Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў эколагаў, ці трэба верыць чуткам пра пагрозу для рыбы з-за эксплуатацыі Віцебскай ГРЭС на Заходняй Дзвіне.
Водны рэкардсмен
— Паўночны рэгіён найбольш забяспечаны воднымі рэсурсамі. Тут працякаюць дзве вялікія трансгранічныя ракі — Заходняя Дзвіна і Днепр, а таксама каля 600 сярэдніх і малых рэк агульнай працягласцю каля 9 тысяч кіламетраў.
Азёр у нас каля дзвюх тысяч. Іх агульная плошча больш за 900 квадратных кіламетраў. Агульны аб'ём вады — каля 3,2 мільёна кубічных метраў, — расказаў Пётр Дук, намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Самыя буйныя азёры — Асвейскае, плошчай 52,6 км2 (другое месца ў краіне пасля Нарачы), Лукомскае (36,6 км2), Дрывяты (36,1 км2). У Браслаўскім і Ушацкім раёнах вялікая колькасць розных па велічыні і глыбіні азёр утвараюць разгалінаваныя азёрныя сістэмы. Браслаўская ўключае ў сябе 31 возера, Ушацкая — 60.
Дзе бываюць заморы?
Мінулай зімой у Віцебскай вобласці не было зарэгістравана рыбных замораў.
— Заморныя з'явы адбываюцца ў плыткіх бяссцёкавых або слабапраточных азёрах. Па сутнасці, рыба гіне масава, калі ў вадзе не хапае кіслароду. На зімовы перыяд 2017—2018 гадоў вызначана 40 вадаёмаў, на якіх праведзены лабараторныя даследаванні. Праводзяцца таксама аб'езд вадаёмаў і апытанне мясцовых жыхароў, — тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела камітэта Генадзь Гарланаў.
Каб не дапусціць замораў, ажыццяўляюцца розныя мерапрыемствы. Напрыклад, робяць аэрацыю вады — механічную або паветраную. Добра апраўдваюць сабе і «дзедаўскія метады»: уладкаванне палонак, лунак. Нядаўна лункі зрабілі на возеры Дыманоўскім у Віцебскім раёне. Працэс просты, адпрацаваны вякамі.
Цікава, што больш цяжка папярэджваць летнія заморы. Пры высокай тэмпературы паветра вадаёмы мялеюць, падводныя расліны, пясок, камяні ператвараюцца ў «кашу», пад якой гіне рыба. Напампоўваць ваду, задзейнічаць тэхніку, каб пашырыць водную прастору, — вельмі дорага. Выкарыстоўваюць і вапнаванне. Унясенне вапны спрыяе паляпшэнню кіслароднага рэжыму і паскарае працэс фотасінтэзу водарасцяў.
Шкодная пена?
Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Віцебскай ГРЭС на хвалях Заходняй Дзвіны можна ўбачыць пену. Скептыкі сцвярджаюць, што гэта — вынік парушэнняў умоў эксплуатацыі станцыі.
Эколагі супакоілі. Пена атрымліваецца з-за таго, што вада праходзіць праз турбіны. Чуткі пра зліў нафты ў раёне ГРЭС не маюць пад сабой нічога блізкага да рэчаіснасці. Наадварот, узровень вады ў адной з самых вялікіх рэк Еўропы дзякуючы станцыі павысіўся. У яе акваторыі прадугледжваецца стварэнне зоны для адпачынку і воднага турызму...
У інтэрнэце абмяркоўвалася і пагроза для вадаёмаў Беларусі з-за будаўніцтва на Пскоўшчыне больш як 30 свінакомплексаў, кожны не менш, чым на 24 тысячы свінак.
Як канстатавалі ў камітэце, насамрэч яны небяспечныя для некалькіх прытокаў буйных беларускіх рэк прыгранічча. Забруджвання басейна ракі Заходняя Дзвіна не выяўлена.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?