Вы тут

Пра што гутарылі на міжнародным сімпозіуме літаратараў?


На міжнародным сімпозіуме літаратараў, на якім сёлета на адным пасяджэнні выступіла 19 аўтараў з розных краін, як заўсёды, было горача. Кожнаму было што сказаць — і хацелася гэта зрабіць! Бо такія людзі пісьменнікі. Іх справа — крышачку змяняць наш свет. Сімпозіум, які праходзіў у межах ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дапамог ім адчуць і зразумець — а што ж думаюць іншыя, на што скіроўваюць свае творчыя погляды? Такім чынам, размова адбылася! Толькі некаторыя вытрымкі з яе мы сабралі ў нашым матэрыяле.


Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ:

— Сімпозіум з'яўляецца пляцоўкай для ўмацавання міралюбівых і добрасуседскіх адносін. Пяты раз у краіне сабраліся пісьменнікі з розных краін — Беларусі, Расіі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, ЗША, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Францыі. Традыцыя нашага сімпозіума вырасла з тых круглых сталоў, якія праходзяць у рамках Дня беларускага пісьменства ў верасні кожнага года, пачынаючы з 2007-га. Калі мы задумваліся пра мэты сімпозіума, які праводзіцца з 2015 года, то спадзяваліся на тое, што ён стане пляцоўкай для міралюбівых добрасуседскіх адносін у гуманітарнай сферы, галіне культуры, літаратуры, мастацтва. Круглы стол і сімпозіум дапамагаюць злучыцца перакладчыкам розных краін, дзякуючы якім беларускую літаратуру пачынаюць прадстаўляць шырэй у свеце. Такім чынам мы пераходзім ад размоў пра раз'яднанасць, да спраў, якія вядуць да яднання, кансалідацыі і асэнсавання таго, што мы павінны быць разам. А нашым памочнікам у дасягненні добрых намераў павінна стаць мастацкае слова.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ:

— Мінская кніжная выстаўка настройвае на творчасць. Хачу звярнуць увагу, што нам усім патрэбна да таго ж і літаратурная крытыка. Прычым не проста добрая, а канструктыўная, якая дае як магчымасць адчуць значнасць сваёй працы, так і ўбачыць недахопы і памылкі. Але рабіць гэта трэба такім чынам, каб пісьменнік зразумеў, што яго не прыніжаюць і не абражаюць, а дапамагаюць ствараць. Важна займацца і мастацкімі перакладамі, і найбольш выдатна, каб творы перакладаліся менавіта носьбітамі мовы. Было б нядрэнна стварыць асацыяцыю перакладчыкаў, крытыкаў-міжнароднікаў, якія б «задавалі тон правільнасці перакладу»... Хачу падзяліцца адным сакрэтам. Часам чыноўнікі не хочуць прызнаваць пісьменнікаў, прыходзіцца штосьці даводзіць першым. Аднак нам трэба часцей нагадваць ім адну ісціну. Чым адрозніваецца чыноўнік ад пісьменніка? Тым, што пісьменніка ніколі не назавуць былым.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Дагестана, народны паэт Магамед АХМЕДАЎ:

— Часы змяняюцца, змяняюцца і пісьменнікі. Але застаецца вечнае: гэта наша Радзіма, наша мова, наш род. Паэзія — вяршыня ўсяго. Веліч народаў вызначаецца веліччу яго паэзіі. Што ёсць у народа самага дасканалага, самага бясцэннага, самага вышыннага? Гэта яго мова. Без мовы народ не існуе. А ў мовы яе вяршыня — паэты. Пра гэта асабліва сёння даводзіцца думаць і казаць, бо паўсюдна ідзе глабалізацыя. І калі вялікія народы і мовы яшчэ могуць гэта вытрымаць, то калі гэта даходзіць да малалікіх народаў і іх моў, узнікаюць праблемы. Таму кожны чалавек, кожны праект, па-сапраўднаму таленавіты аб Бога, нясе ў сабе зарад сваёй старажытнай, багатай, малітоўнай, роднай мовы — у гэтым выяўляецца багацце. У Дагестане заўсёды была малітва — перад родамі, перад бітвай, перад маці, перад жанчынай. Таму ў свой час Дагестан нарадзіў вялікага паэта Расула Гамзатава, якога можна было назваць народным паэтам усяго Савецкага Саюза. Дагэтуль яго вершы і песні гучаць, іх ведаюць, іх любяць, іх перакладаюць. Яго вершы сталі з'явай у літаратуры.

Дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва імя Аўэзава ў Казахстане Кенжахан МАТЫЖАНАЎ:

— 2019 год аб'яўлены ў СНД Годам культуры. Папулярызацыя чытання і нацыянальных літаратур стануць ключавымі для многіх форумаў і сустрэч. Старт усім будучым праектам сёння даюць беларусы, акрэсліваючы кірункі далейшага культурнага, літаратурнага супрацоўніцтва... Гісторыка-культурны шлях народа, як вядома, захоўваюць і перадаюць будучым пакаленням нацыянальныя літаратуры. Чытаючы літаратуру іншай краіны, мы лепш разумеем яе народ. Узбагачэнне нацыянальных літаратур сусветным вопытам адбываецца праз пераклад мастацкіх літаратур, актуальнасць і значнасць якога ў ХХІ стагоддзі ўзрастае.
У Казахстане паспяхова рэалізуецца праграма, ініцыяваная прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым, у межах праекта па перакладзе найлепшых твораў мастацкай літаратуры на шэсць моў народаў свету.

Публіцыст, перакладчык, пісьменнік са Славакіі Мар'ян СЕРВАТКА:

— Што значыць сур'ёзны пераклад? Ён можа мець пазітыўны ўплыў і негатыўны. Я ўспамінаю жарт пра тое, што такое паэзія? Кажуць, што паэзія — гэта тое, што руйнуецца пры перакладзе. Аднак такі падыход — не заўсёды праўда. Напачатку культуры заўсёды было слова. Пачынаючы ад Святога Пісання. Аднак у пачатку славацкай культуры быў пераклад слова. Вось чаму ён настолькі важны.

Кіраўнік апарату Цэнтра перакладаў пры Кабінеце Міністраў Азербайджанскай Рэспублікі Яшар АЛІЕЎ:

— Больш за 20 гадоў наш Цэнтр перакладаў выконвае важную місію па збліжэнні культур, наладжванні літаратурных сувязяў, плённым супрацоўніцтве ў літаратурнай творчасці. 20 гадоў цэнтр перакладаў быў грамадскай арганізацыяй. Аднак у 2014 годзе атрымаў статус установы. За гэты час цэнтрам была зроблена велізарная работа па прапагандзе азербайджанскай літаратуры ва ўсім свеце. Таксама мы знаёмілі чытачоў з сапраўднымі скарбамі сусветнай літаратуры, перакладаючы творы такіх масцітых аўтараў як Франц Кафка, Томас Вулф і іншыя. Нават у самыя цяжкія часы мы не зламаліся пад ціскам матэрыяльных цяжкасцяў, але засталіся вернымі высокадухоўнай літаратуры. Сярод твораў, з якімі мы працуем, не сустрэнеш белетрыстыкі, якую так любяць чытачы. Наданне новага статусу адкрыла перад цэнтрам новыя магчымасці. Мы сталі займацца перакладамі на зусім новым узроўні. Ніколі азербайджанская літаратура не была прадстаўлена сусветнаму чытачу так маштабна.

Галоўны рэдактар «Литературной газеты» Максім Замшаў:

— У размовах пра мастацкую літаратуру трэба падзяляць, што пішуць, што выдаюць і як прапагандуюць. Бо тут ёсць пэўная неадпаведнасць. Выдавецкі свет не такі шырокі, сур'ёзная літаратура, магчыма, не карыстаецца такім вялікім попытам у чытача на рынку. Кнігарні павінны хутка прадаваць, каб выжыць. А мастацкая літаратура не прадаецца так лёгка і актыўна, як, напрыклад, кнігі па здаровым ладзе жыцця. Але на самай справе праблем з мастацкай літаратурай у Расіі няма. Калі вы пагледзіце кароткія і доўгія спісы літаратурных прэмій, то ўбачыце велізарную колькасць імёнаў, 40—50 новых кніг высокага ўзроўню. Да таго ж прыгадаем прадстаўлены на выстаўцы сур'ёзны мастацкі раман «Брысбен» Яўгена Вадалазкіна, які выйшаў накладам у 35 тысяч асобнікаў. Гэта велізарны наклад для нашага часу. Хоць пяць-шэсць гадоў таму Яўген Вадалазкін быў нікому не вядомы, працаваў навукоўцам, не пісаў мастацкую прозу. З іншага боку, ёсць крызіс чытання, людзі аб'ектыўна сталі менш чытаць. І тут справа нават не ў тэмпе жыцця. Проста мы перасталі працаваць над сабой, будаваць уласную асобу, а чытанне акурат вельмі важнае. Але гэта пройдзе. Эпоха постмадэрну, страты каштоўнасцяў, стаўкі на камунікацыю і спажыванне, сферу паслуг — усё гэта сыдзе.

Празаік, публіцыст з ЗША Вікторыя КІНГ:

— На маю думку, нацыянальная культура і літаратура здольны паўплываць на развіццё планетарнай свядомасці. Якім чынам у глабалізаваным свеце будзе існаваць піксель маёй культуры? Наколькі нацыянальны пісьменнік здольны стварыць героя, у якім будзе ідэнтычнасць як з яго мясцовымі рысамі, так і з планетарнымі? Я мяркую, што сучасныя тэхналогіі трэба зрабіць нашай зброяй. На сёння ўжо існуе інстаграм-паэзія. Аднак хто з паэтаў, прысутных на сімпозіуме, па-сапраўднаму там працуе? А палова моладзі сядзіць менавіта на гэтай платформе. Трэба свае вершы дадаваць да пэўных візуальных вобразаў — і такім чынам выходзіць на маладых людзей. Даваць ім свае ідэі, сваё ўспрыманне свету і чалавека... Нам павінны дапамагчы чыноўнікі. І зрабіць так, каб айцішнікі, гэтыя дасведчаныя ў тэхналогіях, разумныя людзі, працавалі з паэтамі і пісьменнікамі і дапамагалі ім.

Публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр КАЗІНЦАЎ:

— Я прыязджаю ў Беларусь ужо раз дваццаты. І кожны раз раблю адно і тое ж — прашу нашых сяброў, беларускіх пісьменнікаў, даваць свае творы для публікацыі ў нашым часопісе. Кожны год сёмы нумар часопіса прысвечаны Беларусі. Аднак з кожным годам гэта робіцца ўсё цяжэй. Дзесьці з-за бядотнага стану часопісаў. Некалькі гадоў мы казалі пра тое, што часопісы на мяжы выжывання. І вось, здаецца, мяжа пяройдзена. Прыпынілі сваю работу часопісы «Октябрь», «Ореон», сама зала, якая прадстаўляла часопісы, закрылася. Натуральна, справа ў няўважлівасці ўлады. І тут гаварыць варта не пра змову, а проста пра невуцтва. Колькі разоў літаратура ў Расіі выжывала незалежна ад улады, а ў супрацьборстве ўладзе, за кошт любові чытача. Невыпадкова, што, калі яна не адчувала гэтай любові, яна гаварыла трагічным голасам... Каб было пачута слова беларускіх пісьменнікаў, пра тое, якія гэта людзі, з гонарам, што змагаліся за сваю незалежнасць у Вялікую Айчынную вайну! Многіх дзіўных ідэй, якія гучаць у Расіі сёння адносна вашай краіны, можна было б пазбегнуць.

Пісьменнік, публіцыст з Францыі Рамірас ЛОІК:

— Я журналіст, працую ў Францыі і пішу кнігу пра Беларусь. У маім выданні расказваецца ў тым ліку пра тое, як у заходніх СМІ асвятляецца Беларусь. Частка маёй працы прысвечана таму, у якіх сферах Беларусь дасягнула поспеху. Я размаўляў з людзьмі, якія адказваюць за ахову навакольнага асяроддзя ў вашай краіне. І зразумеў, што палітыка аховы навакольнага асяроддзя нашмат лепш развіта ў Беларусі, чым у іншых краінах. Асабліва гэта датычыцца лясоў на тэрыторыі Брэстчыны. Спадзяюся, мая кніга адкрые Беларусь французам і іншым людзям.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Напачатку была літаратура

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.