Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзед Мароз не злодзей

Гэта адбылося гадоў шэсць таму. Дырэктар кінатэатра запрасіла мяне выступіць на калядных ранішніках у ролі Дзеда Мароза. Такім чынам пачалося ў мяне «акцёрскае жыццё»: завучванне тэксту, рэпетыцыі, бясконцыя хваляванні.

І вось — прыйшоў час выступлення. У зале кінатэатра, разлічанай на 150 гледачоў, свабодных месцаў няма — ніводнага! Першы раз у жыцці я выходзіў на сцэну, і адразу — аншлаг. Зразумела, ногі ад хвалявання былі нібы ватныя.

Дзякуй богу, тэкст я амаль не забыў — адыграў, можна сказаць, без запінкі. Да таго ж мне ўдала падыгрывалі то Снягурка, то Баба Яга з Лесавіком...

Разам мы правялі ўсе конкурсы, свята паспяхова набліжалася да свайго завяршэння. Заставаўся апошні акорд — раздаць падарункі. Каб зручней было даставаць іх з вялізнага меха, я сеў на крэсла пад ёлкай і (ну нясцерпна ж горача!)... зняў быў цяжкую шапку.

— А што — Дзед Мароз несапраўдны?! — захныкалі малыя; нехта побач яшчэ і заплакаў...(Ну яшчэ б — у двух-трохгадовага дзіцяці ўкралі мару).

Карацей, я ўмомант прывёў сябе ў парадак, надзеў шапку.

...У той жа дзень у кінатэатры прайшоў яшчэ адзін ранішнік, ужо для іншай групы дзяцей. На ім я таксама выступаў. І ўжо без памылак.

Сяргей Саковіч, г. Калінкавічы


Не чакай булёнчыку

...Не ведаю, як дзе, а ў нас адвараную бульбу некалі звалі «паронкі», а бульбяны суп — «паронкі юшкамі».

Дзед Васіль быў заможны гаспадар, як-ніяк каваль, а яны заўжды грошы мелі. Так што паронкі юшкамі яго жонка, можна сказаць, ніколі не варыла. Яшчэ, крый божа, зойдзе хто ў хату ды ўбачыць... Гэта ж ганьба якая! Каваль быў з гонарам, з форсам.

І вось нейкае вялікае свята. Дзед Нікадзім падбіў дзеда Васіля праведаць блізкіх родзічаў у далёкай вёсцы.

Іх там — даўно не былі — з радасцю сустрэлі: смачна паілі, смачна кармілі, забаўлялі, урэшце — запрасілі застацца нанач. Яны, вядома ж, згадзіліся, бо ў гасцях ім дужа падабалася...

І назаўтра добра было, прычым так, — што яшчэ на ноч засталіся.

Раніцай толькі прачнуліся, гаспадыня тут як тут, кажа:

— Калі ласка, госцікі, да стала, на гарачы булёнчык.

— Бач ты, і сёння новая страва, — падміргнуў Васіль Нікадзіму.

Яны хуценька памыліся, прыйшлі ў залу і трохі разгубіліся: гэтым разам ніякіх чарак-бутэлек, ніякіх прысмакаў, толькі... паронкі юшкамі.

Але ж што ты будзеш рабіць: паселі, пасёрбалі, потым запрэглі каня і паехалі дамоў.

...Пра гэтую «прыгоду» дзед Васіль не расказваў нікому — няёмка было. Але ж потым, калі пасталелі яго сыны ды ўнукі, пакінуў наказ: «Дзеткі, калі едзеце ў госці, дык памятайце, што ў першы дзень госць — золата, у другі — срэбра, а ў трэці — медзь: хоць да чортавай мацеры, але ж з'едзь!»

Іншымі словамі — не чакай булёнчыку.

Уладзімір Пугач, м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


«Гаспадарку весці — не спадніцай трэсці»

Не ведаю як каму, а мне дык часта ўспамінаецца маленства, родная хата, маладыя бацькі і яшчэ жывыя бабуля з дзядулем. Мы, малыя, гадаваліся пад іх мудрым прыглядам: гулялі са свістулькамі і цацкамі, якія рабіў нам дзед, ад'ядаліся бабулінымі блінцамі. А доўгімі зімовымі вечарамі, разам з суседскімі дзецьмі, лезлі грэцца на печ, ды слухалі адтуль дарослыя гісторыі — часам не зусім зразумелыя, але ж запамінальныя...

Дык вось у адну вялікую працавітую сям'ю сын прывёў сваю жонку, бацькам — нявестку.

Раніцай заўтрашняга дня яны ўсе разам паснедалі ды разышліся па справах. Дома засталіся толькі свёкар (набіўшы люльку самасадам, ён няспешна курыў) ды маладая гаспадынька. Яна ўвішна прыбрала са стала, дастала з печы чыгунок з гарачай вадой і ўзялася мыць посуд — міску за міскай.

— У дзеўкі твар чысты, а зад брудны, — заўважыў з кута гаспадар.

Маладзіца тут жа выбегла ў бакоўку, хуценька змяніла спадніцу, крутнулася перад люстэркам і зноў — за міскі, пакуль вада не астыла. Абмыла, перавярнула на стол адну, другую, трэцюю — свёкар зноў за сваё:

— У дзеўкі твар чысты, а зад...

Сорам нявестцы: яшчэ раз матнулася да скрыні з пасагам, выбрала найлепшую сукенку, пад яе — бялюткую ніжнюю спадніцу і смела вярнулася да печы. Аднак скончыць работу так і не паспела: яе зноўку спыніў голас гаспадара.

І тут маладзіца ўжо не вытрымала: павярнулася да свёкра спінай і, задраўшы падол, сказала:

— Нічога падобнага: зад таксама чысты!

Свёкар у адказ ёй нічога не сказаў: выбіўшы люльку аб прыпечак, ён узяў са стоса верхнюю міску ды паказаў нявестцы донца яе — трэба прызнаць — бруднаватае, з разводам тлушчу.

Факт, што сорам быў, — хоць скрозь зямлю праваліся...

Але ж, што важна, у гаспадара хапіла розуму больш не папракаць яе і пра гэты інцыдэнт нікому не казаць...

Расказала, прычым праз гады, сама нявестка, завяршыўшы гэты ўспамін крылатым: «Гаспадарку весці — не спадніцай трэсці».

Таццяна Раманава, г. Наваполацк


І сам не гам... або «З лёгкім духам!»

...У вёсцы Валянціна шчыра паважалі. Ды і ці магло быць інакш, калі чалавек ён неблагі: просіць хто выручыць, дапамагчы, — ён ніколі не адмовіць (яшчэ і таму, што адны бабулькі вакол: каму адмаўляць?). «Пакуль магу, падмагу», — любіў паўтараць Валянцін, калі ішоў, калі ехаў (бо каня меў) людзям на дапамогу...

За гэта і жонку яго, Фаіну, усе шанавалі: дружна, без запросінаў, збіраліся на талаку, каб, напрыклад, высушыць сена ці выбраць бульбу...

Так жыццё і цякло. І ўсё было б добра, калі б Валянціну за яго паслугі дзякавалі неяк па-іншаму, а не вадкай валютай. А то...

Спачатку яе налівалі ў хатах і пад добрую закусь. Потым тую ж пляшку гарэлкі ўсё часцей сталі даваць з сабой. Па дарозе вып'е чалавек — апетыт проста звярыны прачнецца! Дадому прыйдзе, — і не каб капусты нейкай з'есці: кумпяк яму падавай, паляндвіцу, каўбасы...

Не падумайце, што дома гэтага не было: жыўнасці шмат трымалі. Але ж смачнейшае тое, што гаспадыня хавала да свят, да прыездаў дзяцей ды ўнукаў.

А мужык знаходзіў. Усюды. Хіба што...

Неяк вясной Фаіна даўмелася: злажыла прысмакі ў торбу і павесіла яе ў грубцы (у нас яе шчытком завуць. — Аўт.), над дзверцамі. «Вось тут, — радавалася, — нізавошта не знойдзе!»

І сапраўды — праверыць калі-нікалі, як мужа дома няма, — усё ў парадку: цэлае дабро.

...У той выхадны яны прычакалі дзяцей з унукамі. Валянцін з гэтай нагоды выцепліў лазню. «Дзеўкі» — гаспадыня з дачкой і нявесткай — пайшлі туды мыцца.

І гаспадару без справы не сядзелася — рукі працы прасілі. Выйшаў на двор — там пашукаў-патуляўся. Заўважыў, што пахаладала крыху. Вырашыў хату працепліць.

А Фаіна тым часам вохкала ад асалоды ў лазні: плюхнула вады на каменні і, прыгнуўшыся ад «хвалі» гарачага духу, выпадкова зірнула ў акенца, на хату. Над комінам віўся дымок!

Ох, і рванула ж яна з той лазні — голая, босая...

Што ўбачыла дома, здагадацца няцяжка: дровы ў шчытку ўжо дагаралі.

Юрый Катовіч, м. Андроны, Пастаўскі раён


Р.S. Напрыканцы года трэба яшчэ раз нагадаць, што «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў «Звязды» сёлета не проста друкаваліся, — прымалі ўдзел у конкурсе на самую-самую...

Хто іх будзе выбіраць-вызначаць?

Найперш, паводле добрай звяздоўскай традыцыі — чытачы газеты. «Кожны пятнічны нумар, — піша, у прыватнасці, спадарыня Таццяна Савенка са Жлобіна, — я адразу адкрывала на старонцы з «...Народам на провадзе!», уважліва чытала ўсе гісторыі і выстаўляла аўтарам свае адзнакі па пяцібальнай сістэме. Такім чынам у маю дзясятку найлепшых трапілі (называю па парадку): «Зялёная школа» К. Будзіловіч («Звязда» 11.02), «Надзея памірае апошняй» Я. Звярынскага (11.02), «Сюрпрыз» Р. Васільевай (7.04.), «Кароткі курс гісторыі» С. Кусянковай (19.05), «Два сакрэты прараба» І. Гаральчука (26.05), «Шыла ў мяху не схаваеш» В. Гаўрыша (9.06), «Вада жывая і мёртвая» Л. Чыгрынавай (8.07), «Англійскі кампот» С. Кусянковай (20.10), «Маня вылечыць» той жа аўтаркі (24.11), «Чакай ля мора пагоды» В. Пяшэвіча (8.12). Можна было б дадаць яшчэ некалькі гісторый, падобных да апошняй, «набалелай» — шкада, што журы патрабуе толькі дзесяць», — піша спадарыня Таццяна.

У яе ж лісце шчырая ўдзячнасць аўтарам усіх гісторый, бо (даслоўна), «калі чытаеш іх, на нейкі час забываешся пра ўсе сацыяльныя праблемы і сусветныя катаклізмы»...

Вы таксама хацелі б забыцца? Дык Каляды і Навагоддзе — найлепшы час... Яшчэ і для таго, у прыватнасці, каб пагартаць падшыўку газеты альбо зайсці ў архіў на сайце «Звязды», перачытаць гісторыі, надрукаваныя ў рубрыцы «Алё, народ на провадзе!», скласці сваю дзясятку (з назвай гісторыі, аўтара, даты публікацыі) і даслаць у рэдакцыю. Можна — разам з купонам на розыгрыш прызоў, з «вясёлай і праўдзівай гісторыяй» са свайго ўласнага жыцця, з вострым пытаннем, віншаваннем, любімым рэцэптам, прыпеўкай... Альбо і так, без нічога.

Пішыце! І, вядома ж, не забудзьцеся падпісацца на газету!

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.