Вы тут

Гісторыі беларусак з «нежаночымі» прафесіямі


Ахова здароўя, сацыяльныя паслугі, адукацыя, гандаль, творчасць — у гэтых сферах найчасцей працуюць жанчыны. Але практыка паказвае, што нашым дамам пад сілу амаль любая работа. Яны вараць метал і рамантуюць ручкі ў дзвярах, расследуюць асабліва цяжкія крымінальныя справы і дапытваюць злачынцаў, вучаць ваджэнню і стартуюць першыя на святлафоры. Беларускі з «нежаночымі» прафесіямі расказваюць, як праходзяць іх будні, ці лёгка прабіваць сабе дарогу сярод мужчын, якія знакі ўвагі любяць і якой мусіць быць сапраўдная жанчына.


«Не дазваляю мужчынам працаваць за мяне»

Надзея КАНАКОВА выдатна варыць не толькі баршчы, але і метал. Шосты год яна працуе зваршчыкам на Дзяржынскім эксперыментальна-механічным заводзе, дзе робіць каркасы для аўтобусаў. Мяняць прафесію жанчына не збіраецца.

— Пайсці прадаўцом? Ну, не маё гэта. А тут падабаецца, і ўсё. Люблю фізічную працу: мне трэба некуды дзяваць энергію, цягаць што-небудзь... Нехта, можа, падумае, што хлушу, але я з задавальненнем іду на работу і выконваю яе на «выдатна».

Па адукацыі Надзея швачка. Але папрацаваць па спецыяльнасці не паспела: выйшла замуж, потым адзін дэкрэтны водпуск, другі... Калі шукала работу, убачыла аб'яву ў газеце «Патрабуецца зваршчык аўтаматычнай і паўаўтаматычнай зваркі». Адгукнулася. На заводзе жанчыну адправілі на тры месяцы на вучобу — яна справілася за паўтара.

— Муж думаў, я буду проста работу робата правяраць — а тут сама вару. Спачатку засмуціўся. «Ды не працягнеш ты і года», — казаў. А мне ўсё лёгка давалася. Я не войкала: узяла апарат і пачала працаваць. Трэба бэлькі трохметровыя перакласці ці бухту (маток. — Аўт.) дроту прыцягнуць (а яна 15 кілаграмаў важыць) — усё сама раблю.

Калегі-мужчыны спачатку смяяліся. «Я пра сябе думала: ну-ну, паглядзім. Цяпер усё інакш: вітаюцца, паважаюць. У карты з імі гуляю ў абед. Як «пагоны» павешу, усміхаюцца, што са мной лепш не жартаваць. Яны ж сумуюць, калі мяне няма».

— Мужчыны прапануюць зрабіць за вас цяжкую работу?

— Я сабе такога не дазваляю. Бо гэта мае абавязкі: калі я не буду выконваць іх так, як павінна, не буду столькі зарабляць. У нас жа здзельная аплата (у сярэднім зваршчыкі на гэтым заводзе атрымліваюць 1000 рублёў. — Аўт.). Дый у мужыкоў свае жонкі дома, ім таксама трэба грошы ў сям'ю несці.

Летась Надзея ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе зваршчыкаў. Адзіная жанчына, яна прыцягнула шмат увагі. Прызнаецца, праз гэта разгубілася, заняла толькі 20-е месца (усяго было каля 150 удзельнікаў). Але з трох чалавек, што прадстаўлялі на конкурсе дзяржынскі завод, яна была найлепшая.

Працоўная змена Надзеі доўжыцца восем гадзін. Водпуск — 39 дзён. Муж гераіні, дарэчы, таксама працуе электрагазазваршчыкам, толькі на іншым прадпрыемстве.

— Ён па «вайберы» неяк тэлефануе мне, бачыць мяне брудную і кажа: «Ну ўсё, больш падчас працы не сазвоньваемся», — смяецца Надзея. — Я, бывае, нават больш за яго зарабляю. У яго тады адразу настрой падае, ходзіць пануры.

Жанчына спраўляецца і з «мужчынскімі» абавязкамі па доме. Памяняць разетку ці ўставіць у дзверы ручкі? Лёгка! Пры гэтым Надзея добра гатуе: варыць супы, пячэ пірагі з вішняй. Па вечарах робіць з дзецьмі ўрокі: яе сынам восем і дзесяць гадоў.

— Я нармальны чалавек! — усміхаецца. — Як з работы выходжу — зусім іншая. І манікюр раблю, і сукенкі ды абцасы нашу. Зімой толькі на абцасах не хаджу: яшчэ нос разаб'ю, давядзецца на бальнічны ісці, а працаваць жа трэба.

Цікавімся, якія падарункі гераіня атрымлівае на 8 Сакавіка. Надзея расказвае, што муж дорыць ёй залатыя ўпрыгажэнні. Толькі носіць яна іх рэдка: на работу ж не надзенеш, паабдзіраюцца. Калегі — трое мужчын, што разам з ёй у брыгадзе — летась падарылі грошы. «Ім да 23 лютага даюць прэмію. Яны 15 рублёў жонцы нясуць, а пяцёрку пакідаюць, каб Надзьцы на 8 Сакавіка падарунак зрабіць, — смяецца. — Кветкі? Не люблю. У мяне ніводнага вазона дома няма. Жанчынам звычайна падабаюцца букеты, а мне шкада патрачаных грошай. Кветкі завянуць, ты іх выкінеш — ну што гэта за падарунак?»

Часам калегі кажуць кампліменты. Надзеі прыемна, але выгляду не падае.

Якой мусіць быць сапраўдная жанчына? «Не такой, як я. Я мужык у спадніцы», — жартуе гераіня.

«Самы доўгі допыт цягнуўся восем гадзін»

Сустрэўшы Алену МАРОЗ на вуліцы, наўрад ці здагадаешся, кім працуе гэта прыгажуня. Яна старшы следчы Фрунзенскага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта.

— Усведамленне таго, што хачу быць юрыстам, прыйшло ў 10—11 класе. Добра спрацавала агітацыйная група Акадэміі МУС, якая прыходзіла да нас у ліцэй. Чым зацікавіла прафесія следчага? Калі спытаць маіх сяброў, сям'ю, усе скажуць, што я — змагар за справядлівасць. Тым больш дзяўчына ў форме заўсёды выглядае прыгожа.

Пры паступленні ў акадэмію Алена вельмі хвалявалася. Конкурс быў шалёны: дзяўчат 20 на месца. Прахадныя балы — нароўні з БДУ. Але для яе ўсё склалася ўдала. ВНУ Алена скончыла з чырвоным дыпломам. Тата і мама, вядома, хвалююцца за дачку, але выбар прафесіі падтрымалі.

Следчым дзяўчына працуе чацвёрты год. Расследуе цяжкія і асабліва цяжкія крымінальныя справы. У асноўным гэта незаконны абарот наркотыкаў, гвалтоўныя дзеянні. «Найбольш складаныя злачынствы тыя, дзе пацярпелымі з'яўляюцца маленькія дзеці, — прызнаецца гераіня. — Такія справы заўсёды запамінаюцца. Вельмі цяжка не прапускаць праз сябе гэтыя гісторыі і размяжоўваць асабістую прастору і работу. Натуральна, ты хвалюешся за дзяцей».

— Ці ўдаецца адключаць эмоцыі і кіравацца ў рабоце толькі логікай?

— Я лічу, у мяне атрымліваецца ставіцца нейтральна да ўсіх удзельнікаў крымінальнай справы. Гэта залог якаснага расследавання, бо як бы ні хацелася ў некаторых сітуацыях падтрымаць нейкі бок, трэба дзейнічаць згодна з законам, а не пачуццямі.

А вось жаночая інтуіцыя ў рабоце дапамагае. Алена тлумачыць: следчы — прафесія творчая, якая прадугледжвае нестандартны падыход. Трэба ўлічваць мноства варыянтаў развіцця падзей, бо ніколі не ведаеш, як стане паводзіць сябе чалавек у нейкай сітуацыі.

— Бывала, што дапытваныя ставіліся да вас несур'ёзна?

— Гэта вельмі хутка праходзіла, літаральна пасля першых дадатковых пытанняў, — усміхаецца дзяўчына. І ўспамінае, што самы доўгі допыт у яе практыцы цягнуўся восем гадзін: сведка ніяк не хацеў казаць праўду.

Два-тры разы на месяц Алена заступае на сутачнае дзяжурства. Пры неабходнасці разам з аператыўнай групай выязджае на месца злачынства. У дзень бывае да 10 выездаў. Следчы ў гэтай групе галоўны, таму ў часовым падначаленні маладой дзяўчыны могуць быць нават падпалкоўнікі.

У Фрунзенскім раённым аддзеле, дарэчы, працуе шмат прадстаўніц прыгожага полу. «Мне здаецца, жанчыны — яшчэ больш грозныя следчыя, чым мужчыны, — заўважае гераіня. — Мы вельмі стараемся дакапацца да праўды».

У вольны час Алена займаецца веласпортам. Кажа, гэта дапамагае пераключыцца ў думках ад работы. Плюс трымаць сябе ў добрай форме важна для работніка праваахоўных органаў: раз на год даводзіцца здаваць нарматывы фізпадрыхтоўкі.

Дзяўчына прызнаецца, што строгі следчы яна толькі на рабоце: прафесія патрабуе — ты нясеш велізарную адказнасць за лёсы людзей. Але за межамі працоўнага кабінета яна вельмі жыццярадасны чалавек.

Алена замужам. Цікавімся: напэўна, абранніку было няпроста заваяваць яе сімпатыю?

— Мне патрэбны нейкі час, каб больш даведацца пра чалавека і пачаць давяраць яму. Гэта датычыцца не толькі сямейных адносін.

— Навыкі следчага ў сямейным жыцці спатрэбіліся?

— Пытанняў да мужа ў мяне не ўзнікае. Спадзяюся, і не давядзецца нічога расследаваць, — усміхаецца.

— Хто ў пары галоўны?

— У нас раўнапраўе. Я за дэмакратыю ў адносінах. Але жанчына павінна сумяшчаць у сабе і строгага следчага, і гаспадыню, і маму. У яе шмат прафесій, акрамя яе асноўнай работы.

— На вашу думку, што важна для сучаснай жанчыны?

— Стабільнасць, клопат і ўвага блізкіх, усведамленне таго, што шчаслівыя яна і яе родныя. А яшчэ важна быць задаволенай тым, кім ты з'яўляешся на гэты момант.

«Стыль ваджэння не залежыць ад полу»

— Марыначка, не спяшайся. Ты павінна адзін раз павольна крануцца з месца, а не тры хутка заглухнуць. Малайчына.

Так інструктар і дырэктар мінскай аўташколы «Элегія» Алена БАСЯКОВА падбадзёрвае сваіх курсантаў. Сама яна за рулём 15 гадоў.

— Не ўяўляю, як у вялікім горадзе можна абысціся без машыны. Асабліва, калі ў цябе маленькія дзеці. Таму я, яшчэ будучы цяжарнай, села за руль. Аўтамабіль — гэта не раскоша, а зручнасць і неабходнасць, — лічыць Алена.

Інструктарам яна стала пяць гадоў таму. Дагэтуль працавала ў дзіцячым садку і прызнаецца, што гэта была самая цяжкая работа ў яе жыцці. Адказнасць вялікая, а заробкі маленькія. Трэба было думаць, як круціцца, вось і пайшла вучыць ваджэнню. Па дыпломе Алена педагог і лічыць, што кожнаму інструктару варта было б мець такую адукацыю: усё ж такі ў школе працуюць.

Чым жанчыны-інструктары адрозніваюцца ад мужчын? «Спакоем, — адказвае гераіня. — Мы ніколі не крычым на сваіх курсантаў, а тлумачым. Дзяўчына, якая прыйшла да мяне пасля іншай аўташколы, сказала, што там ішла на кожны занятак, як на выпрабаванне. Крычаць бессэнсоўна:  у чалавека толькі блакіруецца мозг, ён ужо ад страху нічога не чуе. Так можна адбіць ахвоту сядаць за руль наогул».

А вось стыль ваджэння, на думку Алены, хутчэй залежыць ад тэмпераменту, а не ад полу. У спартсменаў і танцораў ён больш агрэсіўны і смелы, у гуманітарыяў — асцярожны.

— У мяне былі бландзінкі сярод курсантак, што першыя стартавалі на святлафоры. Мужчыны заглядваліся! — усміхаецца жанчына.

Мы едзем разам з ёй у машыне, калі перад намі няправільна перастройваецца іншае аўто. «БМВ — гэта асаблівы від кіроўцаў, — заўважае Алена. — Я трымаюся ад іх на вялікай адлегласці, бо адтуль часта можна пачуць негатыў у бок жанчын за рулём. Але ведаеце, як ёгі кажуць? Калі чалавек на цябе злуецца, ён аддае табе сваю энергію. Таму я адчуваю сябе цудоўна: мне за дзень столькі энергіі пасылаецца (смяецца)! Увогуле, калі чалавек на дарозе хам, не паважае жанчыну, ён і ў сям'і так сябе паводзіць».

Алена ўспамінае, што спачатку да яе аўташколы (а там усе інструктары — прадстаўніцы прыгожага полу) ставіліся скептычна, нават супрацоўнікі ДАІ. А цяпер адчуваюць з яе боку канкурэнцыю. Тым больш што мужчыны на курсы да жанчын таксама запісваюцца.

— Мне не складана было прабівацца ў гэтай сферы, — дзеліцца суразмоўніца. — У мяне характар мужчынскі. Мая мама — вельмі моцная жанчына. Напэўна, гэта перадалося. Я яшчэ па гараскопе Казярог, таму заўсёды дабіваюся свайго. Нічога не кідаю на паўшляху, як бы цяжка ні было.

Алена — мама дваіх дзяцей. Калі цікавімся, да каго яны пойдуць вучыцца ваджэнню, адказвае, не вагаючыся: да яе. «Каму ж я іх даверу? Хоць інструктары-мужчыны ніколі не вучаць сваіх жонак. Гэтак можна давесці шлюб да разводу».

— Які для вас самы лепшы падарунак на 8 Сакавіка?

— Мне шмат чаго патрэбна. Партатыўны прыпальвальнік акумулятара, аўтамабільны кампрэсар... Як нестандартная прафесія, так і нестандартныя падарункі (усміхаецца). Муж у мяне слесар. У яго руках — усе машыны аўташколы. Калі ён падрамантуе іх, гэта таксама будзе падарункам.

— Якой мусіць быць сучасная жанчына?

(Задумваецца) Слабай. Бо гэтага стала не хапаць нашым мужчынам — мы так імкнёмся да самастойнасці. Я не феміністка зусім. Не буду казаць, што жанчыны павінны быць ва ўсіх прафесіях, лічу, што ёсць чыста мужчынскія спецыяльнасці. Калі б у мяне была магчымасць сядзець дома і муж даваў столькі грошай, колькі трэба, я б, напэўна, пагадзілася быць хатняй гаспадыняй. Занялася б больш сабой, дзецьмі. Можа, яны б
лепш вучыцца сталі (смяецца). Хоць у жанчын такі характар — нам ніколі не бывае дастаткова. Нават калі нас асыпаць золатам, нам стане сумна і мы пойдзем «у народ».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Зваршчык, следчы, аўтаінструктар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.