Ганнна Комар
нарадзілася 20 сакавіка 1989 года ў Баранавічах. Скончыла МДЛУ. Працавала настаўніцай англійскай мовы, перакладчыцай, памочніцай кіраўніка, валанторкай у Ірландыі. Летась атрымала прэмію імя Марзіі Закір’янавай, дзякуючы чаму чакае выдання сваіх вершаў на англійскай мове ў Лондане. Працуе над перакладамі сучаснай жаночай англамоўнай паэзіі.
ПАСЛЯ СТРАХУ
,,,
Бледнай рукой вясна рассоўвае фіранкі.
Доўгія месяцы штучных вітамінаў
пакінулі калматыя лішаі на целах вокнаў,
сонечныя ванны ў помач дзецям умераных шырот
і фермаў, дзе гадуюць
мяса.
Мы і самі мяса,
і вецер рве нас на шматкі, і вецер не шкадуе нашых шкурак,
і вецер пусціць нас на салцісон.
Ссінелымі губамі я прамаўчу
сваю нязгоду
з выпадкам нараджэння
ў гэтым клімаце
і з гэтым снегам,
што шыю маю
раздзьмуў, як жабу.
Я пракаўтну лядзяш з лімонным сокам,
заем усё гэта журавінай у цукры.
Падчас вясенняе ўборкі памыем вокны —
ды толькі да наступнага дажджу.
,,,
пасля
птушка вылятае,
птушаня
сочыць за ёй з гнязда:
за размахам яе крылаў,
за паваротам хваста,
за тым, як паветра
прагінаецца пад імі.
гарызонт завальваецца:
свет вакол
сцягваецца ў тугое яйка.
калі яна больш не вернецца,
скарлупа яму будзе домам.
,,,
Трашчаць храсткі,
калі я расхінаю рукі
ўпусціць цябе,
баляць калені
бегчы за табой.
Твая свабода
сягае далей за маю
забруджаную паэтыку.
Я выпраменьваю любоў,
абцяжараную плутоніем.
Пакінь мяне маім хваробам,
шукай нерадыёактыўнае ўлонне.
ірландскі сняданак па–беларуску
на сняданак — учарашні заход сонца,
нясвежы, як прасціны пад намі;
яны ведаюць, пра што мы
будзем думаць увесь дзень.
учарашні, памяты, як мая скура;
мы з ёй сінхронна губляем:
яна — пругкасць, я — ідэалы.
чайкі, з якімі ў цябе вайна,
замінаюць лічыць, колькі жанчын
прымаюць цябе як ёсць.
гэтая мыльная опера
зацягнулася
да світанку,
час снедаць
і не падавіцца
засохлай скарынкай.
Ціхае вар’яцтва
З жанчынай, што
па ўзросце мне маці,
па знешнасці — бабуля,
па паводзінах — дачка,
а насамрэч — мой пацыент,
хоць я не доктар,
а яна не ў вар’ятні,
Мы
ўдзень
выдаем на нармальных,
уноч жа
змешваем масла, цукар, муку ды яйкі
і жарэм сухама
свае дэпрэсіўныя станы.
суботняя ноч
агарні мяне
трыпутнікам
цела свайго
ціха ляжаць
слухаць
рэха маўчання
трамвайных рэек,
стомленых барабанаў
зацяганыя рытмы,
з дынамікаў сэрцабіццё,
акцэнты смеху
турыстаў…
пакуль не зрастуцца
раны мае
з тваім лісцем
,,,
У далонях ласкавых тапельца
жучок, чарвячок і ручка.
Абмінаюць яго вужакі,
цяжкія гружоныя баржы
і грыбныя дажджы.
Сёлета лецішча радуе
спелымі яблыкамі.
Вернешся — дома верасень
і запіска на халадзільніку:
«Хутка май».
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.