Вы тут

Развітальны акорд ІІ Еўрапейскіх гульняў прагучыць заўтра


У дні ІІ Еўрапейскіх гульняў Мінск пачаў размаўляць на дзясятках моў, тысячы балельшчыкаў з усяго свету сабраліся тут, каб паназіраць за выступленнямі сваіх любімых спартсменаў. А заадно і пазнаёміцца з беларускай сталіцай, а таксама культурнай і гістарычнай спадчынай усёй Беларусі.


Большасць узнагарод Еўрапейскіх гульняў у Мінску ўжо разыграна, за гэтыя дні на спартыўныя арэны выйшлі тысячы спартсменаў, у тым ліку сусветныя зоркі, рэкардсмены і алімпійскія чэмпіёны з 50 краін Еўропы. Вачыма сотняў журналістаў з усяго свету самую буйную спартыўную падзею гэтага лета ўбачылі аматары спорту ўсёй планеты.

Апошнім акордам Гульняў стане цырымонія закрыцця, якая заўтра адбудзецца на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Ужывую ў Мінску яе змогуць убачыць 22 тысячы чалавек, а таксама мільёны тэлегледачоў ва ўсім свеце.

Ключавымі героямі цырымоніі стануць самі спартсмены, члены дэлегацый краін-удзельніц, валанцёры і, вядома ж, балельшчыкі, якія падтрымлівалі атлетаў на працягу 10 дзён спаборніцтваў. У шоу прымуць удзел 4500 валанцёраў і каля 2000 спартсменаў. Па словах рэжысёра-пастаноўшчыка шоу Аляксея Сечанава, «цырымонія закрыцця — гэта заўсёды падвядзенне вынікаў. Вынікаў дзесяці спаборніцкіх дзён, якія былі напоўнены не толькі захапленнем і радасцю перамог, але і слязамі расчаравання. Каля чатырох тысяч спартсменаў сабралася ў Мінску, каб выканаць свае мары. І чыесьці мары спраўдзіліся, а хтосьці паставіў сабе новыя мэты, правёўшы работу над памылкамі. Гэта будзе маляўнічае, маштабнае шоу, над якім працуе вялікая шматнацыянальная рэжысёрска-пастановачная група. Госці і гледачы цырымоніі змогуць прагартаць яркі альбом успамінаў, яшчэ раз акунуцца ў атмасферу спаборніцкіх дзён і адчуць тыя самыя эмоцыі, якія перажывалі спартсмены і іх трэнеры».

Спецыяльна да цырымоніі закрыцця створаны ўнікальны відэарад, які раскрые патаемныя моманты і шчырыя эмоцыі вялікага спорту. Кожны эпізод прысвечаны пэўнай грані спорту. Музычным суправаджэннем тэатралізаваных эпізодаў мерапрыемства стануць вядомыя сучасныя кампазіцыі. Адно з цэнтральных месцаў у цырымоніі адведзена сучаснай Беларусі. Стваральнікі шоу натхняліся прадстаўнікамі прагрэсіўнай моладзі Беларусі, іх ідэямі, у якіх інтэлект, адукаванасць, культура спалучаюцца з сапраўдным драйвам і імкненнем да самаўдасканалення. Энергія беларускай моладзі, энергія атлетаў, спартсменаў-удзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў знойдуць сваё адлюстраванне ў нядзельнай пастаноўцы.

У рамках цырымоніі закрыцця Гульняў выступяць шырока вядомыя беларускія выканаўцы — групы ІOWA, J:Морс, Tesla Boy і «Лепрыконсы». У лік запрошаных артыстаў увойдуць таксама народны артыст Расіі, Украіны і Чачэнскай Рэспублікі Мікалай Баскаў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава.

Таксама ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця Гульняў плануецца ўдзел высокіх гасцей, прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Прамую трансляцыю ўрачыстага закрыцця ў 21:55 пачнуць каналы «Беларусь 1», «Беларусь 5», «Беларусь 5. Інтэрнэт», а таксама сайт медыяхолдынга tvr.by.

За час турніру госці, спартсмены і спартыўныя менеджары выказалі мноства водгукаў пра ІІ Еўрапейскія гульні і пра Беларусь у цэлым. Прыводзім некаторыя з іх:

Кіраўнік Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ ХАНСЭН:

— Мінск для мяне з'яўляецца адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Мне вельмі спадабалася цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў, яна была відовішчнай, цікавай, проста выдатнай. Новы фармат спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, які быў паказаны на Гульнях, — гістарычны момант, я вельмі рады, што ён адбыўся менавіта ў Мінску.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор РАПОТА:

— У ІІ Еўрапейскіх гульняў бліскучая арганізацыя. Я быў на адкрыцці і пераканаўся ў тым, што сапраўды Рэспубліка Беларусь уклала душу ў тое, каб гэтыя гульні адбыліся на высокім сусветным узроўні. А якія вынікі будуць канчатковыя — гэта залежыць ад спартсменаў, а не ад арганізатараў. Я думаю, што для спартсменаў тут створаны ўсе неабходныя ўмовы.

Грэчаскі велагоншчык Хрыстас ВАЛІКАКІС:

— Старты такога ўзроўню не бываюць лёгкія, у Беларусі сабраліся спартсмены высокага ўзроўню, імёны якіх вядомыя ва ўсім свеце. Я часта прыязджаю выступаць у Мінск. Тут мне падабаецца, я адчуваю сябе шчаслівым. У маёй калекцыі ўзнагарод ёсць тыя, што былі выйграны менавіта тут. Праўда, горад паглядзець ніяк не атрымліваецца: увесь час праводжу на трэніроўках або ў гасцініцы. Так што любімае месца ў мяне пакуль адно — веладром «Мінск-Арэны».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Малдовы ў Беларусі Віктар САРАЧАН:

— Усе вельмі задаволеныя ўмовамі. Маштабы Гульняў уразілі, таму што прыняць пяць тысяч чалавек адначасова на адной тэрыторыі, каб ім было камфортна, накарміць іх своечасова, смачна і карысна — гэта шмат чаго варта. Для нас гэта было дзіўна. У спартсменаў няма пытанняў па размяшчэнні, усё вельмі добра, вольны час арганізаваны, добра працуе транспарт. Вельмі шмат людзей: шматгалоссе, шматмоўе. Маса ўражанняў, як арганізаваны фан-зоны. Добра, што ёсць дні розных краін, канцэрты, забавы і разнастайная ежа. Тое, як арганізаваны гэтыя Гульні, наколькі адказна падышлі мясцовыя ўлады, я вам скажу, што гэта ўзровень еўрапейскі і сусветны. Мы бачылі шмат спаборніцтваў, і як усё зроблена тут — гэта выдатна. Ужо вядома, хто будзе наступным гаспадаром Гульняў, ім будзе складана вас пераскочыць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Вялікае свята завяршаецца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.