Вы тут

Крылатыя ворагі пчол


Нельга ўявіць наша наваколле без птушак. Яны прыносяць вялікую карысць чалавеку і з’яўляюцца важным звяном у ланцужку жывой прыроды. Але разам з тым некаторыя з птушыных наносяць шкоду. У нашым выпадку – пчальніку, паядаючы пчол і разбураючы іх гнёзды. Тым не менш, кожны пчаляр павінен памятаць: якімі б вялікімі ні былі страты ад птушак, знішчаць іх не варта, бо гэтыя насякомаедныя – памочнікі ў барацьбе са шкоднікамі лесу і агароду.

Сярод птушак можна выдзеліць тых, для якіх пчолы – значная частка рацыёну. Гэта шчурка залацістая, пчалаед (асаед), грычун.

Шчурка залацістая сустракаецца на поўдні Украіны і Расіі, а ў Беларусі яна занесена ў Чырвоную кнігу, таму непакоіць яе забаронена.

Грычун (рус. – сорокопут) – птушка атраду вераб’іных, люты вораг пчол. Грычуны сустракаюцца паўсюдна. Рэкамендуецца разбураць іх гнёзды.

Пчалаед таксама шырока распаўсюджаны. Сілкуецца восамі, пчоламі, чмялямі, нярэдка адкопваючы гнёзды насякомых, што жывуць у зямлі. Пчалаеды, трапіўшы выпадкова на паветраную «дарогу» пчол, па якой тыя ляцяць з пчальніка на медазбор і назад, пачынаюць паляваць на іх да таго часу, пакуль не наб’юць свае валлякі. Птушка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Размяшчаць пчол і вывозіць іх на качоўку неабходна з улікам адсутнасці калоніі гэтых ворагаў.

Шмат шкоды на пчальніках Беларусі наносяць таксама сініцы і ластаўкі.

Сініца паядае пчол. Гэта праблема характэрная для зімовага перыяду, асабліва ў час, калі ляжыць снег. І бяда зусім не ў тым, што птушка знішчыць некалькі насякомых у дзень. Сініца садзіцца на прылётку і турбуе пчол. У выніку падвышаецца тэмпература ў вуллі, матка пачынае адкладаць яйкі. Павялічваецца расход корму, што прыводзіць да пагаршэння ўмоў зімоўкі пчол.

Аднак заўважана, што сінічкі з’яўляюцца на тых пчальніках, дзе дрэнна зімуюць пчолы, турбуюцца і вылятаюць. Таму іх можна назваць своеасаблівым барометрам становішча на пчальніку. І тым не менш, неабходна прымаць меры па абароне пчол ад гэтых птушак. Самы распаўсюджаны спосаб – нахілена прыстаўленыя да лятка дошка альбо яловыя лапкі, якія не даюць магчымасці сініцы замацавацца на лятку. Аднак тут ёсць і значныя недахопы. У прыватнасці, калі пры рэзкім пацяпленні пчолы вылятаюць з вулля ў зімовы перыяд на аблёт, трапіць назад яны не могуць і амаль усе гінуць.

Другі спосаб барацьбы з сініцамі на пчальніку – стварэнне своеасаблівага лабірынту перад лятком. Найбольш зручна гэта зрабіць пры наяўнасці веранды. Насупраць лятка ў пачатку верасня прымацоўваецца адна або некалькі дошак шырынёй 20-25 см. Пчолы за цёплыя лётныя дні звыкаюцца з лабірынтам, і яго наяўнасць не шкодзіць ім у зімовы перыяд.

Гуманны і тым не менш эфектыўны спосаб барацьбы з сініцамі – падкормка іх за межамі пчальніка. Напрыклад, у цяжкі для птушак перыяд (марозны і са снегам) развешваюць кавалачкі сала на дрэвах. У большасці выпадкаў сініцы прывыкаюць да прапанаванага корму і з пчальніка злятаюць.

Ластаўка таксама паядае пчол, але не ў значнай колькасці, падчас выкормлівання птушанят і падрыхтоўкі да адлёту ў вырай. Найбольш небяспечны для пчаляра першы перыяд, бо ў гэты час у сем’ях часта праходзіць замена матак. Маладыя маткі вылятаюць на аблёт альбо спарванне і становяцца ахвярамі крылатых паляўнічых. Асноўная прычына паядання ластаўкамі пчол – недахоп корму (іншых насякомых). Меры барацьбы – адпужванне і па магчымасці размяшчэнне пчальнікоў далей ад месца іх масавага збору.

Іншыя птушкі для пчол уяўляюць значна меншую небяспеку.

Васіль КАВАЛЕЦ,

старшыня Салігорскага міжраённага аб’яднання “Бортнік”

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.