Вы тут

Рэха мірганняў


Ганна Шакель

нарадзілася 7 ліпеня 1998 года ў Маладзечне. Студэнтка МДЛУ, паэтка, цымбалістка, перакладчыца, лінгвістка, этнографка. Над размовамі аддае перавагу справе.



РЭХА МІРГАННЯЎ

* * *

колькі казак складваюць у шкатулкі
дзіцячых, дзявочых,
а ты, мой хлопчык,
трымай у шкатулцы зброю —
тваё самае дарагое
у паляванні на сябе самога.
шкатулку насі дзень і ноч з сабою:
схаваць ад вачэй воўчых
казу на кажух,
у казе — птушку…

пірат, але не любіш папугаў,
з драўлянага — не ногі —
рогі над куфлем піва
у кожным салуне акругі
як сімвал тваёй над сабой перамогі.
як прынцу,
табе больш даспадобы лісіцы.

у птушцы — яйка, у ім — іголка:
ашыць раны,
якія ты сабе сам наторкаў.
засынай, мой хлопчык,
заплюшчвай вочкі.
я — шкатулка,
я — твая казка.

 

* * *

арэх мігдалу
давай разам слухаць знутры
рэха мірганняў
так да тваіх падобных вачэй
як родных дзяцей іх вучы
паслясмак бачыць
замест рудых зморшчын
і звілін закарэлых

 

* * *

жыць навобмацак
адабралі пачуцці зрок
далей трэба рухацца дотыкам
расплюшчыць бы трэцяе вока
але я ўсёвідушчаму
толькі завочна знаёмая

жыць навобмацак
нават калі да вуснаў
анучу падносяць у воцаце
нават калі я
анічыя
навобмацак
па Брайлю чытаць людзей
ціснуць рукі дзвярам
кубкі цёплыя цалаваць
абдымаць непакорлівы вецер

жыць навобмацак
каб заплюшчыўшы вочы
прасцей прайсці скрозь
цемру вакол
унутр у цемру сваю
каб крануцца чагось
і знаць што
яно існуе
і я існую
каб спаткаўшы цябе
адчуць найперш
твайго сэрца такт
ці
жыць навобмацак
проста так

 

* * *

ВЕЖА

будую вежу лапамі мядзведжымі
манашкай у сутарэннях яе кашляць
ці варажбіткаю з калодамі разбітымі
наперад ведаць
ці стану я выбітнаю
мовы языкамі ў роце б’юцца
людцы! сцеражыцеся неразумення

наверсе вежы
дзе вецер святлом вее
узважу ўсе свае дасягненні
з зязюліным пер’ем

кувай
кволая
аж да поўначы

куй
кумушка
пакуль горача

 

* * *

Разаб’е бэз вокны
кулаком гронкі,
прылепіцца да шкла
усмешлівымі шчупальцамі.
Будуць бэзавай
камерай мае пакоі:

Душыся
вясной,
здыхай
альбо пакахай
і дыхай.

Над брукаванкай звонкай
няўжо ты забыўся, бэз,
на вужоў —
гадаў–гаспадароў,
карона якіх сонцам
крыжоў нашых стала?

Ці ты забыўся, бэз,
на песні
Забэйды–Суміцкага,
што за вушамі
прыёмніка
суніцамі
трашчалі?
Бэз!
Шапчы шыбам вершы
чацвёравуснымі ратамі,
калышы шыбы
пяшчотнай калыханкай.
Ліловымі вочкамі
заплюшчы вокны мае,
і буду спаць
пачышчанай рыбай,
бы перламутравую луску
прадаўшы.

 

* * *

Бацюшка каштан,
Свечкі кветак сваіх пастаў.
Не крану ўбрання твайго ліста,
Абы прычасця пакаштаваць даў.

На Неба ляці, бацян,
Прынясі хлеба, ляці, бацян,
Чорнага і белага, бацян,
Толькі не гарэлага.

Чорнага і белага,
Як абпаленыя крылы твае,
Бо апошнім ты быў, бацян,
Хто з вогненнага гнязда злятаў.

На белай зямлі толькі вугаль — хлеб.
Каштан кашляе,
Зачынены вінны склеп.
Хай праз сорак дзён
Корміць цябе язмін.
— Гарэлае цела Бога.
— Амін.

 

* * *

МАГДАЛЕНА

я вуха,
я слімак мазгоў, схаваны ў ракавіне.
я ракавіна, што паглынае думак тваіх пясок.

я самкнутыя вусны,
твой пясок абрастае маёй перламутравай слінай.

я пярліна,
ты ў руках не трымаў нічога цяжэйшага за мяне.
якія камяні,
якія жанчыны,
якое ўкаменаванне жанчын?

я сухое вока,
што бачыць, як слёзы іншых жанчын
плёскаюцца ля тваіх ног
і як ногі табе выціраюць іншых жанчын валасы.
я валасы, скручаныя ў спіраль,
я іх зыбкі вір.

я зыбкі пясок думак тваіх —
не пакінуць на ім ні следу.
я цень,
які слімаком за табой паўзе.
я прыпаўзла
намасціць цябе
сваёй сліззю,
а пясок праху твайго
узняўся бурай.

 

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.