Вы тут

Усё, што вы хацелі ведаць аб сацыяльных паслугах


Каму аказваюцца паслугі сядзелкі і на якіх умовах? Калі будуць павышаны зарплаты сацыяльным работнікам? У колькі абыходзіцца дзяржаве знаходжанне аднаго чалавека ў інтэрнатах рознага тыпу ў месяц? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнага абслугоўвання на сайце свайго ведамства падчас анлайн-канферэнцыі на тэму «Сістэма сацыяльнага абслугоўвання ў Рэспубліцы Беларусь».

У анлайн-канферэнцыі прымалі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы і сацабароны Марыя Гарбацэвіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы і сацабароны Таццяна Фёдарава. Мы выбралі пытанні, адказы на якія будуць цікавыя большасці нашых чытачоў.


Замяшчальная сям'я або сядзелка

— Прыняты дакумент, у якім гаворыцца, што староннія людзі могуць браць у сям'ю пажылога чалавека і даглядаць яго. Удакладніце, калі ласка, каго можна прыняць у сям'ю?

Аляксандр Румак:

Сапраўды, новай рэдакцыяй Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні» прадугледжана новая форма сацабслугоўвання — аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям'і. Гэта значыць, што фізічная асоба можа аказваць сацыяльныя паслугі паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі. Пры гэтым чалавек, які аказвае такія паслугі, не павінен быць сваяком непрацаздольнага чалавека.

Права скарыстацца такой паслугай як замяшчальная сям'я дадзена адзінокім людзям, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, — непрацуючым інвалідам І або ІІ групы і адзінокім непрацуючым грамадзянам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту.

Сацыяльнае абслугоўванне будзе ажыццяўляцца на падставе дагавора аказання сацыяльных паслуг пры наяўнасці ў непрацаздольнага грамадзяніна адпаведных медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў.

На практыцы ў нас налічваецца ўжо больш за 250 такіх сем'яў. Як правіла, яны арганізаваны ў сельскай мясцовасці. Іх дзейнасць рэгулюецца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

— Каму аказваюцца паслугі сядзелкі і на якіх умовах?

Таццяна Фёдарава:

Паслугі сядзелкі аказваюцца грамадзянам, якія маюць рэзка выяўленае абмежаванне здольнасці да самаабслугоўвання і перамяшчэння, з мэтай падтрымання іх жыццядзейнасці.

Гэтая паслуга прадугледжана пералікам бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржустаноў сацабслугоўвання і аказваецца тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (далей — ТЦСАН) у форме сацыяльнага абслугоўвання дома.

Паслугі сядзелкі аказваюцца на ўмовах частковай і поўнай аплаты. На ўмовах частковай аплаты яны аказваюцца малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам.

Памер частковай аплаты для непрацаздольнага грамадзяніна складае 60% тарыфу на гэтую паслугу, для непрацаздольнай сям'і — 50% тарыфу для кожнага члена сям'і. Астатнім непрацаздольным грамадзянам паслугі сядзелкі аказваюцца на ўмовах поўнай аплаты.

— Ці можна арганізаваць працу сядзелкі па доглядзе за адзінокім ляжачым грамадзянінам, які не мае сваякоў, што абавязаныя па законе ажыццяўляць догляд за ім, у выхадныя і святочныя дні?

Марыя Гарбацэвіч:

Згодна з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку ТЦСАН для работнікаў, у тым ліку і для сядзелак, устаноўлены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі днямі — суботай і нядзеляй.

Паслугі сядзелкі прадугледжаны пералікам бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг і аказваюцца ў дзённы час па працоўных днях ад 10 да 40 гадзін на тыдзень па сацыяльна нізкіх тарыфах (значна ніжэй за іх сабекошт).

Аказанне паслуг сядзелкі звыш устаноўленай 40-гадзіннай нормы можа ажыццяўляцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па тарыфах, што ўстанаўліваюцца на ўзроўні іх сабекошту.

Сродкі сацрэабілітацыі напракат

— Маёй бабулі 78 гадоў, жыве адна ў вёсцы. Куды ёй трэба звяртацца, каб атрымліваць сацыяльныя паслугі дома, якія дакументы для гэтага неабходныя?

Таццяна Фёдарава:

Па пытаннях аказання сацпаслуг неабходна звяртацца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія функцыянуюць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах краіны. У іх структуры створаны спецыялізаваныя аддзяленні, уключаючы і аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома, якія аказваюць паслугі па куплі і дастаўцы на дом прадуктаў, дастаўцы лекаў, уборцы жылых памяшканняў і інш.

Аказанне сацпаслуг дома ажыццяўляецца на падставе пісьмовай заявы і дагавора аказання сацыяльных паслуг, заключанага паміж грамадзянінам (яго законным прадстаўніком) і тэрытарыяльным цэнтрам, пры наяўнасці ў грамадзяніна медыцынскіх паказанняў і (або) адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў для аказання сацпаслуг, пацверджаных медыцынскай даведкай аб стане здароўя.

Таму вашай бабулі трэба звярнуцца з заявай у тэрытарыяльны цэнтр па месцы жыхарства і прадставіць пашпарт, дакумент аб праве на льготу, калі ён ёсць, і медыцынскую даведку аб стане здароўя. Астатнія дакументы, неабходныя для афармлення яе на сацыяльнае абслугоўванне, запытаюць непасрэдна работнікі ТЦСАН.

— У ТЦСАН непрацаздольным грамадзянам могуць выдзяляцца напракат тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі. На якіх умовах аказваецца гэтая паслуга?

Таццяна Фёдарава:

Выдзяленне тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі непрацаздольным грамадзянам, а таксама грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ажыццяўляецца без аплаты.

Для аказання гэтай паслугі ў тэрытарыяльных цэнтрах створаны пункты пракату — спецыяльна абсталяваныя асобныя памяшканні, прызначаныя для захоўвання і выдачы грамадзянам (сем'ям) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

Аб пасяленні ў дамы-інтэрнаты

— Я ляжачы інвалід І групы, перанёс інсульт. Жонцы трэба легчы ў бальніцу на два тыдні. Ці можна мяне на гэты час аформіць у дом-інтэрнат?

Аляксандр Румак:

Вас можна пасяліць у дом-інтэрнат на кароткатэрміновае пражыванне да аднаго месяца на платных умовах. Заканадаўствам прадугледжаны спрошчаныя ўмовы пасялення. З дакументаў неабходныя толькі заява, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы, выпіска з медыцынскіх дакументаў і заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі ўстановы аховы здароўя, а таксама пашпарт (від на жыхарства). Звяртацца па такую паслугу неабходна ў органы па працы, занятасці і сацабароне па месцы жыхарства.

— Ці дакладна я разумею, што цяпер трапіць у дамы-інтэрнаты на бясплатнай аснове могуць толькі адзінокія пенсіянеры? А не адзінокія — толькі платна?

Марыя Гарбацэвіч:

Цяпер у дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу на платнай аснове могуць пасяляцца грамадзяне:

  • якія не дасягнулі 65-гадовага ўзросту і інваліды I і II групы, якія маюць асоб, абавязаных па законе іх утрымліваць (дзеці, бацькі, сужэнцы);
  • якія атрымліваюць пенсію з іншых дзяржаў;
  • у аддзяленні павышанай камфортнасці і кароткатэрміновага пражывання;
  • якія заключылі дагавор рэнты з фізічнымі асобамі;
  • калі жылыя памяшканні, што належаць ім на праве ўласнасці, былі адчужаныя на працягу пяці гадоў да падачы заявы для пасялення ў дом-інтэрнат, альбо пры адчужэнні іх ці здачы іх па дагаворах найму ў перыяд пражывання ў доме-інтэрнаце.

У псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў на платнай аснове могуць пасяляцца грамадзяне:

  • якія атрымліваюць пенсію з іншых дзяржаў;
  • для часовага (да 1 года) пражывання;
  • для кароткатэрміновага (да 1 месяца) пражывання.

— Калі будуць (і ці будуць) павышаны зарплаты сацработнікам? І яшчэ пытанне: у колькі абыходзіцца дзяржаве знаходжанне аднаго чалавека ў інтэрнатах рознага тыпу ў месяц?

Аляксандр Румак:

1. Заработная плата для нізкааплатных катэгорый грамадзян павышаецца з 1 снежня 2017 года ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2017 г. №863 «Аб павышэнні тарыфных акладаў (ставак) асобным катэгорыям работнікаў». Так, павелічэнне заработнай платы для работнікаў, якія тарыфікуюцца 1—8 разрадамі, а гэта ў тым ліку і работнікі сферы сацыяльных паслуг (сацработнікі, сядзелкі, няні) складзе ад 9 да 15%.

2. У Беларусі функцыянуюць 80 стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку 23 дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу, 47 — псіханеўралагічнага профілю і 10 — для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У дамах-інтэрнатах пражываюць 18,7 тыс. чалавек.

Кошт утрымання аднаго чалавека ў месяц у сярэднім па краіне складае: у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу 647 рублёў, у псіханеўралагічных — 591 рубель, у дзіцячых — 968 рублёў.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пра сацыяльныя паслугі — з першых вуснаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.