Вы тут

Колькі будзе каштаваць сёлетні навагодні стол беларусаў


Да канца года засталося менш за два тыдні. Вуліцы блішчаць і міргаюць, у паветры — мандарынавы водар, вось-вось пачнуцца ёлачныя базары. Падарункі збольшага набытыя і запакаваныя. А запаслівыя гаспадыні ўжо пачалі пакрысе закупляцца прадуктамі для святочнага застолля. Мы прайшліся па крамах і падлічылі, якую суму ў гэтым годзе прыйдзецца заплаціць за традыцыйныя закускі і напоі.


Традыцыйны беларускі стол мы склалі метадам апытання калег, сваякоў з вёскі і выпадковых мінакоў на вуліцы. Высветлілася, што абсалютная большасць на Новы год гатуе мяса па-французску і запякае курыцу з бульбай. Савецкі «селядзец пад футрам» і «крабавая салата», у якой ніколі не было крабаў, родам з галодных 90-х пакідаем па-за спісам. Яны больш не ў трэндзе. Ну і заліўную рыбу на Новы год цяпер можна ўбачыць хіба толькі на экранах — падчас нязменнага прагляду «Іроніі лёсу». Адзіная страва з прысмакам настальгіі, якая па-ранейшаму выклікае ўсенародную любоў, — салата «аліўе». На закускі ніхто час не марнуе: бяруць палачку сыравэнджанай каўбаскі і гуркі з памідорамі. Масляністыя бутэрброды са шпротамі на часночным батоне многія даўно замянілі на цывільныя канапэ з маслам, кавалачкамі чырвонай рыбы ці ікры.

Калі адштурхнуцца ад такога меню, то спатрэбіцца наступны набор прадуктаў (колькасць з разлікам порцый на сям'ю з чатырох чалавек): курыца (1,5 кг) — 6 рублёў; свініна (1 кг) — 10,27; каўбаса сыравэнджаная (400 г) — 7,90; сыр (300 г) — 4; ікра ласосевых рыб (100 г) — 13,60; сёмга (200 г) — 11; бульба (2 кг) — 1,14; агуркі свежыя (0,5 кг) — 1,60; памідоры свежыя (0,5 кг) — 2; масла (200 г) — 2,95; мандарыны (1 кг) — 3,15; торт (1 кг) — 11,10; чорны хлеб і батон — 1,65 і 1,30. Плюс стандартны набор напояў: «Савецкае» шампанскае (0,75 л) — 8,5; гарэлка (0,5 л) — 7,85; салодкая газіроўка (2 л) — 2,80. Цэны, зразумела, сярэднія.

Дзеля цікавасці мы асобна падлічылі кошт ядомага сімвала Новага года — «аліўе». Доктарская каўбаса (400 г) — 3 рублі, кансерваваны гарошак (400 г) — 1,60; яйкі (6 шт.) — 1,20; бульба (300 г) — 0,20; морква (200 г) — 0,20; цыбуля (1 шт.) — 0,20; маянэз (300 г) — 1,50.

На выхадзе маем два кілаграмы свежанарэзанай салаты агульным коштам у 9,63 рубля.

Дарэчы, гатовы варыянт «аліўе» ў краме каштуе каля 7-8 рублёў за кіло. Таму выгада відавочная: нарэзанае ўласнаручна абыдзецца амаль у два разы танней. Пры гэтым свая салата дакладна будзе з якасных прадуктаў. Як ні круці, але ў навагодняй мітусні ўцюхаць стравы не першай свежасці галоднаму і стомленаму пад канец года спажыўцу даволі проста.

Такім чынам, у гэтым годзе святочнае застолле сям'і з чатырох чалавек абыдзецца ў сярэднім у 110,5 рубля. Калі параўнаць са снежнем 2017-га, то яго кошт вырас роўна на 10 працэнтаў. Аднак варта зазначыць, складаючы наш святочны стол, мы арыентаваліся на цэны без зніжак. Супермаркеты ў імкненні зацягнуць да сябе як мага больш галодных пакупнікоў, безумоўна, зараз пачнуць спаборніцтва пад назвай «У каго танней». Тут важна не празяваць выгадную прапанову і адваяваць у натоўпе запаветную бляшаначку ікры па акцыі. Да таго ж упэўненыя: бульба, морква, цыбуля і нават кансерваваны гарошак у большасці суграмадзян знойдуцца ў хатніх запасах.

Выхад у свет

Калі клопаты каля пліты пад песні Баскава і Ратару ў планы на 31 снежня не ўваходзяць, то хутчэй браніруйце столік у рэстарацыі, кафэ ці начным клубе. Калі паспееце, вядома. Большасць папулярных месцаў заказы ўжо не прымаюць.

Цэннікі на начныя гулянкі ў Мінску стартуюць ад 120 рублёў на адну персону (дарагавата, улічваючы, што за гэтыя грошы дома можна накарміць цэлую сям'ю з чатырох чалавек). Рэгіёны ў гэтым плане радуюць больш прыемнымі коштамі — ад 50—70 рублёў.

Спрытныя шэф-повары абяцаюць накарміць не горш, чым дома, непатрабавальных гасцей і парадаваць далікатэсамі сапраўдных гурманаў. Халодныя закускі, салата, дзве гарачыя стравы, дэсерт, фрукты — мінімум, які вам прапануюць. Дарэчы, у многіх месцах за алкаголь прыйдзецца плаціць асобна.

Гэта цікава

У мінулым годзе навукоўцы падлічылі, што сярэднестатыстычны беларус у навагоднюю ноч з'ядае 1,5—2 кг ежы. Гэта больш за 4000 кілакалорый. Для параўнання англічане і шведы свае страўнікі берагуць і ўжываюць на 1000 кілакалорый менш. Нашымі «застольнымі» братамі могуць звацца немцы і палякі, бо таксама, не саромеючыся, налягаюць на смажанае мяса і бульбу, любяць моцны алкаголь.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.