Вы тут

Заўтра медыкі адзначаць прафесійнае свята


З якім настроем сустракае гэты дзень айчынная медыцына, расказалі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя.


— Штогод паступаць у медыцынскія ВНУ прыходзяць выпускнікі з самымі высокімі баламі, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена БОГДАН. — Мы ганарымся, што высокаадукаваныя маладыя людзі становяцца нашымі студэнтамі.

Штогод мы мяняем сістэму падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. У прыватнасці, з новага вучэбнага года на 1-м курсе студэнты пачнуць вывучаць «Асновы догляду пацыента», на 6-м курсе будзе ўведзена дысцыпліна «Медыцынскае права з пытаннямі біяэтыкі і камунікацый паміж урачом і пацыентам».

Мяняецца і структура аказання медыцынскай дапамогі на ўзроўні пярвічнага звяна, у прыватнасці, адбываецца пераход ад тэрапеўтаў да ўрачоў агульнай практыкі. Летась у Беларусі ўрачамі агульнай практыкі працавалі ўжо 1174 спецыялісты, а гэта 40 %. Мяркуецца, што сёлета гэта лічба дасягне 60% (або 2 тысячы ўрачоў агульнай практыкі).

Тэрапеўты праходзяць перападрыхтоўку, пасля чаго могуць спалучаць функцыі эндакрынолага, оталарынголага, афтальмолага, пульманолага і кардыёлага. Разам з гэтым працоўныя месцы ўрачоў агульнай практыкі аснашчаюць неабходным дыягнастычным абсталяваннем — глюкометрамі (для вымярэння ўзроўню глюкозы ў крыві), афтальмаскопамі (для агляду вочнага дна), прыборамі для агляду лор-органаў, кардыёграфамі (для вымярэння біяэлектрычнай актыўнасці сэрца). Холтэраўскім манітарыраваннем (прыбор, які фіксуе работу сэрца на працягу сутак) працоўныя месцы будуць абсталяваны з разліку адна сістэма на пяць урачоў.

Для ранняга выяўлення хвароб, у тым ліку і анкалагічных, у нашай краіне ўсё больш распаўсюджваюцца скрынінгавыя праграмы. Для Беларусі гэта актуальна — тут штогод рак выяўляецца ў больш чым 50 тысяч чалавек. Сёння паспяхова ўкараняюцца скрынінгавыя праграмы па выяўленні рака чатырох самых распаўсюджаных лакалізацый: шыйкі маткі, малочных залоз, прастаты і кішэчніка. У найбліжэйшых планах, як паведаміў дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, член Савета Рэспублікі Алег СУКОНКА, з'явіцца яшчэ чатыры праекты па скрынінгу раку. Гэта дазволіць выяўляць на ранніх стадыях рак лёгкага, ратаглоткі, яечнікаў і скуры. А пілотны праект па скрынінгу раку лёгкага ўжо рэалізуецца на базе Мінскага абласнога туберкулёзнага дыспансера.

Пакуль у структуры смяротнасці першае месца займаюць не анкалагічныя, а сардэчна-сасудзістыя хваробы. Яны становяцца прычынай гібелі да 58 % людзей, адзначыў галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр МРОЧАК. Тым часам імкліва развіваюцца тэхналогіі ў аказанні кардыялагічнай дапамогі.

— Мы можам выратоўваць людзей ад інфаркту міякарда, з вострым каранарным сіндромам, кардыяміяпатыяй — натуральным вынікам гэтага стане павелічэнне працягласці жыцця і колькасці пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю. Фінальная стадыя аказання дапамогі такім пацыентам — трансплантацыя. У Беларусі ўжо праведзена 293 перасадкі сэрца, выканана ўнікальная аперацыя па трансплантацыі «сэрца+лёгкія», — расказаў Аляксандр Мрочак.

Летась стартавалі сістэмныя праграмы па элімінацыі (выключэнні) такіх хвароб, як ВІЧ, туберкулёз і гепатыт С, распачата лячэнне рассеянага склерозу. У прыватнасці, пачата лячэнне віруснага гепатыту С за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Беларусь, дарэчы, стала першай краінай свету, дзе гэта магчыма за дзяржаўныя сродкі. У праграму пакуль уключана 2 тысячы пацыентаў. Калі раней прэпараты на лячэнне гэтай хваробы закупляліся за сродкі Глабальнага фонду, то зараз асноўныя лекі выпускаюцца айчыннымі фармакалагічнымі прадпрыемствамі. Дзякуючы гэтаму курс лячэння аднаго пацыента стаў таннейшы ў 40 разоў. Калі 7-8 гадоў таму яно каштавала 30-40 тысяч долараў, то зараз — 800—900 долараў. Лячэнне гепатыту С у 96 % выпадкаў паспяховае і вядзе да поўнага знікнення хваробы, у пацыента не развіваецца цыроз і рак печані.

Усяго ў Беларусі каля 34 тысяч хворых на вірусны гепатыт С. Акрамя 2 тысяч ужо ўключаных у праграму сфарміравана заяўка на лячэнне яшчэ 4 тысяч. Такім чынам, штогод такіх пацыентаў будуць накіроўваць на лячэнне, і адпаведна іх колькасць паступова зменшыцца, расказаў каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па інфекцыйных хваробах у Рэспубліцы Беларусь Вячаслаў ГРАНЬКОЎ.

Каля 70 % ВІЧ-станоўчых беларусаў атрымліваюць лячэнне за дзяржаўны кошт. Беларусь, дарэчы, адна з першых краін свету, дзе ўкаранілі саматэставанне на ВІЧ. 

З мая гэтага года такой методыкай ахоплены ўсе рэгіёны. Тэст на ВІЧ можна набыць у звычайнай аптэцы і зрабіць яго дома. Ужо каля двух дзясяткаў чалавек пасля такой працэдуры звярнулася ў медыцынскія ўстановы для пацвярджэння дыягназу.

Поспехі беларускіх фармаколагаў не толькі ў выпуску прэпаратаў для лячэння такіх складаных хвароб як гепатыт С. Сёння на беларускім рынку каля 53 % лекаў — айчыннай вытворчасці. 84 % з іх каштуюць не больш за 10 рублёў, нягледзячы на тое, што гэта высокаінтэлектуальны прадукт, які адпавядае ўсім крытэрыям эфектыўнасці, паведаміла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла РЭУЦКАЯ. За апошнія 15 гадоў у Беларусі не выяўлена выпадкаў фальсіфікацыі лекавых сродкаў, а з правераных 5,3 тысячы серый прэпаратаў айчыннай вытворчасці забракаваны ўсяго 0,1 % падчас допуску на рынак. Пры гэтым праверкі ў аптэчных сетках браку не выявілі.

— Мы змагаемся з павышэннем цэн на лекавыя сродкі. У прыватнасці, былі скаргі на тое, што ў Расіі некаторыя прэпараты таннейшыя, чым у Беларусі. Мы працавалі з вытворцамі і пастаўшчыкамі і дамагліся зніжэння цэн, — адзначыла Людміла Рэуцкая.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дзеля нашага здароўя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.