Вы тут

Ці пагражае экалогіі Калодзішчаў новае прадпрыемства?


Актыўныя карыстальнікі байнэту, напэўна, у курсе той сітуацыі, якая склалася вакол будаўніцтва новага завода холдынга «Амкадор» у ваколіцах прысталічнага аграгарадка Калодзішчы. Ужо некалькі месяцаў жыхары і мясцовыя дачнікі выступаюць супраць будаўніцтва. Ініцыятыўныя грамадзяне тлумачаць сваю пазіцыю клопатам пра сябе і сваіх дзяцей, бо ўпэўнены: новая вытворчасць негатыўна паўплывае на стан экалогіі. І гэта пры тым, што шматлікія экспертызы кампетэнтных інстанцый, праведзеныя перад пачаткам будаўніцтва, у прынцыпе не дазволілі б будоўлю, калі б яна аказалася шкоднай. Пры гэтым былі праведзеныя грамадскія слуханні, некаторыя заўвагі мясцовых жыхароў улічылі. Чаму ж дагэтуль няма паразумення? Як зрабіць так, каб супрацьлеглыя бакі не толькі слухалі, але і пачулі адзін аднаго? «Звязда» паспрабавала разабрацца ў праблеме, выслухаўшы і жыхароў, і экспертаў.


Што плануюць будаваць

Крытыку мясцовага насельніцтва выклікаў праект «Будаўніцтва завода па выпуску спецмашын з рэканструкцыяй дзейнай вытворчасці ў прамвузле Калодзішчы Мінскага раёна». У прамвузле аграгарадка*, на месцы прадпрыемства холдынга «Амкадор», завода «Дармаш», плануецца арганізаваць вытворчасць пагрузчыкаў. Запланаваная магутнасць завода з поўным цыклам — 6000 пагрузчыкаў у год, ці 500 у месяц.

Паводле распрацаванай праектнай дакументацыі, новы завод плануюць размясціць на чатырох пляцоўках — дзве з іх ужо існуюць, дзве дадаткова выдзяляюцца з зямель дзяржлесфонда ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 667. У прамвузле плануецца як мадэрнізацыя наяўных карпусоў, так і будаўніцтва новых. Прадугледжваецца, што на новым заводзе будзе створана 1200 новых працоўных месцаў, а агульная колькасць работнікаў складзе 1350 чалавек.

Здавалася б, новае прадпрыемства — добрая навіна для мясцовага насельніцтва. Бо гэта не толькі працоўныя месцы, але і падаткі ў мясцовы бюджэт. Акрамя таго, амаль паралельна з будаўніцтвам завода плануецца добраўпарадкаваць і дарогу, станам якой ужо шмат часу былі незадаволеныя каладзішчанцы. Але вось парадокс — усе гэтыя выгады ад развіцця прамысловасці чамусьці не пераканалі жыхароў аграгарадка Калодзішчы, а таксама членаў мясцовых садовых таварыстваў у неабходнасці будаўніцтва. Што ж не задаволіла іх у гэтым праекце?

Сажалка — на месцы лесу?

Невялікі ўчастак лесу за чыгункай, каля Міхайлавага Кута — адно з любімых месцаў адпачынку мясцовых жыхароў. Яшчэ нядаўна каладзішчанцы хадзілі сюды ў грыбы ды дзеля чыстага паветра. А сёння гэты лес ператварыўся ў адно з галоўных месцаў «бітвы» супраць новага завода.

Менавіта тут знаходзіцца дадатковая пляцоўка, дзе плануецца будаўніцтва сажалкі-выпарніка для збору ліўневых сцёкаў. Апошняя забяспечыць прыём, выпарванне і фільтрацыю дажджавога сцёку з вытворчай пляцоўкі. Гэта значыць, што мясцовая прырода страціць 3 га зялёных угоддзяў. Усяго ж, паводле інфармацыі, пададзенай у праекце, плануецца высечка 8429 ліставых і хваёвых дрэў і 3 хмызнякоў, перасадка 47 дрэў і 18 хмызнякоў.

Каб абараніць гэты ўчастак ад высечкі, жыхары аграгарадка звярнуліся да навукоўцаў. І аказалася, што лес — не толькі выдатная перашкода для выкідаў чыгункі і прамвузла. Па інфармацыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча, тут знаходзіцца каля 50 экзэмпляраў прадстаўніка Чырвонай кнігі — сна раскрытага.

Сітуацыя з гэтым участкам лесу не засталася без увагі і дзяржаўных органаў. Як расказалі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, у сувязі з неаднаразовымі зваротамі грамадзян у розныя інстанцыі па пытанні будаўніцтва сажалак-выпарнікаў, у пачатку снежня адбылося пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў Мінпрыроды, Мінскіх абл- і райвыканкамаў, Калодзішчанскага сельвыканкама, ААТ «Амкадор — кіруючая кампанія холдынга», Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча, Інстытута «Белпрамбудпраект», УП «БелНДІгорадабудаўніцтва». Па выніках пасяджэння праектнаму інстытуту было даручана прапрацаваць варыянт тэхнічнага рашэння збору, ачысткі і скіду ліўневых водаў у існуючую сажалку аграгарадка з пракладкай калектара ад завода, што будуецца, да месца ўрэзкі ў існуючую сетку, а таксама разгледзець тэхнічную магчымасць ачысткі ліўневых водаў непасрэдна на тэрыторыі прадпрыемства з прымяненнем сучаснага абсталявання.

Калі будзе прынятае канчатковае рашэнне аб размяшчэнні збудаванняў для збору, ачысткі і скіду ліўневых водаў з тэрыторыі праектуемага прадпрыемства ў сажалку, што ўжо існуе ў Калодзішчах, сажалкі-выпарнікі на тэрыторыі ляснога масіву будавацца не будуць, падкрэслілі ў міністэрстве.

Праблемная дарога

Парадаксальная сітуацыя склалася і адносна будучага рамонту вуліцы Прамысловай — заканчэння вуліцы Мінскай. Мясцовыя жыхары даўно скардзіліся на перагружанасць гэтай двухпалоснай вуліцы. Яна праходзіць каля мясцовай школы, дзіцячага сада і паліклінікі, а таксама ахоплівае ўсю прамысловую зону. Таму тут заўсёды шмат аўтатранспарту, у тым ліку і грузавога.

Пашырэнне дарогі да трох палос, якое запланавана ў праекце «Капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі Пад'езд ад а/д Р-9301 Калодзішчы—Заслаўе ў с/т «Трактар» км 0,088 — км 1,816 (вул. Мінская) Мінскага раёна» (мерапрыемства было зацверджана Планам мерапрыемстваў па комплексным добраўпарадкаванні аг. Калодзішчы на 2017—2019 гады), дапаможа разгрузіць вуліцу і палепшыць транспартныя зносіны. Але каладзішчанцы занепакоены магчымымі пагаршэннем стану паветра і павышэннем гукавога забруджвання. Бо ў праекце, які пакуль знаходзіцца ў стане распрацоўкі, акрамя павелічэння колькасці палос, прадугледжана і высечка 170 дрэў. Па гэтай жа вуліцы будзе курсіраваць і транспарт новага завода холдынга «Амкадор», у тым ліку і для яго рабочых, што таксама павялічыць транспартную нагрузку.

— Адной з прапаноў, якую мясцовыя жыхары выказалі падчас грамадскіх абмеркаванняў, было будаўніцтва новай дарогі на прадпрыемства ў паўночнай частцы Калодзішчаў, з боку вёскі Жукаў Луг, але Мінскі райвыканкам яе адхіліў, — гаворыць член ініцыятыўнай групы жыхароў Калодзішчаў Ірына Лапіцкая. — Па іх словах, пераносіць пад'езд да аб'екта немэтазгодна.

У Мінскім райвыканкаме каладзішчанцам таксама расказалі, што пры праектаванні будзе праведзены разлік выкідаў шкодных рэчываў у атмасфернае паветра і разлік рассейвання шкодных рэчываў у прыземным слоі атмасферы з улікам фонавага забруджвання, а таксама ўзроўні гукавога ўздзеяння. Пры перавышэнні гранічных нарматыўных значэнняў канцэнтрацыі шкодных рэчываў у паветры і ўзроўню шуму ў жылой забудове ў праекце будуць прадугледжаны дадатковае азеляненне, устаноўка шумазасцерагальных экранаў і іншыя мерапрыемствы. Але месцічы лічаць за лепшае, каб заставалася так, як ёсць...

Ці чыстае будзе паветра?

Вытворчасць, якая прыйдзе на змену заводу «Дармаш», будзе значна больш магутная, але ці азначае гэта, што яна будзе больш шкодная? Дасканала разабрацца ў тым, якое ж уздзеянне новы завод акажа на навакольнае асяроддзе, у жыхароў аграгарадка, паводле іх слоў, пакуль не атрымалася.

Ірына Лапіцкая расказвае, што ў экспазіцыйных матэрыялах, якія былі прадстаўлены грамадскасці, адсутнічала поўная інфармацыя, а тыя звесткі, што былі прадстаўлены, адрозніваліся паміж сабой... Чаму так адбылося і ці магчыма гэта ўвогуле, мы пацікавіліся ў спецыялістаў.

— Падчас падрыхтоўкі дакументацыі на дзяржаўную экалагічную экспертызу памеры выкідаў могуць змяняцца з-за першапачатковых не зусім дакладных ці няпоўных звестак, — тлумачыць намеснік дырэктара па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі Мінпрыроды Андрэй Шахэміраў. — Так адбылося і ў гэтым выпадку, але даныя былі адкарэкціраваныя і дапрацаваныя да патрабаванняў заканадаўства.

Па інфармацыі Цэнтра, на пляцоўцы, дзе плануецца будаўніцтва завода, ёсць як дзейсныя крыніцы выкідаў, так і праектуемыя. Частка крыніц ліквідуецца, частка
(77 крыніц) забяспечваецца газаачышчальнымі ўстаноўкамі. Пасля рэалізацыі праектных рашэнняў будзе функцыянаваць 395 стацыянарных крыніц выкідаў шкодных рэчываў.

Сумарны выкід шкодных рэчываў ад будучага прадпрыемства складзе 128,991 т/год. Прыкладна такія ж аб'ёмы выкідаў даюць дзве буйныя вуліцы сельскага населенага пункта ў ацяпляльны сезон. Пры гэтым спіс шкодных рэчываў, якія трапляюць у паветра як у першым, так і другім выпадку, прыкладна аднолькавыя.

Працоўныя месцы і экалогія

Усяго некалькі хвілін у дарозе — і маршрутка спыняецца на прыпынку каля чыгуначнай станцыі Калодзішчы. Адсюль да пляцоўкі холдынга «Амкадор» — каля двух кіламетраў. Некаторых каладзішчанцаў, асабліва старэйшага ўзросту, што жывуць недалёка ад станцыі, не вельмі цікавіць тэма новага завода. Але многія ведаюць пра тыя супярэчнасці, якія ўзніклі вакол яго будаўніцтва.

— Для мяне няма розніцы, пабудуюць гэты завод, ці не, — кажа Аляксей Гацко, што чакае электрычку на чыгуначнай станцыі. — Ведаю, што шмат карыстальнікаў мясцовага сайта супраць гэтага будаўніцтва. Кажуць — навошта так шмат заводаў. Але ёсць і тыя, хто за. Ведаю, што цяпер за чыгункай цяжка знайсці працу. А калі з'явіцца завод, з'явяцца і новыя працоўныя месцы.

Маладая мама Кацярына Піманава і за, і супраць будаўніцтва завода: «За — таму што гэта новыя працоўныя месцы, прытым, побач з домам. Супраць — з-за хвалявання за дзяцей, іх дабрабыт. Бо экалагічная сітуацыя адразу зменіцца. Але ў сучасным свеце цяжка зрабіць адназначны выбар», — падкрэслівае яна.

На вуліцы Мінскай сустракаем маладую маму Яўгенію.

— Я жыву недалёка ад прамысловай зоны і, мабыць, як і большасць, супраць будаўніцтва, — расказвае яна. — Калодзішчы растуць і становяцца ўсё больш загазаванымі аўтамабілямі. Напэўна, і гэты завод не будзе для нас экалагічна бяспечным. Нам так хутка не будзе чым дыхаць. Мы спецыяльна выехалі з горада больш за пяць гадоў таму, каб жыць у экалагічна больш чыстым месцы. Таму я і падпісвала зварот супраць будаўніцтва завода.

Віктар жыве ў Калодзішчах з 1961 года. Ён упэўнены — у цэлым у аграгарадку ўсё добра, і існуючаму экалагічнаму становішчу Калодзішчаў завод «Амкадор» не нашкодзіць. І новыя прадпрыемствы тут, на яго думку, неабходныя: «Магчыма, палепшыцца занятасць у Калодзішчах, бо ведаю, што тут ёсць шмат беспрацоўных. Але галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы не шкодзілі экалогіі».

А вось Святлана, якая таксама жыве ў Калодзішчах вельмі даўно, іншай думкі:

— Я, зразумела, супраць. Калодзішчы хоць і не ціхі цяпер, але добры пасёлак. І завод тут дакладна не патрэбны. Тут шмат маладых сем'яў жыве — нашто ім гэты завод? Такія прадпрыемствы, на маю думку, лепш размяшчаць дзесьці ў лесе, далей ад людзей. Таму што разам з працоўнымі месцамі будзе і больш шкоднасці для наваколля.
А пры жаданні мясцовыя беспрацоўныя могуць знайсці працу і ў іншым месцы.

Увогуле, пытанні экалогіі для жыхароў Калодзішчаў — адно з самых галоўных.

— Мы асцерагаемся, што прадпрыемства будзе аказваць негатыўнае ўздзеянне на здароўе людзей, сярод якіх шмат дзяцей і пенсіянераў. А таксама, што прадукцыя, якая вырошчваецца на прысядзібных участках і тэрыторыі садовых таварыстваў, стане небяспечнай для здароўя, — так выказваюць сваю пазіцыю ініцыятыўныя грамадзяне.

Экспертыза. Вынік — станоўчы

Па словах Андрэя Шахэмірава, праектная дакументацыя двойчы паступала на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Першы раз — у ліпені 2017 года, яна мела вельмі нізкую якасць і была накіравана на дапрацоўку.

— Эксперты выявілі ў праекце невыкананне патрабаванняў заканадаўства, розначытанні ў колькасці крыніц выкідаў шкодных рэчываў, недасканалую ацэнку ўздзеяння на атмасфернае паветра аб'екта і інш., — тлумачыць ён прычыны такога рашэння.

У пачатку верасня праектная дакументацыя зноў трапіла ў Цэнтр, а 15 верасня было зацверджана заключэнне аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе — дакументацыя адпавядае заканадаўству ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя.

У апошнім, дарэчы, закладзена прэзумпцыя патэнцыйнай небяспекі плануемай дзейнасці. Гэта значыць, што пры праектаванні аб'ектаў неабходна даказаць: такая дзейнасць не нясе шкоду кампанентам прыроднага асяроддзя. Усе разліковыя методыкі, якія выкарыстоўваюць спецыялісты для ацэнкі выкідаў шкодных рэчываў, ацэньваюць найгоршы варыянт развіцця сітуацыі. Але, па словах эксперта, шматгадовы вопыт кантрольнай дзейнасці і статыстычныя паказчыкі гавораць пра тое, што фактычныя валавыя выкіды шкодных рэчываў могуць быць на 20—50 % меншыя, чым дазволеныя.

— Была праведзена ацэнка на ўсе кампаненты прыроднага асяроддзя, якія патэнцыйна закранаюць праектныя рашэнні. Калі б такая ацэнка паказала, што будзе пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, то ніколі падобныя праекты не былі б рэалізаваныя, — падкрэслівае Андрэй Шахэміраў.

Сярод заўваг, якія каладзішчанцы прад'яўлялі да праекта, — адсутнасць у ім ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Але эксперт лічыць па-іншаму. Згодна з Законам аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, праект будаўніцтва завода аднесены да аб'ектаў дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, паколькі ён размешчаны ў межах тэрыторый, што падлягаюць спецыяльнай ахове (у межах санітарнай аховы крыніц пітнога водазабеспячэння). Для гэтага аб'екта не праводзіцца ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), таму што базавы памер яго санітарнай ахоўнай зоны складае 100 метраў (як машынабудаўнічае прадпрыемства з металаапрацоўкай, пафарбоўкай, без ліцця). Да аб'ектаў жа АУНА адносяцца вялікія аб'екты з САЗ 300 і больш метраў і аб'екты з малавывучанымі, новымі тэхналогіямі для краіны без вызначанага памеру САЗ.

— Памеры санітарнай ахоўнай зоны ўстанаўліваюцца не ад граніцы пляцоўкі, а ад крыніц выкідаў шкодных рэчываў. Пры гэтым прадпрыемства можа яе скараціць, калі будзе выкарыстоўваць больш экалагічна чыстыя тэхналогіі. Усё гэта прадугледжана адпаведным заключэннем Міністэрства аховы здароўя, — адзначае эксперт.

Каб зменшыць магчымае шкоднае ўздзеянне, на будучым заводзе плануецца выкарыстоўваць тэхналогіі парашковага афарбоўвання — яны больш экалагічныя, чым выкарыстанне звычайных фарбаў, у тым ліку і па выкідах шкодных рэчываў. Акрамя таго, прадугледжана ўвядзенне абаротнай сістэмы водазабеспячэння і кампенсацыйныя выплаты за шкоднае ўздзеянне на аб'екты жывёльнага свету і іх асяроддзе пражывання.

* * *

Высокатэхналагічная вытворчасць з выкананнем экалагічных стандартаў — у ідэале прамысловасць будучыні выглядае менавіта так. У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб гэтыя планы сталі рэальнасцю: на заводах і фабрыках укараняюцца экалагічна чыстыя тэхналогіі, ствараюцца новыя «зялёныя» працоўныя месцы, многія прадпрыемствы больш адказна пачынаюць ставіцца да вырашэння сваіх экалагічных праблем.

Але не менш важным фактарам поспеху з'яўляецца і інфармаванасць людзей, якія жывуць побач з падобнымі вытворчасцямі. Сёння многія грамадзяне больш актыўна цікавяцца ўмовамі, створанымі для іх пражывання, імкнуцца атрымаць максімальна поўную інфармацыю пра бяспечнасць мясцовых прадпрыемстваў і іх уплыў на здароўе. Сацыяльны фактар становіцца моцнай сілай, з якой трэба лічыцца падчас рэалізацыі любога праекта ў прамысловай сферы.

Магчыма, каб супрацоўніцтва з людзьмі было паспяховае, а такой сітуацыі, што склалася ў Калодзішчах, увогуле не ўзнікала, варта задумацца аб стварэнні «інстытута кансультантаў» — экспертаў, якія б мелі зносіны з насельніцтвам, максімальна поўна расказвалі ім аб плануемай дзейнасці, раскрывалі як мінусы, так і плюсы праектаў, а таксама дапамагалі ўлічваць патрэбы і пажаданні мясцовых жыхароў пры іх рэалізацыі.

Дарэчы

Заканадаўствам не прадугледжана правядзенне грамадскіх абмеркаванняў такіх аб'ектаў, як будучы завод у Калодзішчах, але па ініцыятыве групы кампаній «Амкадор» і Мінскага райвыканкама грамадскасць праінфармавалі аб плануемай дзейнасці і прадставілі матэрыялы для вывучэння грамадскай думкі.

* Заўв. Па інфармацыі, атрыманай каладзішчанцамі ў Камітэце па архітэктуры і будаўніцтву Мінаблвыканкама, згодна з праектным рашэннем, тэрыторыя, у межах якой знаходзіцца прадпрыемства, якое дзейнічае, – ААТ “Амкадор”, размешчана ў камунальна-складской зоне. Горадабудаўнічы праект “Генеральны план п. Калодзішчы Мінскага раёна” быў зацверджаны 23 красавіка 2013 года.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Завод і людзі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.