Вы тут

Смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых хвароб знізілася


Сардэчна-сасудзістыя хваробы штогод забіраюць жыцці 17 мільёнаў жыхароў планеты. І з'яўляюцца прычынай трэці ўсіх смяротных выпадкаў.


Фота: desna.cn.ua

Але наша здароўе, як сцвярджаюць спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на палову залежыць ад ладу жыцця. Калі скарэктаваць свае паводзіны, то рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых хвароб можна знізіць на 80 %, анкалагічных — на 40 %.

У прафілактыцы названых хвароб найбольшае значэнне маюць наша харчаванне, наяўнасць фізічнай актыўнасці, узровень глюкозы і халестэрыну. Негатыўна ўплываюць на сэрца сядзячы лад жыцця і вялікая колькасць солі ў рацыёне. Паводле інфармацыі загадчыка лабараторыі артэрыяльнай гіпертэнзіі РНПЦ «Кардыялогія» кандыдата медыцынскіх навук Вольгі Паўлавай, беларусы ў сярэднім ужываюць 10 грамаў солі ў суткі, што ў два разы перавышае норму. Знішчаюць сэрца і нашы шкодныя звычкі — курэнне і ўжыванне алкаголю. Між іншым, у нашай краіне курыць амаль кожны дарослы мужчына, а Беларусь адносіцца да краін з вялікай распаўсюджанасцю тытунекурэння.

У Беларусі захваральнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы летась складала 34 527 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва, пазалетась гэты паказчык быў крыху меншы — 33 112. Аднак, сцвярджае спецыяліст, гэта азначае не павелічэнне колькасці хворых, а лепшую выяўляльнасць. Больш красамоўны паказчык — доля сардэчна-сасудзістых хвароб у структуры смяротнасці. Ён год ад году не мяняецца і складае каля 55 %.

— Беларусь па-ранейшаму адносіцца да краін з высокім узроўнем смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых хвароб, — адзначае Вольга Паўлава. — Зрэшты, як і астатнія краіны СНД.

У той жа час наша краіна сярод лідараў у СНД па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з парушэннямі рытмаў сэрца, у прыватнасці, штогод у нас імплантуецца больш за 320 кардыястымулятараў на 1 мільён насельніцтва, што вышэй за аналагічны паказчык у іншых краінах СНД. Дарэчы, гэты паказчык падвоіўся менавіта за апошнія 10 гадоў.

— Дынаміка развіцця тэхналогій і аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з парушэннямі сардэчнага рытму вельмі змянілася ў апошнія гады, — падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння рытму сэрца РНПЦ «Кардыялогія» кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Часнойць. — Тэмпы развіцця ў нас вельмі высокія. І нягледзячы на тое, што выяўляльнасць сардэчна-сасудзістых хвароб павялічваецца, смяротнасць паступова зніжаецца за кошт развіцця ўсіх напрамкаў кардыялогіі, у тым ліку прафілактычных, тэрапеўтычных і кардыяхірургічных.

За апошнія сем гадоў, дарэчы, гэты паказчык знізіўся на 13 %. Калі ў 2011-м ён складаў 741 выпадак на 100 тысяч насельніцтва, то ў 2017-м — 696. Прычым істотна знізілася смяротнасць сярод працаздольных грамадзян — на 25 %.

Паводле слоў намесніка дырэктара па хірургічнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія» доктара медыцынскіх навук Сяргея Спірыдонава, у Беларусі выконваецца вялікая доля кардыяхірургічных аперацый з мэтай аднаўлення кровазабеспячэння міякарду жалудачка і лячэння ўскладненняў у пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю пасля інфаркту. А па колькасці трансплантацый сэрца наша краіна традыцыйна займае першае месца ў СНД. Штогод у нас робіцца ад 40 да 50 такіх аперацый пацыентам з тэрмінальнай сардэчнай недастатковасцю пры ўмове, што чаканая працягласць іх жыцця складае менш за год.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.