Вы тут

Лячэнне народнымі сродкамі: гаючая сіла або эфект плацэба?


Калісьці іншых лекаў, чым народныя, не было наогул. Цяпер зусім іншая справа. У аптэцы таблеткі і мікстуры на любы густ, былі б грошы. Купіў, выпіў і забыў пра хваробу. На крайні выпадак можна набыць нешта з травяных збораў ці настоек. Іх таксама ў продажы хапае. Усе правераныя і вывучаныя. Але, кажуць знаўцы ад народа, гэта не зусім адно і тое ж, што нарыхтаваў чалавек, які ведае сакрэты прыроды. На жаль, цяпер такіх людзей становіцца ўсё менш. Вёскі паміраюць, а моладзь мала цікавіцца бабулінымі рэцэптамі. Навошта ім гэта трэба? Афіцыйна, і гэта пацвердзілі ва ўпраўленні аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама, сёння на тэрыторыі рэгіёна ніводнага траўніка няма. Але на вёсках яшчэ ведаюць, як карыстацца прыроднай аптэкай. Нашы суразмоўнікі траўнікамі сябе не лічаць, але тое-сёе пра лекавыя расліны ведаюць. Кажуць, што яны ім ратуюць жыццё і даюць сілы.


Сродак супраць астмы

У Тамары Аксёнавай з вёскі Кабіна Гара Слаўгарадскага раёна дома цэлы аптэкарскі агарод. Тут табе і жывакост, і ісоп, і медуніца, і сінюха блакітная, і эхінацэя, і шалфей з чабаром, і іншыя карысныя травы і кветкі. На момант сустрэчы пенсіянерка змагалася з наступствамі нядаўняга грыпу. Прызнаецца, што захапленне травамі добра дапамагае ёй іх аблегчыць. Піць таблеткі прыйшлося, але ў якасці дапаможнага сродку ў ход ідуць зробленыя сваімі рукамі лекі.

Жанчыне крыху за 60, але травамі яна зацікавілася яшчэ калі не было і 30. Яна тады вельмі пакутавала на алергічную астму.

— Працавала спачатку ў швейным цэху, потым у вязальным — вельмі пыльная вытворчасць, нам нават за шкоднасць плацілі, — кажа яна. — Ды яшчэ скразнякі пастаянныя. Спачатку ангіны замучалі. Тэмпературы не было, бальнічны не давалі — хварэла на нагах. Антыбіётыкаў перапіла столькі, што страшна падумаць. У выніку падарвала імунную сістэму і займела алергічную астму. Была страшная рэакцыя на хатні пыл. Пакутавала, не тое слова. Задыхалася ад недахопу паветра. Хапаеш яго ротам, а яно не ўдыхаецца. Пачала ездзіць па санаторыях і прафілакторыях, аднойчы пазнаёмілася з жанчынай, якая вельмі падарвала сваё здароўе ў Асвенціме. Расказвала, што выратавалася толькі дзякуючы народным рэцэптам. Мяне гэта ўсё вельмі зацікавіла, стала шукаць рэцэпты ў бібліятэцы, ездзіла да сябровак на летнікі, збірала карысныя расліны. У доме пастаянна былі чабор, ісоп. І — інгалятары. Праўда, яны ўсе радзей і радзей патрабаваліся. Працэдуры ў бальніцы, травы — усё ў комплексе дапамагло пазбавіцца ад астмы.

Жанчына з таго часу без траў не абыходзіцца. У яе аптэцы настойкі жывакосту, шабельніку, настоеныя на гарэлцы бярозавыя пупышкі і кветкі белага бэзу. Раней, калі старэйшая сястра жыла на Камчатцы, яна забяспечвала Тамару Аляксандраўну яшчэ і ружовай радыёлай. Гэта расліна нешта накшталт жэньшэню, падымае тонус. Зараз пенсіянерка спрабуе вырошчваць яе у тутэйшых умовах. Пашчасціла неяк купіць на рынку.

А вось лепшага сродку, чым шалфей, ад прастуды няма. «Гэта я па сабе добра ведаю, — кажа суразмоўніца. — У маладосці ў мяне была гнойная ангіна і я паласкала горла шалфеем кожныя дзве гадзіны. Праз тры дні ад хваробы і следу не засталося. З таго часу ўсім раю шалфей. Як толькі ў горле запяршыла, заварвайце чайную лыжку травы шклянкай даведзенай да «белага ключа» гарачай вады (яна павінна заставацца жывой, нельга, каб перакіпала) і палашчыце». З дапамогай настойкі шабельніку жанчына лечыць суставы. Раніцай і вечарам націрае балючае месца і ўцяпляе. Жывакост дапамагае пры хваробах страўніка, сінюха блакітная — добры заспакаяльны сродак. «Яна яшчэ лепш дапамагае, чым сардэчнік або валяр'ян», — удакладняе жанчына. Прыгадвае, што пэўны час нармалізавала нізкі крывяны ціск з дапамогай настойкі заманіхі. «Пах — немагчыма вытрымаць, а тым больш піць, але хутка разумееш — добра дапамагае», — кажа яна. Змагацца з нізкім ціскам дапамагаюць радыёла ружовая, жэньшэнь, элеўтэракок.

А яшчэ лепш уплывае на здароўе вясковы лад жыцця, прыгожыя пейзажы. Таму акрамя карысных раслін Тамара Аксёнава вырошчвае ў сябе на ўчастку і экзоты. Летам выйшаў у агарод, сядзі і любуйся. Кабея, бамія, жоўтыя агуркі, рознакаляровая радыска, фіялетавая спаржавая фасоля, дэкаратыўная капуста — чаго тут толькі няма. Тамара Аляксандраўна спрабуе размножыць на сваім участку журавіны, дурніцы канадскія, брусніцы.

А ў доме яшчэ адзін агарод. У спальні Тамары Аляксандраўны чысціць паветра ядловец, у зале стаяць вазоны з індыйскай цыбуляй, з якой яна робіць націранні, каланхоэ — ад ангіны, лекавыя цыкламен, размарын. Без таблетак у сталым узросце, канешне, не абысціся, але расліны дапамагаюць імі не злоўжываць, упэўнена жанчына.

Цётчыны рэцэпты

Калісьці на Слаўгарадчыне жыла добра вядомая нават за межамі вобласці траўніца Ганна Аксёненка. Некалькі гадоў таму, на жаль, яе не стала, але навуку пераняў пляменнік Міхаіл Гутараў.

Ён успамінае, што ў цёткі нават была нейкая старадаўняя рукапісная кніга пра лекавыя расліны, перадавалася па жаночай лініі. Цяпер яна ў яе дачкі ў Эстоніі. Асабліва цікавіцца лекавымі травамі цётка Ганна пачала пасля таго, як моцна захварэла. Быў перыяд, калі яна з бальніц не выходзіла, а лепш не станавілася. Вось тады жанчына і ўспамінала пра свае спадчынныя запісы.

— Я добра памятаю той час, — кажа Міхаіл. — Сам суправаджаў яе ў лясныя паходы. Ідзём, а яна па дарозе расказвае, гэта трава ад таго, а вунь тая ад гэтага. А я запамінаў. Вось вы ведаеце, што плакучая таполя лепш за ўсякі ёд раны загойвае? Ранняй вясной, яшчэ да таго як яна распусцілася, на ёй утвараецца слізкая мякаць. Яе трэба сабраць шклянку і заліць літрам гарэлкі. Любыя драпіны імгненна зажыўляе.

Сродкам № 1 у дамашняй аптэцы Ганны Аксёненкі быў грыб вясёлка. «Яна мне і месцы паказала, дзе ён расце, — расказвае суразмоўнік. — Потым я яшчэ і іншыя знайшоў. Самае каштоўнае, гэта грыбныя «яйкі». Шэсць штук заліваюць трыма літрамі гарэлкі, ставяць у цёмнае прахалоднае месца, і цераз месяц настой гатовы. Цётка шмат яго рабіла. І ўвесь разыходзіўся. Асабіста бачыў, як да яе людзі з розных мясцін прыязджалі, нават з Польшчы.

Міхаіл прызнаецца, што апошнім часам вясёлкі стала мала, маўляў, лясы высякаюць, і грыб прападае. А вось попыт на яго расце. Нават з Масквы прыязджаюць.

Людзі, якія ведаюць сілу траў і розных лекавых раслін, наогул стараюцца таблеткамі не злоўжываць. «Цяпер усе валяр'янку купляюць, а цётка Ганна ішла на «панскае» балота, капала там валяр'янавы корань і сушыла. Потым залівала самагонкай і атрымлівалася тая ж самая валяр'янка, — аргументуе Міхаіл. — Я калі прыйшоў са службы ў Афгане, яна мяне гэтым сродкам лячыла. А яшчэ дуброўкай. У яе наогул настойкі на ўсе выпадкі жыцця былі. Каліну настойвала ад высокага крывянога ціску. Лыжку соку выпіваеш, калі адчуваеш, што галава пачала балець, і парадак. А калі прыходзіў прастыўшы, яна гарбату з малінніку або парэчніку рабіла. Лепш сродку ад прастуды і не прыдумаеш...


Афіцыйная медыцына не адмаўляе лекавую сілу траў, але нагадвае, што ўжываць іх трэба вельмі асцярожна

— Неабходна ўлічваць спадарожныя захворванні, узрост і шмат іншых фактараў. І абавязкова кансультавацца з урачом, — раіць галоўны пазаштатны правізар упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, загадчыца аптэкі Магілёўскага анкадыспансера Анжэла Нерасценка. — Эфект плацэба (вера ў тое, што прыняты сродак дапамагае) можа быць мацнейшы, чым лекавыя якасці самой травы. Наогул травы больш эфектыўныя на пачатковых стадыях захворвання, яшчэ болей як прафілактычныя сродкі. А калі нейкая сур'ёзная паталогія, аднымі травамі тут не абысціся.

Зборы, якія прадаюцца ў аптэцы, прайшлі клінічныя выпрабаванні. Пра ўсё тое, што праз аптэку не праходзіць, сказаць нешта канкрэтна нельга, гаворыць фармацэўт. Да траў трэба падыходзіць вельмі акуратна, яны могуць выклікаць алергію яшчэ большую, чым лекавыя сродкі. Апошнія, прынамсі, праходзяць ачыстку. А тут можа быць нейкі пылок, яшчэ нешта. Да таго ж травы, якія чалавек збірае і сушыць у хатніх умовах, не заўсёды могуць быць правільна нарыхтаваныя. Ад сушкі залежыць, якія рэчывы захаваюцца ў лекавай сыравіне.

Што датычыцца грыба вясёлкі, то звесткі наконт яго наогул вельмі розныя. Не факт, што ён уплывае на ўсе ракавыя клеткі. Аднаму можа дапамагчы, а ў другога выклікаць непрадказальную рэакцыю. І зноў такі павінны ўлічвацца дазіроўкі, узрост, спадарожныя хваробы.

Адзінае месца ў Беларусі, дзе даўно і грунтоўна даследуюцца лекавыя расліны, кафедра фармакагнозіі Віцебскага медуніверсітэта. Там нават ёсць аптэчны агарод, дзе для гэтага вырошчваюць травы. Некалькі гадоў таму ва ўстанове вёўся прыём дактароў сумесна са спецыялістамі па фармакагнозіі. Яны распрацоўвалі травяныя саставы, зборы, якія нават здымалі людзей з гарманальных прэпаратаў пры бранхіяльнай астме.

Апошняя з распрацовак гэтай установы трава маклея. А яшчэ — цёмныя таблеткі валяр'янкі, якія цяпер прадаюцца. Яны спрасаваныя менавіта з самой расліны. (А прывычныя жоўтыя — гэта яе экстракт.) У цёмных утрыманне валяр'янавай кіслаты, дзеючага рэчыва, большае. Калі праводзілі доследы ў медуніверсітэце, высветлілася, што тая дазіроўка, якая закладвалася ў жоўтую таблетку, выклікала моцны снатворны эфект. А вось цёмная дзейнічала мякка, аказвала на пацыента лёгкае заспакаяльнае ўздзеянне...

Здавалася б, проста, але гэтыя распрацоўкі ішлі кожная не менш чым па 10 гадоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Сакрэты кветак і траў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.