Вы тут

Дзе ў Беларусі можна сустрэць хобітаў


Месца дзеяння

Калі б не было гэтых людзей, свет быў бы шэры і сумны. Яны, магчыма, маглі б рэалізавацца дзесьці ў горадзе, там, дзе больш шанцаў на поспех. Але засталіся ў сваіх маленькіх населеных пунктах і імкнуцца зрабіць нешта карыснае для сваёй малой радзімы. Новы праект «Звязды» прысвячаецца менавіта ім — рухавікам глыбінкі.

Да чаго ж тут цікава і незвычайна. Побач лес, рэчка з пясчанымі беражкамі, шмат кветак і матылькоў, а паветра якое — дыхаеш і не можаш надыхацца. «А вунь там, — махае кудысьці ў бок паўразбуранага будынка Фёдар, — жывуць хобіты». Ён глядзіць на мой збянтэжаны твар, і вочы яго смяюцца. І дзесьці ў глыбіні душы ва мне прачынаецца дзіця. І адчуванне казкі становіцца вельмі вострым і рэальным.


Гар­ба­та з ча­бо­рам, ка­лі лас­ка.

Толкіну б спадабалася

Знаёмцеся — Фёдар Бондараў, непапраўны рамантык і энтузіяст. Родам з Магілёва, але пераехаў на радзіму маці ў вёску Пацяраеўка Слаўгарадскага раёна, гэта зусім побач з тым самым казачным месцам. Наогул ён прадпрымальнік, мае невялічкую пілараму, робіць паддоны. А вось гэта база ў лесе — занятак для душы. Афіцыйная назва яе — база экалагічнага турызму «Маленькія дзівы», або проста — «Мальдзівы». Але нічога не перашкаджае ёй час ад часу ператварацца ў краіну хобітаў.

— Яшчэ ў школе мы з сябрамі вельмі любілі адпачываць тут на рэчцы, і кожны з нас строіў планы наконт гэтага месца, — усміхаецца Фёдар. — Потым усе выраслі і раз'ехаліся, а я рэалізаваў сваю дзіцячую мару.

Два гады таму Фёдар гучна заявіў пра сябе, стварыўшы ў маленькім населеным пункце Дзіцячы цэнтр лагічнага мыслення. Што гэта такое, прызнаецца, сам тады толкам не ўсведамляў. Проста хацеў стварыць такое месца, дзе дзецям нічога б не перашкаджала заставацца такімі, якія яны ёсць. Бо снедаць па раскладзе, класціся ў ложак адразу ж пасля «Калыханкі», выконваць іншыя даручэнні дарослых — гэта сумна. І Фёдар стварыў усе ўмовы для творчасці.

Увасобіць мару ў жыццё дапамаглі мясцовыя ўлады пры падтрымцы ў рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Так з'явіўся новы будынак з усімі выгодамі, унутры — і месцы для адпачынку, і зала для снедання, і гульнявы лабірынт з сухім басейнам з рознакаляровымі шарыкамі, горкамі, тунелямі, сценкай для скалалажання.

Бліжэй да прыроды

Тут усё зроблена з экалагічным ухілам. Нават пакоі нагадваюць палаткі, але ж пад надзейным дахам. У такіх палатках ніякі холад і дождж не палохаюць. За вокнамі шпакоўні, прычым зроблены яны з такім разлікам, каб дзеці маглі назіраць за паводзінамі птушак. На сценах — дзіцячыя малюнкі.

— Мы папрасілі дзяцей намаляваць, як яны бачаць месца, дзе хацелі б адпачыць, — расказвае Фёдар. — Іх пажаданні выкарыстоўваліся пры пабудове. А некаторыя хутка ажыццявяцца. Вунь, бачыце, нехта намаляваў домік на дрэве. І ён будзе.

На сцяне — «мальдзіўскі» сцяг. Будзе і спецыяльны «мальдзіўскі» гімн. Але яго павінны прыдумаць самі дзеці. Наогул для дзіцячай фантазіі тут сапраўднае раздолле. Кожная зона прадумана так, каб па максімуме задзейнічаць мысленне падлеткаў. Ёсць столік хіміка, фізіка, мастака. Навошта? Для таго, каб школьнікі маглі спалучаць прыемнае з карысным. База будавалася з такім разлікам, каб тут маглі не толькі адпачываць, але і вучыцца. І Магілёўскае абласное ўпраўленне адукацыі дало на гэта дабро. Першыя заезды магілёўскіх школьнікаў адбыліся яшчэ зімой. Пасля заяўкі пасыпаліся адусюль. І толькі складанасці з ацяпленнем прымусілі адкласці актыўнае задзейнічанне базы да цёплага перыяду.

На месцы былой гідраэлектрастанцыі

У савецкі час на гэтым месцы планавалі паставіць невялічкую гідраэлектрастанцыю, але, пакуль адбывалася будоўля, актуальнасць у яе існаванні прайшла. Зямлю разам з будынкамі перадалі калгасу «Жалезінскі», але з развалам Савецкага Саюза калгас таксама распаўся і месца прыйшло ў заняпад. Фёдару дасталася ў спадчыну некалькі паўразбураных будынкаў. Першапачаткова нават разглядаўся варыянт зрабіць у адным з іх базу. Аднак хутка прыйшлося адмовіцца.

— Па праекце мы павінны былі паскорыцца, каб атрымаць грошы, — згадвае ён той перыяд. — У будаўніцтва былі ўкладзены 19 тысяч долараў, якія нам выдзелілі па праекце, і 19 тысяч сваіх. Грошы патраціў за першы месяц і вельмі хваляваўся, як быць далей: не было больш рэзерваў. Прыйшлося браць крэдыт на 30 000 рублёў, каб укласціся ў тэрміны. А праз 11 месяцаў адбылося ўрачыстае адкрыццё. Некаторыя не верылі, што ўсё атрымаецца, але памыліліся. І гэта быў першы крок. Потым мы напісалі яшчэ некалькі праектаў і перамаглі. У выніку ў нас з'явілася лодка, гіраскутары, веласіпеды, батут, мячы, сетка і іншы інвентар. Потым дзякуючы міжнароднай дапамозе купілі мэблю, абсталяванне для санвузлоў. Так за два гады выраслі з Дзіцячага цэнтра лагічнага мыслення ў базу экалагічнага турызму.

Ма­рыя Кар­ша­ке­віч у «Маль­дзі­вах» га­лоў­ная па ар­га­ні­за­цый­ных пы­тан­нях.

Пакуль што ўсе грошы ідуць на развіццё базы. Але Фёдар не сумуе, спадзяецца, што ўсё будзе добра. Не губляць надзею яму дапамагаюць сябры і аднадумцы. Першая яго памочніца Марыя Каршакевіч, у яе таксама бацькі з Пацяраеўкі. Яна займаецца арганізацыйнымі пытаннямі, а яе маці адказвае за ландшафтны дызайн, упрыгожвае тэрыторыю базы — а гэта больш за 6 гектараў зямлі — кветкамі. Магіляўчанін Аляксандр Пятроў арганізуе музыкальнае суправаджэнне падчас мерапрыемстваў. Дапамагаюць людзі, якія працуюць на пілараме. А яшчэ — Слаўгарадскі райвыканкам і асабіста яго старшыня Канстанцін Жыгуцкі. А таксама Лапаціцкі сельсавет, на тэрыторыі якога знаходзіцца база.

У краіне хобітаў і Гары Потэра

Спатрэбіўся і паўразбураны закінуты будынак былой гідраэлектрастанцыі. Пакуль што ён выкарыстоўваецца для фантазійных гульняў. Тут час ад часу «жывуць» гномы, гобліны, эльфы, чараўнікі — вялікі магічны свет, дзе ідзе пастаянная барацьба паміж дабром і злом. І ў гэтай барацьбе дзеці вучацца адрозніваць дрэннае ад станоўчага, ворага ад сябра, цаніць сяброўства і, нягледзячы на складанасці, якія сустракаюцца ў жыцці, заставацца шчодрымі, добрымі, дапамагаць іншым.

— Казкі — гэта яшчэ адзін наш кірунак, — кажа Фёдар. — Тэма, дзе можна аб'яднаць смелыя фантазіі і прыроду. Мы нават касцюмы закупілі для такіх гульняў, каб цалкам акунуцца ў містычны свет.

Заходзім у будынак, дзе арганізатары нядаўна праводзілі квэст у духу Гары Потэра. Шэрыя сцены, стол пасяродку — сапраўды адчуваецца нейкая містыка.

— Таямнічасці надавалі свечкі, фіранкі на вокнах, карціны. Вунь там, на другім паверсе, была лаўка Гары Потэра, дзе хобіт прадаваў чарадзейныя палачкі, — расказвае Фёдар. — Дзеці сядзелі за сталамі, вывучалі траўкі, потым ішлі на вуліцу, дзяліліся на каманды і шукалі гэтыя расліны.

На вуліцы — невялічкія альтанкі, напоўненыя духмяным сенам. Добрае месца для адпачынку, але падчас гульні гэта не што іншае, як жытло хобіта. Хутка тут з'явяцца і экзатычныя жывёлы. Поні ў Фёдара ўжо ёсць — гуцульскі. Ці, як ён яго яшчэ называе, — арабскі скакун у мініяцюры.

Прыгоды для «мальдзіўцаў»

Увесь май на тэрыторыі базы адпачывалі і адначасова вучыліся школьнікі першых —чацвёртых класаў з 39-й, 33-й , 31-й і 42-й магілёўскіх школ. Чатыры ўрокі вучыліся, потым глядзелі дакументальны фільм, у якім даступна расказваецца, як захаваць прыроду і пазбегнуць экалагічнай катастрофы. Апошні, пяты, урок быў выязны, каб замацаваць атрыманыя веды.

— Будуем праграму зыходзячы з таго, што цікавіць дзяцей, — кажа Фёдар. — Калі ім падабаецца займацца вынаходніцтвам, нешта прыдумваем, шукаем цікавыя ідэі ў інтэрнэце і ўвасабляем іх у жыццё: гуляем у хобітаў, робім крэатыўныя карціны, ліхтарыкі, кветкавыя вазоны і шмат чаго іншага. Плануем пабудаваць хатку на дрэве, зрабіць невялічкае возера з экзатычнымі рыбкамі. Дзяцей спачатку трэба зацікавіць, а потым ужо развіваць. Магчыма, у кагосьці талент раскрыецца. Будзем вучыць, як выжываць у лесе, як арыентавацца на мясцовасці, як пабудаваць часовае жыллё.

— Навошта вам усё гэта трэба? — спрабую справакаваць суразмоўніка.

— Проста цікава, хочацца зрабіць нешта такое, каб прыносіла карысць. Вельмі хочацца паказаць дзецям, які прыгожы наш свет. Я не прэтэндую на ролю сэнсэя ад жыцця. Але першае правіла — гэта беражлівае стаўленне да прыроды, развіццё любові да яе. І вучоба жыць у згодзе з навакольным светам — жывёламі, птушкамі. Умець выходзіць з канфліктных сітуацый, не сварыцца, быць добрымі і спагадлівымі.

Ужо калі была дома, злавіла сябе на думцы, што зноў хочацца паспрабаваць той духмянай гарбаты з чаборам, якую мы разам з Фёдарам і Машай пілі на ўтульнай «мальдзіўскай» кухні. І быццам лёгкі лясны ветрык датыкнуўся да маёй шчакі і паклікала рэчка з прыгожай назвай Раста. А можа, гэта ўсё чараўніцтва хобітаў, якія дзякуючы Фёдару абараняюць гэтыя мясціны і клічуць да сябе ў госці?


Сцяпан Байцоў, старшыня Лапаціцкага сельвыканкама:

— Месца для базы экалагічнага турызму проста выдатнае. Фёдара ведаю як чалавека неабыякавага, якому цікава нешта рабіць для іншых. Таму, калі праводзіў сустрэчу, дзе мы размаўлялі аб развіцці рэгіёнаў, запрасіў і яго. І Фёдар купіў за адну базавую гэты ўчастак з пабудовамі. У выніку паявіўся праект па адкрыцці Дзіцячага цэнтра лагічнага мыслення. Ён перамог, былі выдзелены грошы, і пачалася работа. Да апошняга я сумняваўся, наколькі гэта перспектыўна. Бо трэба было браць гэта ўсё пад сваю адказнасць і ставіць пячатку. Нават не спаў ноч, а ў восем раніцы прыйшоў у кабінет, завізіраваў і супакоіўся. Цяпер бачу, што ўсё атрымалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Гайда на «Мальдзівы»!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.