Вы тут

Настасся Масквіна: Ніякія тэхналогіі не заменяць жывы чалавечы голас


Народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна ззяе на сцэне беларускага Вялікага тэатра ўжо 15 гадоў: Таццяна ў оперы «Яўгеній Анегін» і Сента ў «Лятучым галандцы», Ліза ў «Пікавай даме» і Ліу ў «Турандот», Мімі ў «Багеме» і Мікаэла ў «Кармэн», Аіда, Іаланта ў аднайменных операх… Беларускую оперную дзіву любяць і ў іншых краінах. У прыватнасці, на сцэне Вялікага тэатра Расіі спявачка выканала партыі Разалінды ў аперэце «Лятучая мыш», Купавы — у оперы «Снягурка» і Любы — у сусветнай прэм’еры оперы «Вішнёвы сад», спявала ў канцэртнай зале імя П. І. Чайкоўскага ў Маскве, яе голас гучаў са сцэны Азербайджанскага тэатра оперы і балета…


— Вы пачыналі творчую кар’еру як драматычная артыстка?

— Я займалася ў школе з тэатральным ухілам, у якую перайшла ў выпускным дзясятым класе. Не магу сказаць, што валодала яркімі драматычнымі талентамі, проста прыйшла на ўступны экзамен з сяброўкай за кампанію, але яе, на жаль, не ўзялі, а мне пашанцавала. Таму што трэба было выканаць вакальны твор, у мяне быў досвед: я ўвесь час спявала — у школьным хоры, у піянерскіх лагерах. Музыкай займалася з пяці гадоў: два гады — на хатнім навучанні ў педагога, потым паступіла ў музычную школу па класе скрыпкі. У дзявятым класе мне падарылі гітару, я яе асвоіла і захоплена іграла і спявала бардаўскія песні, рамансы і песні з кінафільмаў. Драматычным тэатрам я захаплялася ў 10 «Т»-класе. Мне было вельмі цікава: новыя людзі, новая школа, у якой мы практычна жылі. Раніцай — агульнаадукацыйныя прадметы, а пасля ўрокаў з намі працавалі акцёры мінскіх драматычных тэатраў, мы вывучалі сцэнічнае маўленне, акцёрскае майстэрства і г. д. Тэатральнымі класамі кіраваў Сяргей Дзмітрыеў, акцёр ТЮГа, які на той момант сышоў з тэатра і заняўся педагогікай. Усе выпускнікі тэатральнай школы спрабавалі паступаць у Маскву, Ленінград. Я таксама, але мае спробы не былі паспяховыя. Праз год я здала ўступныя іспыты і паступіла ва ўніверсітэт культуры на аддзяленне рэжысуры тэатральнага калектыву.

У пачатку 1990-х сталі з’яўляцца прыватныя тэатры-студыі. Сяргей Дзмітрыеў арганізаваў пры СТД студыю «Арт», у пастаноўках якой удзельнічалі хлопцы з нашага класа. Адначасова я працавала і ў Рускім тэатры, дзе ў мяне была невялікая роля ў спектаклі «Мадам і месье».

Так ці інакш, ва ўсіх спектаклях я спявала. Калегі ў Рускім тэатры прадказвалі мне вялікую будучыню, звязаную з музыкай. Але я не вельмі сур’ёзна да гэтага ставілася. Спявала не оперным голасам, але тэмбр ад прыроды лічылі прыгожым. Нарэшце я зразумела, што трэба прафесійна займацца голасам і спрабавала паступаць у музычную вучэльню, аднак не прайшла па конкурсе. Але мне пашанцавала браць прыватныя ўрокі ў педагога з кансерваторыі, народнай артысткі Беларусі Лідзіі Іванаўны Галушкінай. Я займалася для сябе, таму што і ўявіць не магла, што калісьці буду спяваць у оперы.

Ва ўніверсітэце культуры мне прапанавалі паступаць у аспірантуру, займацца мастацтвазнаўчай працай. Паралельна спявала, грала на гітары і нават запісала лазерны дыск у Германіі з нямецкім саксафаністам Рычардам Вестэрам у межах дабрачыннай акцыі «Дзецям Чарнобыля». Тады ж я захапілася джазам, але адчувала, што не хапае вакальнай падрыхтоўкі. Працавала ў розных праектах, так ці інакш звязаных з музыкай, якія ў выніку прывялі мяне ў оперу.

— Калі ж вы паступілі ў кансерваторыю?

— Заняткі акадэмічным вакалам з Лідзіяй Іванаўнай Галушкінай настолькі захапілі, што я пачала марыць пра кансерваторыю, — і паступіла адразу ж пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэце культуры. Лідзія Іванаўна прывяла мяне ў клас заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Людмілы Якаўлеўны Колас. Вельмі ўдзячная за ўсё, чаму яна мяне навучыла. Прафесійныя вакалісты, у адрозненне, напрыклад, ад інструменталістаў, пачынаюць даволі позна — пасля 18 гадоў. Яны ўжо фактычна дарослыя людзі, у якіх склаліся характары, таму педагогам з некаторымі студэнтамі бывае складана. Вядома, прафесіяналізм педагога — на першым месцы, але поспех заняткаў залежыць не толькі ад настаўніка, але і ад вучня: ад яго вакальных, разумовых здольнасцяў, ад таго, наколькі ты будзеш давяраць педагогу. Гэта камандная праца. Дарэчы, такія якасці неабходныя вакалісту не толькі ў перыяд навучання ў кансерваторыі, але і ў тэатры: ты павінен умець падпарадкавацца рэжысёру, дырыжору. Ты па жыцці выступаеш у ролі вучня, а ўсе астатнія — у ролі настаўніка. Пры гэтым, калі ў цябе няма стрыжня і характару, не зможаш выканаць пастаўленую перад табой задачу.

— Якія партыі праходзяць праз усю вашу творчасць? Ці ёсць такія, што засталіся ў мінулым, і тыя, пра якія вы марыце?

— Па прыродзе мой голас — даволі моцнае, але не драматычнае сапрана. Вядома, так званае лірычнае сапрана-спінта можа выконваць партыі і з драматычнага рэпертуару, асабліва валодаючы добрай «палётнасцю» голасу. Але агульнавядома: чым раней лірычнае сапрана пачынае спяваць драматычны рэпертуар, тым раней спявачка заканчвае кар’еру, таму што голас хутчэй зношваецца. Аднак я не лічу, што трэба максімальна доўга трымацца за ролі юных гераінь, якім ты ў пэўным узросце візуальна ўжо не адпавядаеш, нават калі голас застаецца светлым і свежым. З узростам мы набываем вопыт, голас становіцца мацнейшым і з’яўляецца магчымасць пераходу ў іншы, больш моцны, рэпертуар, які ты ў пачатку кар’еры не можаш выконваць, нават валодаючы драматычным сапрана.

Драматычны рэпертуар практычна заўсёды адкрыты, таму што мала хто з ім спраўляецца: з ім трэба абыходзіцца вельмі акуратна. У апошнія гады я паволі ў яго ўвайшла, але выконваю партыі, якія не шкодзяць майму голасу. Напрыклад, Ліза ў «Пікавай даме» Чайкоўскага — абсалютна драматычная партыя. Яраслаўна ў оперы «Князь Ігар» Барадзіна адносіцца да вельмі складаных партый. Але, паспрабаваўшы, разумееш, што калі яе спяваць сваім голасам, не драматызаваць і не «рваць кулісы», то і з ёй можна справіцца.

Наогул, руская музыка добра кладзецца на мой голас — тэмбральна і па характары: гэта, напрыклад, партыя Купавы ў «Снягурцы», а таксама партыя Царэўны ў «Кашчэі Бессмяротным», якую я спявала з Расійскім Нацыянальным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Плятнёва ў Маскве. Да разраду моцных належыць і партыя Сенты ў «Лятучым галандцы». Яна выдатна мне падышла, нягледзячы на тое, што мова складаная для спеваў і партыя няпростая — на пераадоленне, патрабуе ўнутранай барацьбы.

Аднак і лірычны рэпертуар, пакуль мне дазваляе тэатр, я працягваю спяваць — ён захоўвае свежасць і маладосць голасу. Мне вельмі падабаецца партыя Графіні ў «Вяселлі Фігара» Моцарта. Яго музыка — выдатная і карысная трэніроўка для голасу. З задавальненнем спяваю Ліу ў «Турандот» Пучыні. Выконваю партыі, што я спявала першапачаткова, напрыклад Іаланту.

— Гэта партыя суправаджае вас на працягу ўсяго творчага жыцця?

— Так, сапраўды, Іаланту я спявала з Расійскім нацыянальным аркестрам на іх штогадовым Вялікім фестывалі ў Маскве. «Іаланту» ў канцэртным выкананні гэтай восенню прадставіў наш тэатр на прэстыжным фестывалі ў канцэртнай зале «Брукнерхаус» у Лінцы. У гэтым праекце ўзялі ўдзел наш хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч і аркестр пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава. Галоўныя партыі бліскуча выканалі мае калегі Эдуард Мартынюк, Ілья Сільчукоў, Андрэй Валенцій, Станіслаў Трыфанаў.

— Якія з нядаўніх выступаў у іншых краінах вам асабліва запомніліся?

— У Германіі адбыўся цікавы праект з Гётынгенскім аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Крыстафа-Маціяса Мюлера — канцэрт рускай музыкі ХХ стагоддзя, у якім я спявала тры канцэртныя арыі Арама Хачатурана, якія не вельмі вядомыя нават меламанам.

— З кім з канцэртмайстраў вы працуеце?

— З усімі нашымі выдатнымі тэатральнымі канцэртмайстрамі. Аднак асабліва мне блізкая Святлана Колас-Іванова. Канцэртмайстар у тэатры — і трэнер, і педагог. Кожнаму спеваку трэба «вуха», якому ён давярае. Таму што не заўсёды адэкватна сябе ацэньваеш. Часам думаеш, што праспявала геніяльна, а атрымліваецца зусім наадварот. Канцэртмайстар — вельмі важны чалавек у тэатры.

— Акрамя працы ў тэатры, вы займаецеся і выкладчыцкай дзейнасцю...

— Гэта мая другая праца, якой я ўвесь час займалася паралельна з асноўнай. У тэатр я трапіла толькі з чацвёртай спробы, спачатку на чвэрць стаўкі, потым тры гады працавала на палову стаўкі. Паколькі трэба было жыць і дзіця гадаваць, я выкладала вакал — спачатку ў педвучылішчы, потым у педагагічным універсітэце. Паступова ўцягнулася і ўжо не змагла адмовіцца ад выкладання. Я прапрацавала ў педагагічным універсітэце восем гадоў, атрымала званне дацэнта, а затым Людміла Якаўлеўна Колас запрасіла мяне на сваю кафедру ў кансерваторыю. У Акадэміі музыкі я працую ўжо сем гадоў.

— Ці шмат у вас вучняў?

— Звычайна 2—4 чалавекі. Не магу сабе дазволіць больш, таму што, калі сумяшчаеш выкладчыцкую і творчую дзейнасць, атрымліваеш вялікую нагрузку на голас. На занятках жа не проста распавядаеш, але і паказваеш, як трэба выконваць той ці іншы твор. Таму часцяком оперныя салісты не хочуць выкладаць, хоць іх і запрашаюць. Пасля выступу на сцэне або рэпетыцыі ты не маеш магчымасці шмат адпачываць, таму што трэба ісці да студэнтаў. Але я разумею выдатна, што выкладанне калісьці будзе маёй асноўнай працай. Як педагог я таксама вучуся: калі тлумачу вучням, што і як трэба рабіць, я спрабую сістэматызаваць свой досвед. А студэнтам, думаю, цікава паслухаць свайго педагога на сцэне.

— Што адчуваеце, калі вашы вучні ў зале?

— Насамрэч, мы не думаем пра тое, хто сядзіць у зале. Артысты сканцэнтраваны на прадмеце сваёй працы — на музыцы, на дзеянні, што адбываецца на сцэне. Да таго ж, як бы ты ні глядзеў у залу, нічога не ўбачыш з-за святла сафітаў. Але артысты ўсё роўна энергетычна адчуваюць рэакцыю гледача.

Менавіта глядач — наш галоўны крытык. Мы атрымліваем задавальненне ад працы на сцэне і імкнёмся прыносіць людзям задавальненне. Ніякія тэхналогіі, машыны, робаты не заменяць жывую чалавечую эмоцыю, голас. Жывы голас, яго тэмбр аказвае каласальнае ўздзеянне на слухачоў.

Лічу, што ў нас вялікая прафесія... Ты паглыбляешся ў геніяльную музыку розных эпох і краін, якую выконвалі пакаленні спевакоў да цябе і будуць выконваць пасля. Ты маеш гонар працаваць з гэтай музыкай, служыш ёй і ўвесь час знаходзішся ў гукавым раі. І гэта не надакучвае, таму што творы напісаны ідэальна. Увесь час лаўлю сябе на думцы, што я шчаслівая ў прафесіі і ў мяне няма прафесійнага выгарання.

— Вы часта з’яўляецеся на тэлеэкранах як медыйная персона...

— Калі запрашаюць выступіць у тэлеперадачах, на радыё, я згаджаюся. Мне цікава пераключыцца на іншы від дзейнасці, патрапіць у іншую сферу. Аднак не магу сказаць, што мне асабліва падабаецца бачыць сябе на экране, у гэтым плане я не настолькі люблю публічнасць. Але медыйнасць — частка нашай прафесіі. Магчыма, тэлегледачы, якія пакуль не з’яўляюцца прыхільнікамі оперы, убачыўшы мяне ў журы якога-небудзь тэлевізійнага шоу, вырашаць паслухаць што-небудзь з нашага рэпертуару і прыйдуць у тэатр оперы і балета.

— Мінулы і цяперашні тэатральныя сезоны — асаблівыя для тэатра і для вас…

— Сапраўды, у цяперашнім сезоне беларускі Вялікі адзначае 85-годдзе, а для мяне гэта 15-ты сезон працы ў тэатры. Наогул, і для тэатра, і для мяне 2017 год — вельмі значны: наш калектыў атрымаў Дзяржаўную прэмію за пастаноўку оперы «Сівая легенда». А я была ўганаравана высокім званнем народнай артысткі Беларусі. Я з гонарам прымаю яго, але разумею, што гэта ўзнагарода калектыўная. Дасягнуць гэтых вышынь мне дапамагала велізарная колькасць людзей, з якімі я працую ў тэатры, за гэта я вельмі ўдзячная калектыву і кіраўніцтву тэатра.

 Вольга САВІЦКАЯ

Каментары

Ну што тут і казаць? Малайца, Настасся!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.