Вы тут

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў


У фармат рубрыкі «Чвэрць стагоддзя» мы вырашылі ўнесці карэктывы. Калі дагэтуль у яе публікацыях расказвалася пра ажыццяўленне важных дакументаў, падпісаных кіраўніком дзяржавы, то цяпер размова пойдзе пра развіццё рэгіёнаў краіны за апошнія дваццаць пяць гадоў. Менавіта пасля ўтварэння інстытута прэзідэнцтва ў краіне пачала выбудоўвацца моцная вертыкаль улады, і гэта шмат у чым прадвызначыла рэгіянальную палітыку дзяржавы. Таму ў суразмоўцы мы запрасілі людзей, якія за вобласці адказваюць непасрэдна, — старшынь аблвыканкамаў.

Першае інтэрв'ю нашага праекта — са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолем ІСАЧАНКАМ. Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. З цэнтральнага становішча вобласці мы і пачалі гутарку.


— Анатоль Міхайлавіч, сталічны рэгіён заўсёды быў своеасаблівым індыкатарам таго, што адбываецца ў краіне. Менавіта таму серыю інтэрв'ю з кіраўнікамі абласцей для рубрыкі «Чвэрць стагоддзя» мы вырашылі пачаць менавіта з Міншчыны. Калі б давялося аналізаваць па прынцыпе «Было — стала», якія змены ў сацыяльна-эканамічным становішчы вобласці цягам апошніх 25 гадоў вы адзначылі б найперш?

— Каб як след адказаць на гэтае пытанне, спатрэбіцца напісаць кнігу. Але мы абмежаваныя рамкамі інтэрв'ю, таму многія знакавыя моманты давядзецца апусціць. Спынюся толькі на некаторых. Напэўна, самае галоўнае, пра што трэба сказаць, — узровень жыцця народа. У Мінскай вобласці за апошнія 25 гадоў рэальная зарплата ў сярэднім вырасла ў дзевяць разоў. Пры гэтым забяспечваўся і працягвае існаваць цэлы шэраг сацыяльных гарантый. Бясплатнымі застаюцца медыцына і адукацыя, якія адначасова прапануюць і платныя паслугі. Да гэтага часу дзяржава ў значнай ступені датуе камунальныя плацяжы, праезд у грамадскім транспарце, харчаванне школьнікаў і месцы ў дзіцячых садках. Існуе даступная для кашалька бацькоў сістэма дзіцячых лагераў. Каласальныя сродкі ўкладзеныя дзяржавай у будаўніцтва льготнага жылля для розных катэгорый грамадзян. Гэтыя факты, якія адлюстроўваюць сацыяльную накіраванасць нашай унутранай палітыкі, можна называць доўга.

Сёння часта параўноўваюць узровень даходаў людзей у Беларусі і за яе межамі. Але пры гэтым замоўчваюць структуру выдаткаў сем'яў у так званых шчаслівых краінах. Там многія жыццёва важныя рэчы абыходзяцца значна даражэй.

Калі працягнуць тэму жыллёвага будаўніцтва, то можаце параўнаць. У 1994 годзе на Міншчыне было здадзена ў эксплуатацыю ўсяго каля 466 тысяч квадратных метраў жылплошчы. Летась гэтая лічба была амаль у два з паловай разы большай. Палічыце, колькі ў сярэднім жылля ўзведзена за чвэрць стагоддзя.

Прыкметна вырасла прамысловая вытворчасць — у 6,3 раза. Гэта стала вынікам масавай рэканструкцыі і пераўзбраення індустрыяльных аб'ектаў. У тым ліку такіх, як ААТ «БелАЗ». У апошнія гады лінейка прадукцыі прадпрыемства папоўнілася машынамі новага класа. Сярод іх — унікальны самазвал грузападымальнасцю 450 тон.

Не адставала і сельская гаспадарка. Вазьміце хоць бы такія даныя: вытворчасць цукру павялічылася ў 4,6 раза, цукровых буракоў — у 6,4 раза, малака — удвая. Больш чым у два разы рэалізуецца жывёлы і птушкі на забой.

Мадэрнізаваны і аснашчаны найноўшым тэхналагічным абсталяваннем жывёлагадоўчыя і іншыя аб'екты. Толькі за апошнія некалькі гадоў на Міншчыне пабудаваны і рэканструяваны 185 фермаў, комплексаў, іншых вытворчых памяшканняў падобнага тыпу.

Значна абноўленыя паркі сельгастэхнікі. У нашай вобласці толькі летась закуплена 1117 адзінак сельскагаспадарчых машын і абсталявання — трактароў, камбайнаў, грузавікоў і г. д.

Акрамя таго, праведзена тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці і аптымізавана іх колькасць.

Сведчаннем правільнасці абранага эканамічнага курсу служыць тое, што Беларусь у самыя кароткія тэрміны забяспечыла сваю харчовую бяспеку.

Цяпер сельгаспрадпрыемствы разам з індустрыяльным комплексам павышаюць наш экспартны патэнцыял. Напрыклад, летась Мінская вобласць прадала за мяжу тавараў больш чым на сем мільярдаў долараў. Гэта ў сем разоў больш, чым дваццаць гадоў таму. А калі казаць пра экспарт паслуг, то ён за той жа перыяд узрос у 20 разоў.

Важна і тое, што з таго часу значна палепшылася сальда знешняга гандлю рэгіёна. А яго геаграфія пашырылася на 70 краін. Нашу прадукцыю купляюць ва ўсіх частках свету.

Асабліва высокімі тэмпамі развіваецца супрацоўніцтва з Кітаем. Узровень гандлю з ім павялічыўся ў 12 разоў. КНР стала для нас другім пасля Расіі гандлёвым партнёрам.

— Напэўна, дасягненні вымяраюцца не толькі вытворчасцю прадукцыі і яе рэалізацыяй?

— Безумоўна. Далёка наперад ступіла і сацыяльная сфера. Асабліва медыцына. Нашы спецыялісты дэманструюць высокія вынікі ў такіх складаных кірунках, як хірургія, у тым ліку пластычная, траўматалогія, артапедыя і ўралогія, фармакалогія і тэрапія. У цяперашні час у адной Мінскай абласной клінічнай бальніцы штогод робяць да 200 аперацый на адкрытым сэрцы. Імкліва развіваецца лапараскапія, пратэзаванне. Спецыялісты кожнай цэнтральнай раённай бальніцы Мінскай вобласці маюць магчымасць атрымаць кансультацыю вопытных прафесараў і практыкаў з дапамогай тэлемедыцыны. Гэта стала вынікам таго, што ўстановы аховы здароўя вобласці актыўна ўкараняюць лічбавыя тэхналогіі, асвойваюць дарагое высокатэхналагічнае абсталяванне. Раней пра гэта можна было толькі марыць.

Шмат цікавага адбываецца ў сферы адукацыі. У рэгіёне за чвэрць стагоддзя пабудаваны больш за паўсотні сучасных школ і дзіцячых садкоў, старыя — актыўна абнаўляліся. Дзеці з малых гадоў далучаюцца да новых тэхналогій. Напрыклад, ужо пачынаючы з пачатковай школы яны з дапамогай вопытных педагогаў займаюцца канструяваннем робатаў.

Створаны такія выдатныя навучальныя ўстановы, як, напрыклад, Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй і Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Дзейнічае зладжаная сістэма каледжаў і ліцэяў, якая цалкам забяспечвае патрэбы рэгіёна ў спецыялістах і рабочых кадрах. У тым ліку для новых вытворчасцяў, такіх як ААТ «БелДжы».

Нямала ўвагі аддаецца развіццю культуры. Можна адзначыць, што за апошнія гады рэалізаваны такія маштабныя праекты, як будаўніцтва Палаца культуры і амфітэатра ў Маладзечне, Палаца культуры ў Старых Дарогах, Дома культуры ва Уздзе, школы мастацтваў у Любані. У многіх месцах узведзены новыя клубы. А колькі ўстаноў падобнага тыпу было рэканструявана і адрамантавана! Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы, Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор у Барысаве, Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Станькаве, будынак былога дваранскага сходу ў Слуцку і многае іншае.

За апошнія гады Міншчына ператварылася ў сапраўдны фестывальны край. Дастаткова сказаць пра штогадовае правядзенне такіх буйных культурных форумаў, як Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі ў Салігорску.

Гонарам Міншчыны з'яўляюцца адроджаныя народныя традыцыі. Напрыклад, унікальны абрад пад назвай «Цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Там жа значацца і ўрачыстасці ў гонар абраза Будслаўскай Божай Маці.

Нельга не сказаць пра развіццё спартыўнай інфраструктуры. З'явілася шмат новых аб'ектаў, такіх як Барысаў-арэна, лядовы палац у Маладзечне, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і лыжная траса ў Плешчаніцах, гарналыжны цэнтр у Сілічах, шэраг іншых. Не кажу пра тое, што яшчэ большая колькасць стадыёнаў, арэн, манежаў была рэканструявана з улікам патрабаванняў часу. На тэрыторыі вобласці знаходзяцца знакавыя аб'екты, абсталяваныя для правядзення самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. Сярод іх — рэспубліканскія цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Раўбічах (па зімовых відах спорту) і Ратамцы (па конным спорце), вяслярны канал у Заслаўі, на якім праходзілі спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Уся гэта велізарная гаспадарка патрабуе належнага абслугоўвання.

Увага да развіцця спорту на Міншчыне прыносіць добрыя вынікі. Напрыклад, летась атлеты рэгіёна заваявалі 89 медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы, маладзёжных і юніёрскіх першынстваў. Барысаўскі БАТЭ стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе, мужчынская каманда «Шахцёр» з Салігорска выйграла нацыянальнае першынства па валейболе, жаночая дружына «БНТУ-БелАЗ» заняла верхнюю прыступку п'едэстала гандбольнага чэмпіянату рэспублікі. Добра выступілі нашы атлеты і на ІІ Еўрапейскіх гульнях. У скарбонку краіны яны прынеслі чатыры залатыя, пяць сярэбраных і тры бронзавыя ўзнагароды. На п'едэстал падняліся прадстаўнікі бокса, вольнай барацьбы, самба, мастацкай гімнастыкі, веславання, лёгкай атлетыкі.

Як я ўжо адзначыў, гэта толькі некаторыя факты з найноўшай гісторыі Мінскай вобласці. На жаль, няма магчымасці расказаць пра многае іншае. Хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць працоўным калектывам, якія сталі галоўнымі вяршыцелямі нашых перамог у розных сферах жыцця. Асаблівая ўдзячнасць прадстаўнікам кіруючага корпуса, якія працуюць актыўна і адказна. Выканаўчыя органы рэгіёна былі і застаюцца найважнейшымі звёнамі вертыкалі ўлады, якую стварыў Прэзідэнт. Сістэма дзяржаўнага кіравання дзейнічае зладжана і без збояў. Гэта з'яўляецца вызначальным фактарам у падтрыманні міру і стабільнасці ў Беларусі.

— Адметнай рысай найноўшай гісторыі рэспублікі з'яўляецца тое, што тут імкнуцца захаваць усё найлепшае з той сістэмы, якая была ў СССР. У прыватнасці, на прадпрыемствах ляжыць немалая сацыяльная нагрузка...

— І гэта правільна. А хіба было б справядліва, калі б такія гіганты, як «Беларуськалій» або БелАЗ, якія ствараліся ўсім народам, ні з кім не дзяліліся сваімі даходамі?

— Ці можна падрабязней, якую менавіта сацыяльную місію яны выконваюць?

— Возьмем той жа «Беларуськалій». Цяжка нават пералічыць, колькі ў яго кірункаў дзейнасці, акрамя асноўнага. Напрыклад, ён будуе шмат жылля. Толькі за апошнія чатыры гады здадзены два дамы на 120 і 160 кватэр. Акрамя таго, у прадпрыемства цэлая сетка інтэрнатаў, якія ён утрымлівае. Нядаўна адзін з іх пасля глабальнай рэканструкцыі ператварыўся ў сучасны 170-кватэрны арэндны дом. Цяпер праводзіцца рэканструкцыя яшчэ аднаго інтэрната.

Летась калійшчыкі рэалізавалі маштабны сацыяльны праект па рэканструкцыі гасцінічнага комплексу «Алеся», у тым ліку аднайменнага кафэ.Прадпрыемства ўзводзіць дзіцячыя сады-яслі, а пару гадоў таму пабудавала цэнтр развіцця дзіцяці «Планета дзяцінства» на 330 месцаў.

Дадайце да гэтага арганізацыю санаторна-курортнага лячэння для тысяч працоўных, медыцынскую дапамогу ў ведамаснай паліклініцы на 500 наведванняў у змену.

А таксама тое, што «Беларуськалій» — генеральны спонсар хакейнага і футбольнага клубаў «Шахцёр», якія дэманструюць вельмі годныя вынікі гульні.

Прадпрыемства прымала актыўны ўдзел ва ўзвядзенні кафедральнага сабора Раства Хрыстова ў Салігорску. Яно наогул аддае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню горада. Рамантуе дваровыя тэрыторыі, дзіцячыя пляцоўкі, архітэктурныя формы. У цяперашні час разам з іншымі арганізацыямі шчыльна занята фінансаваннем работ па праектаванні і добраўпарадкаванні гарадскога сквера.

Усё гэта робіцца адначасова з рашэннем галоўнай задачы — нарошчваннем аб'ёмаў і пашырэннем асартыменту прадукцыі. Акцыянернае таварыства ўтрымлівае пазіцыі аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калію. Яго мінеральныя ўгнаенні пастаўляюцца ўжо больш чым у сотню дзяржаў.

Важна таксама адзначыць, што паспяховая работа гіганта дазваляе развівацца і іншым арганізацыям. Па яго заказах прадпрыемствы Салігорскага раёна вырабляюць горна-шахтавае і іншае абсталяванне, імпартазамяшчальную тэхніку. Усё часцей гэта робіцца з выкарыстаненнем новых тэхналогій.

Прыкладна тое ж самае можна расказаць пра ролю ААТ «БелАЗ» і многіх іншых заводаў, фабрык, аграфірмаў.

— Цэнтральны рэгіён заўжды адзначаўся стратэгічнымі інвестыцыйнымі праектамі, адзін з найбольш глабальных — парк «Вялікі камень» — найбуйнейшы хаб ва Усходняй Еўропе праекта «Адзін пояс, адзін шлях». Гэта стратэгічны аб'ект для ўсёй краіны, а як ён уплывае на развіццё рэгіёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца?

— Самым станоўчым чынам. Гэта наша галоўная інавацыйная пляцоўка. Тут рэалізуюцца праекты ў галіне тонкай хіміі, біятэхналогіі, электронікі, машынабудавання, новых матэрыялаў. Цяпер у парку зарэгістраваны 44 рэзідэнты з 8 краін. Ва ўсіх сур'ёзныя планы. Напрыклад, ужо сёлета пачне выпускаць сваю прадукцыю кітайская кампанія «Вайс Ізі Інтэрнэшнл Бел» — адзін з сусветных лідараў па выпуску плацежных тэрміналаў.

ТАА «Дуамедыка» рэалізуе праект, арыентаваны на развіццё новых тэхналогій, якіх пакуль няма ў Беларусі. У прыватнасці, будуць вырабляцца прылады для падтрымання функцыі сэрца і кровазвароту ў людзей з саслабленай сардэчнай мышцай.

Цікавыя перспектывы ў Кітайска-Беларускага цэнтра даследаванняў і распрацовак, які па праве лічыцца прадпрыемствам заўтрашняга дня. Ён заснаваны аэракасмічнай карпарацыяй КНР і зоймецца навукова-даследчай дзейнасцю ў сферы касмічных тэхналогій. Дарэчы, у галіне навуковых даследаванняў і тэхналагічных распрацовак у парку павінна дзейнічаць яшчэ з дзясятак арганізацый. Гэта, вядома, надасць дадатковы імпульс нашай інжынернай і навуковай думцы.

На сённяшні дзень сума прыцягнутых паркам інвестыцый складае каля паўмільярда долараў. Варта ўлічыць, што львіную долю работ на інфраструктурных аб'ектах выконваюць беларускія падрадчыкі. З улікам гэтага ў бюджэт у выглядзе падаткаў за час функцыянавання «Вялікага каменя» паступіла каля 40 мільёнаў долараў. У цэлым інвестыцыі толькі дзеючых рэзідэнтаў па завяршэнні іх праектаў складуць каля мільярда долараў. Будзе створана 3500 высокапрадукцыйных рабочых месцаў. А да 2025 года, калі ў парку будзе зарэгістравана пад 300 рэзідэнтаў, колькасць такіх рабочых месцаў наблізіцца да 20 тысяч. Міншчына, як і ўся краіна, атрымае мноства інавацыйных, экспартаарыентаваных вытворчасцяў. Гэта вялікая карысць для нашай эканомікі.

Як і тое, што на тэрыторыі парка вырасце «разумны» горад. Уся вытворчая, жылая і адміністрацыйная інфраструктура ў ім будзе гарманічна спалучацца з сацыяльнай. Прычым адным з галоўных прыярытэтаў тут стане экалогія. На першым этапе плануецца засяленне тэрыторыі пяццю тысячамі жыхароў. Для іх узвядуць шматкватэрныя пяціпавярховікі і індывідуальныя дамы, крамы, стадыён, паліклініку, агульнаадукацыйную школу, дзіцячы сад — яслі, электрычную падстанцыю, цэнтр забеспячэння правапарадку.

У парку таксама з'явіцца найбуйнейшы ў Беларусі лагістычны цэнтр. Гэта будзе вузлавая пляцоўка стратэгічнага кітайскага праекта «Пояс і Шлях» у Заходняй Еўразіі.

— Гаворачы пра супрацоўніцтва Мінскай вобласці з кітайскімі партнёрамі, не абысці праблему выпуску легкавых аўтамабіляў «БелДжы». Наколькі паспяхова развіваецца прадпрыемства і якія яго перспектывы?

— Нягледзячы на тое што на рынку легкавых аўто сёння існуе жорсткая канкурэнцыя, мы лічым, што ў праекта вялікая будучыня. Прадпрыемства, якое размясцілася паміж Барысавам і Жодзінам, пачало работу ў канцы 2017 года. Але ўжо на сённяшні дзень беларускі бок змог дамагчыся 50-працэнтнай лакалізацыі вытворчасці. Гэта значыць, напалову яна засяроджана ў нас, што істотна пашырыла магчымасці нашага машынабудаўнічага комплексу. На Міншчыне з'явіліся новыя заводы па выпуску сілавых агрэгатаў, радыятараў, сядзенняў, рухавікоў. А гэта ўсё дадатковыя даходы і новыя рабочыя месцы. Летась выпушчана каля дзевяці тысяч аўтамабіляў «Джылі», сёлета будзе больш за 20 тысяч, а ў далейшым плануецца павялічыць гэту колькасць у шэсць разоў. Асноўным рынкам збыту з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Але мы працуем над пашырэннем геаграфіі паставак. Сярод меркаваных імпарцёраў — іншыя краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Украіна, Літва, Польшча.

Не забываем, вядома, і пра ўнутраны рынак Беларусі. Распрацавана праграма продажу машын гэтай маркі фізічным і юрыдычным асобам з дапамогай гнуткай сістэмы крэдытавання і лізінгу.

— Паспяховае эканамічнае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі сёння немагчыма без развіцця прыватнай ініцыятывы. Як на Міншчыне ідуць справы ў дадзеным кірунку?

— Яму надаецца пільная ўвага. І не без поспеху. Бізнес усё мацней устае на ногі. Вялікі ўплыў на яго развіццё аказалі Дэкрэт Прэзідэнта № 10, які датычыцца паляпшэння ўмоў для інвестыцый, і Дэкрэт № 6, накіраваны на стымуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці.

З моманту ўступлення ў сілу першага з названых дакументаў на тэрыторыі Мінскай вобласці паспяхова рэалізавана каля 200 інвестыцыйных праектаў. Гэта дапамагло дадаткова прыцягнуць звыш двух мільярдаў рублёў інвестыцый і стварыць больш за 15 тысяч новых працоўных месцаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, лагістыцы, турызме, гандлі.

Другі дэкрэт прымусіў бізнес рэальна павярнуцца тварам да рэгіёнаў, што спрыяла развіццю малых і сярэдніх гарадоў. Штогод падатковымі льготамі па Дэкрэце № 6 карыстаюцца каля 400 суб'ектаў прадпрымальніцтва вобласці. Агульная гадавая сума льгот складае 35-37 мільёнаў рублёў. Не выпадкова пасля прынятых заканадаўчых змяненняў колькасць прадпрымальнікаў на Міншчыне павялічылася на 30 %. Самае галоўнае — было створана 25 тысяч новых кампаній, не кажучы ўжо аб значным росце колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Нас радуе, што гэты працэс у поўнай меры закрануў і сельскае насельніцтва. Толькі летась створана 40 фермерскіх гаспадарак. Цяпер у нашым рэгіёне іх 767. І, трэба сказаць, працуюць яны даволі паспяхова. На іх долю, напрыклад, даводзіцца амаль 40 % бульбы, якая вырошчваецца, больш за чвэрць садавіны і ягад, палова гародніны. Аб'ёмы вытворчасці штогод растуць. Гэтаму спрыяе тое, што сялянскім гаспадаркам нароўні з іншымі сельгасвытворцамі аказваецца ўсямерная дзяржаўная падтрымка. Гэта датычыцца крэдытаў, набыцця і рамонту тэхнікі, забеспячэння насеннем і сродкамі аховы раслін, ветэрынарнага абслугоўвання, меліярацыі зямель, навуковага кансультавання і шмат чаго іншага. Не будзем забываць, што, акрамя фермерскіх, у нас значную вагу маюць прыватныя падсобныя гаспадаркі, якія таксама карыстаюцца дапамогай дзяржавы. Напрыклад, у закупцы племянной жывёлы, угнаенняў, рэалізацыі лішкаў прадукцыі.

За 2018 год бюджэтныя паступленні ад прадпрымальніцкага сектара істотна ўзраслі і склалі больш за 1,3 мільярда рублёў. Яго доля ў кансалідаваным бюджэце вобласці наблізілася да 40 %. Гэта салідны вынік.

Яшчэ адзін цікавы факт: вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Мінскай вобласці на 16 % забяспечваецца суб'ектамі малога і сярэдняга бізнесу. Летась яны вырабілі прадукцыі больш чым на 130 мільёнаў долараў. Можна з упэўненасцю сказаць, што прадпрымальніцтва — адзін з драйвераў нашага эканамічнага росту.

— Цэнтральны рэгіён з'яўляецца першапраходцам у вырашэнні адной з самых актуальных праблем часу — стварэнні гарадоў-спадарожнікаў. Якія перспектывы ў рэалізацыі гэтай праграмы?

— Гэта вельмі важны і вялікі праект. Не выпадкова кіраўнік дзяржавы зноў закрануў дадзеную тэму ў сваім нядаўнім пасланні народу і парламенту. Як вядома, раней было вызначана шэсць гарадоў-спадарожнікаў — Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і гарадскі пасёлак Рудзенск. Ёсць адпаведная пастанова Саўміна аб іх развіцці. Прэзідэнт паставіў задачу паскорыць работу ў гэтым кірунку. Цяпер ідзе карэкціроўка генеральнага плана забудовы названых гарадоў. Самае галоўнае — усе напрацоўкі маюцца, ёсць фінансаванне. Словам, працэс пайшоў, і, думаю, ужо ў недалёкай будучыні мы ўбачым першыя адчувальныя вынікі.

— З увядзеннем бязвізавага рэжыму для тых, хто прыязджае да нас праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск», колькасць турыстаў не толькі ў сталіцы, але і ў прысталічным рэгіёне значна павялічылася. Прыцягваюць Нясвіж, Нарач, іншыя аб'екты і мясціны, якім менавіта ў незалежнай Беларусі быў нададзены належны статус. Але, несумненна, галоўнае ў развіцці турыстычнага патэнцыялу — чалавечая ініцыятыва. Што ў вобласці робіцца, каб яе заахвоціць?

— Развіццё турызму шмат у чым залежыць ад дзелавога клімату. Таму часткова я ўжо адказаў на гэтае пытанне, калі казаў пра паляпшэнне ўмоў для прадпрымальніцкага сектара. Яго стымуляванне працягваецца, і спыняцца на гэтым шляху мы не збіраемся. Кожная слушная прапанова, якая датычыцца прыцягнення турыстаў у наш край, будзе пачута і ўзята на ўзбраенне. Мы павінны ў поўнай меры выкарыстаць магчымасці сваёй інфраструктуры. У нас мноства гасцініц, кафэ, санаторыяў, аграсядзіб, паляўнічых угоддзяў, гісторыка-культурных помнікаў і маляўнічых прыродных зон. Гарады і пасёлкі чыстыя і дагледжаныя. У добрым стане дарогі, уздоўж якіх усё больш заправачных станцый, пунктаў гандлю, аўтарамонту, кемпінгаў, месцаў зручнага начлегу, іншых паслуг. Але ўсё гэта па вялікім рахунку толькі пачатак. Нам яшчэ ствараць і ствараць, у тым ліку прафесійна займацца рэкламаваннем нашых славутасцяў, месцаў аздараўлення і адпачынку. Толькі тады на нас звернуць належную ўвагу замежныя аматары падарожжаў, палявання, старадаўніх звычаяў і абрадаў, карыснай і смачнай ежы, не кранутых цывілізацыяй куткоў прыроды. Летась, дарэчы, Міншчыну наведалі госці з 38 краін — каля дзясятка тысяч чалавек. Гэта вельмі мала. Трэба, каб сюды прыязджалі сотні тысяч.

Ну і вядома, неабходна больш актыўна займацца ўнутраным турызмам. Усе нашы багацці патрэбныя перш за ўсё нам самім. Радуе, што набірае абароты, напрыклад, такі від турызму, як наведванне вядомых прадпрыемстваў. У апошні час людзі аб'ядноўваюцца ў групы, каб на свае вочы ўбачыць, як здабываецца калійная соль, збіраюцца велізарныя БелАЗы, як ткуць слуцкія паясы і ствараюць ювелірныя вырабы. У турыстычнай галіне ў нас невычэрпныя магчымасці. Асабліва калі падыходзіць да справы з фантазіяй. Як, напрыклад, гаспадары адной сядзібы пад Мінскам. Яны даюць магчымасць наведвальнікам самім зварыць мыла, вырабіць муку дзедаўскім спосабам або павучыцца даіць карову, для чаго выстаўлены яе макет у натуральную велічыню.

— Дарэчы, Анатоль Міхайлавіч, вы ж самі родам з вёскі. З простага вясковага хлопчыка, які дапамагаў маці даіць кароў, выраслі ў кіраўніка цэнтральнага рэгіёна краіны. Што асабіста для вас азначае апошняя чвэрць стагоддзя?

— Мой асабісты лёс — яркае пацвярджэнне таго, што ў нас створана сапраўды народная дзяржава, у якой эфектыўна працуюць сацыяльныя ліфты. Чалавеку адкрыты ўсе магчымасці. Для мяне гэтыя 25 гадоў былі самымі змястоўнымі і значнымі. Бо з імі амаль цалкам супаў мой працоўны шлях, пачынаючы ад інжынера на сельгасвытворчасці і заканчваючы цяперашняй пасадай. Былі і поспехі, і засмучэнні. Але заўсёды грэла думка пра тое, што твае старанні абавязкова пойдуць на карысць Радзіме. На працягу чвэрці стагоддзя на нашых вачах умацоўваецца беларуская дзяржаўнасць, акультурваюцца гарады і вёскі, людзі праяўляюць свае таленты, здзіўляюць яркімі дасягненнямі ў розных сферах жыцця. І я радуюся таму, што ва ўсім гэтым ёсць і частка маёй працы.

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: «Сэрца» краіны б'ецца ўпэўнена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.

Грамадства

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.