наўпрост залежыць ад якасці выканання камунальных паслуг. За перыяд, што тут працую, асаблівых заўваг да хоцімскага Жылкамгаса ў мяне не было. Да ацяпляльнага сезона аб'екты былі своечасова падрыхтаваныя. Задачы па падрыхтоўцы кацельных, жылля выкананы. Неабходны аб'ём работ па замене цепласетак — таксама. Цеплатрасы ў Хоцімскім раёне заменены на пі-трубу, якая зніжае страты ў цеплавых сетках. Але ёсць страты па водазабеспячэнні і прэтэнзіі да якасці вады, і з гэтымі недахопамі трэба працаваць.

У цэлым Хоцімск вельмі сімпатычны, утульны гарадок. Трэба падтрымліваць чысціню і парадак, якія ёсць, і, улічваючы пажаданні насельніцтва і тое фінансаванне, якое маецца, займацца добраўпарадкаваннем дваравых тэрыторый. Гэта той мінімум, які неабходна стварыць для камфорту людзей.

— Буйныя гандлёвыя сеткавікі абмінаюць Хоцімск. Вы, як новы кіраўнік, збіраецеся тут нешта змяніць?

— Сапраўды, у Хоцімску няма буйных гандлёвых прадпрыемстваў, горад і раён цалкам абслугоўвае райспажыўкааперацыя. Улічваючы тое, што ў іх няма канкурэнтаў, я даў даручэнне нашым ідэолагам правесці апытанне насельніцтва наконт таго, якім яны бачаць у будучым работу райспажыўкааперацыі. Праблемы, прапановы жыхароў — усё будзе ўлічвацца. Арганізуем работу так, як пажадае насельніцтва.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Быць гаспадаром ва ўсім

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.