Вы тут

Як наш карэспандэнт у Прыдзвінскім краі шукаў перадсвяточную атмасферу


Напярэдадні Новага года жыхары Віцебска атрымалі падарунак, які чакалі некалькі дзясяткаў гадоў, — запуск кола агляду каля галоўнай плошчы абласнога цэнтра. Калісьці гэты атракцыён знаходзіўся ў парку Савецкай арміі на ўскраіне Віцебска, але ў 90-я быў разабраны. Тады ж дэманціравалі і невялічкае дзіцячае кола ў парку Фрунзэ, недалёка ад плошчы Леніна.


Фота: pixabay.com

Круціцца-круціцца

Новая забава знаходзіцца ў парку Пераможцаў. Мантаж ажыццяўлялі з канца лета. Трыццаціметровая канструкцыя з дваццаццю закрытымі кабінкамі (у кожнай па чатыры пасажыры) прыкладна за сем хвілін робіць абарот.

У прэзентацыі бралі ўдзел кіраўнікі мясцовай улады. Вясёлае атрымалася мерапрыемства з багатай забаўляльнай праграмай і фаер-шоу. Кола ўпрыгожвае каля 540 святлодыёдных лямпачак. Ёсць магчымасць змяшчаць на ім ілюмінацыйныя тэксты: віншаванні, прызнанні ў каханні, аб'явы...

Атракцыён будзе працаваць кожны дзень пры спрыяльных умовах надвор'я. Табу на катанне, напрыклад, калі тэмпература паветра мінус 10 градусаў і ніжэйшая, пры моцным ветры і дажджы. Кошт задавальнення — 6 рублёў, малым — бясплатна.

ТэхнаЁлка

Сёлета колькасць намінацый у віцебскім конкурсе на найлепшае навагодняе ўпрыгожванне будынкаў, двароў, сквераў і паркаў павялічылася да 13. Актыўнасці хапае і ў гараджан. Усе ахвотныя могуць узяць удзел у акцыі па стварэнні навагодняй казкі. Пераможцам уручаць памятныя дыпломы і каштоўныя прызы.

Ёлкам і іншым навагоднім героям і аксесуарам прысвечана шмат падзей і мерапрыемстваў. Напрыклад, выставу-кірмаш навагодніх цацак і сувеніраў «Прыгажуня ёлка» можна ўбачыць у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. А ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі прапанавалі зрабіць ёлкі з розных матэрыя-
лаў. У гэтай установе прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаЁлка». Юныя чараўнікі навучылі навагоднія дрэвы танцаваць, спяваць, мяняць колер. Усяго на конкурс было прадстаўлена больш за дзвесце экспанатаў пераможцаў і прызёраў раённых этапаў.

Жывую ці штучную?

З сярэдзіны снежня працуюць ялінкавыя базары. Дарэчы, прыкладна трэць плошчы Віцебскага лясгаса — хвойныя дрэвы, з кожным годам тут усё больш вырошчваюць ялінак да свята ў кадках. Аптымальна і для пакупнікоў, і для прыроды: калі стварыць патрэбныя ўмовы, дрэва можна будзе потым высадзіць у грунт. Каб павялічыць шанцы на поспех, нельга ставіць яго блізка ад батарэй ацяплення, абагравальных прыбораў. Штодня трэба добра паліваць зямлю і шчодра апырскваць хвою.

Толькі ў Віцебску сёлета працуе каля пятнаццаці базараў па рэалізацыі ялінак. Яны на рынках, каля буйных гандлёвых цэнтраў, прадпрыемстваў, у спальных раёнах, каля ўстаноў сацыяльнага прызначэння. Найбольш папулярныя — вышынёй да 1,5 метра. Лясніцтва рэалізоўвае дрэўцы вышынёй да метра за 11,5 рубля, да двух — 14,5 рубля, да трох — 21 рубель.

Самая танная — метровая — штучная ялінка са Смаленскага рынку ўпрыгожыць ваш дом за 40 рублёў. За трохметровую просяць 550. Дарэчы, беларусы навучыліся вырабляць іх не горш за замежнікаў, пры гэтым у паўтара раза танней.

Дарэчы, штраф за незаконную высечку дрэў — да 870 рублёў. Фіксуюць парушэнні пры дапамозе фота і відэаапаратуры.

Савецкае ў модзе

Вельмі багаты выбар ёлачных цацак. З кожным годам набіраюць папулярнасць цацкі савецкай вытворчасці.

На «блышыных радах» расказалі і пра рост цікавасці да старых фігурак Дзеда Мароза і Снягуркі, а яшчэ... да «бабулінага» посуду. У прыватнасці, вельмі хутка прадаецца фарфоравы набор: графін-шчупак і чаркі ў выглядзе маленькіх рыбак. Такія былі ў многіх савецкіх сем'ях.

Неяк каля пад'езда сустрэў суседа, які жыве паверхам вышэй. Ён вельмі радасна паведаміў, што купляе... тыгра! Пару гадоў таму, калі ён рабіў рамонт, на маёй кухні са сцяны ўпаў гадзіннік... Таму я адразу ўявіў некаторыя наступствы новай пакупкі. Калі сусед убачыў рэакцыю на маім твары, удакладніў, што афармляе дакументы на пакупку аўто «Opel Tіgra». Потым будзе год Труса, падказвае кітайскі каляндар, за ім — год Дракона, а потым — год Змяі... Не, лепш, хай падае гадзіннік.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: А сусед купляе... тыгра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.