Вы тут

Як чатыры кіламетры ператвараюцца ў 60


Пра гэта добра ведаюць жыхары чатырох вёсак у Карэліцкім раёне.

Яшчэ літаральна пару тыдняў таму ім прыходзілася чакаць аўталаўку, хуткую дапамогу і нават пажарнікаў ледзьве не па паўтары гадзіны. Стары драўляны мост цераз Нёман, які злучаў пасяленні з «вялікай» зямлёй, не прымаў машыны, што важылі звыш дзвюх тон. Цяпер у распараджэнні людзей 100 метраў асфальтабетоннага пуцеправода з 8-метровай праезнай часткай і метровымі тратуарамі паабапал.


Драўляны мост, тэрмін службы якога пяць гадоў, быў збудаваны тут амаль 20 гадоў таму, а апошні капітальны рамонт рабіўся ў 2008-м. Абмежаванні па вазе праз аварыйнасць і недасканаласць канструкцыі прыводзілі да таго, што 4-кіламетровая адлегласць ад Ярэміцкага сельсавета да Сіняўскай Слабады, Рудзьмы, Антанёва і Чорнай ператваралася для цяжкавозаў у 60-кіламетровы аб'язны шлях праз суседні раён.

Дарэчы, цяжкавата было праязджаць цераз мост і на легкавых аўто. Карэспандэнт «Звязды» ўпэўнілася ў гэтым «на ўласныя колы». Размінуцца на мосце нельга, рухацца па ім трэба асцярожна, бо вузка, дзе-нідзе і дзіркі сустракаліся. І гэта летам. Пра зіму падумаць страшна.

А яшчэ некалькімі дзесяцігоддзямі раней Нёман увогуле гаспадарыў над жыццём сялян. Старажылы ўспамінаюць, што драўляных мастоў было некалькі, але ж крыгі ў паводку зносілі іх з сабою. Прадукты вазілі на лодцы, а пасля вайны нават функцыянаваў паром, на які стаялі кіламетровыя чэргі з вазоў з сенам. А за дастаўку брыкет абыходзіўся зарэчанцам удвая даражэй.

Свежазбудаваны мост можа вытрымаць нагрузку ў 100 тон. Тутэйшыя задаволены перш за ўсё тым, што будуць у час атрымліваць усю неабходную дапамогу. Пажарныя, напрыклад, абяцаюць з'явіцца праз 10 хвілін пасля выкліку. А яшчэ стане зручней хадзіць у грыбы ды нарыхтоўваць дровы на зіму.

Мясцовае кіраўніцтва таксама мае вялікія планы на выкарыстанне магутнай пераправы. Дырэктар ДП «Царука» Аляксандр ЛЕЙКА мяркуе пачаць меліярацыю, арашэнне і рэкультывацыю занёманскіх зямель, засеяць іх травой. Больш за дзевяць гадоў 2000 гектараў сенакосаў і раллі былі эканамічна нязручнымі для выкарыстання. Цяпер яны запрацуюць на дабрабыт гаспадаркі.

А старшыня Ярэміцкага сельсавета Пётр НАУМОВІЧ у хуткай будучыні прадбачыць павышэнне цікавасці да мясцовых краявідаў і зямлі з боку прыватных уласнікаў. Каля трох гектараў з «таго берагу», што яшчэ нядаўна быў амаль недасягальны, пойдуць з аўкцыёну. Летам насельніцтва тут і павялічваецца дзякуючы дачнікам. Цяпер ахвотных мець хатку на вёсцы за некалькі метраў ад ракі і непадалёк ад Налібоцкай пушчы відавочна пабольшае. Ды і ўмовы працы палепшацца. Сёлета, напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі ўжо арандавалі каля 60 гектараў зямлі пад авечкагадоўлю.

Жыццё новага моста разлічана не менш як на 100 гадоў, кажуць будаўнікі. За гэты час жыццё тут, пэўна, завіруе. Бяспечны шлях гэтаму спрыяе.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Карэліцкі раён

Фота Караліны КУЧУК

Загаловак у газеце: Вёскі аб'ядналіся з «вялікай зямлёй»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.