Вы тут

Слаўная кампанія: рэANIMAцыя, ІІ тур


Слаўная кампанія: рэANIMAцыя, ІІ тур

Удачы і натхнення!

Такога конкурса яшчэ не было!

31 ліпеня завяршыўся прыём заявак на ІІ тур конкурса біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя. Нагадваем, што конкурс (і ў гэтым яго незвычайнасць) праводзіцца пад патранатам арганізатараў — кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ і рэдакцыі часопіса «Маладосць»:

  • у адказ на заяўку кожны ўдзельнік атрымаў “ключы” — спіс крыніц у дапамогу;
  • часопіс “Маладосць”  у кожным нумары лета і восені, пакуль доўжыцца конкурс, друкуе артыкулы пад рубрыкай “У падтрымку…”;
  • кожны ўдзельнік конкурса мае права звяртацца да арганізатараў па любую дапамогу, якая можа яму спатрэбіцца — ад кансультацыі да папярэдняга прачытання твора.

ІІ тур конкурса сабраў 32 заяўкі, імі ахоплены ўвесь спіс (12 імёнаў) пісьменнікаў — герояў будучых твораў. Найбольш папулярнай апынулася асоба Кастуся Каліноўскага — на напісанне яго біяграфіі “замахнуліся” 5 канкурсантаў. На другім месцы (4 заяўкі) — Франц Савіч. Па 3 заяўкі атрымана на напісанне біяграфій Войслава Савіч-Заблоцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Адама Гурыновіча, Элізы Ажэшкі і Зофьі Манькоўскай; па 2 заяўкі маюць асобы Вінцэся Каратынскага, Альгерда Абуховіча і Францішка Багушэвіча; па 1 заяўцы — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Арцём Вярыга-Дарэўскі.

Удзельнікі конкурса маюць узрост ад 14 да 61 года, сярод іх адна школьніца, адзін аспірант, адна маладая мама, прадстаўнікі навукова-даследчыцкай, культурнай і сацыяльнай сфер, перакладчыкі, журналісты і рэдактары друкаваных СМІ і інтэрнет-рэсурсаў, пераважная большасць — выкладчыкі і студэнты (будучыя філолагі, гісторыкі і юрыст).

Праца ўдзельнікаў конкурса па стварэнні мастацкіх біяграфій любімых пісьменнікаў працягнецца да 31 кастрычніка. Арганізатары жадаюць кожнаму, хто ўзяўся за такую патрэбную і цікавую, але пры гэтым складаную і адказную справу, цярпення, упартасці, патрабавальнасці да сябе, а таксама удачы і натхнення. З настроенасцю выключна на поспех — поспех і будзе дасягнуты!

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.