Вы тут

Стартаваў конкурс для журналістаў і блогераў


З 20 сакавіка адкрыты рэспубліканскі творчы конкурс «(Іn)клюзіўны погляд» — на найлепшае асвятленне тэмы людзей з інваліднасцю ў Беларусі, арганізаваны прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і Міністэрствам інфармацыі.


У Доме прэсы міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха падпісалі Палажэнне аб конкурсе.

— Мы спадзяёмся на шырокі ўдзел журналістаў і хацелі б запэўніць, што гэта толькі адзін з праектаў у частцы Інфармацыйнай стратэгіі, якая была падпісана летась (маецца на ўвазе Інфармацыйная стратэгія Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства. — Рэд.), — сказаў падчас падпісання Аляксандр Карлюкевіч.

— У склад журы конкурсу будуць уваходзіць як прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь, так і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, і самі людзі з інваліднасцю, — паведаміў журналістам Санака Самарасінха.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца журналісты друкаваных і электронных беларускіх медыя, журналісты-фрылансеры, блогеры, фатографы, стваральнікі відэа.

Работы будуць разглядацца ў трох намінацыях: «Найлепшая журналісцкая гісторыя», «Найлепшая фотагісторыя», «Найлепшая відэагісторыя». Матэрыялы могуць быць на рускай або беларускай мове і павінны быць апублікаваныя ў друку ці выйсці ў эфір тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ, размешчаны на інтэрнэт-сайтах на працягу 2018 года.

Тэрміны правядзення конкурсу: 20.03.2018—15.11.2018 года. Матэрыялы павінны быць накіраваны ў Міністэрства інфармацыі не пазней за 15 лістапада гэтага года. Пераможцы будуць вызначаны журы да 1 снежня 2018 года. Арганізатары конкурсу абяцаюць добрыя прызы — прафесійную тэхніку і дыпломы ад Міністэрства інфармацыі і ААН.


У нашай краіне звыш паўмільёна людзей з рознай ступенню інваліднасці, і колькасць іх пастаянна расце. Нам трэба зрабіць усё, каб яны не саромеліся сваёй інваліднасці і не адчувалі сябе ізгоямі.

Святлана БУСЬКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.