Вы тут

Якая праца мясцовых дэпутатаў больш цэніцца?


Дзіцячая пляцоўка і «Дзённік у дапамогу дэпутату»: што за цікавыя праекты рэалізуе Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў

Што ўяўляюць сабой асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, «МС» на сваіх старонках ужо неаднаразова расказвала: сёння іх у краіне налічваецца пакуль што тры (у Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях). Фарміраванні маладыя, вопыт толькі напрацоўваюць, але нягледзячы на гэта ўжо ёсць нямала прыкладаў таго, што абраны шлях па стварэнні гэтых інстытуцый правільны. Пра работу Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў па ўстойлівым развіцці тэрыторый, садзейнічанні прадстаўнікам органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння расказаў яе старшыня Анатоль МАЦЮЛІН падчас сустрэчы спікера Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса ў Бялыніцкім раёне.


Нагадаем, што гэтае аб'яднанне народных абраннікаў Магілёўскага рэгіёна існуе чатыры гады. Як і любая арганізацыя, асацыяцыя мае свае мэты і задачы, якія замацаваны ў статуце.

— Першыя гады работы мы планавалі свой удзел з улікам дабрачынных унёскаў дэпутатаў мясцовых Саветаў, а таксама ахвяраванняў прадпрыемстваў, — кажа Анатоль Мацюлін. — Нашай увагай былі ахоплены толькі дабрачынныя акцыі напярэдадні Новага года ў межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».

Ён звярнуў увагу, што ў такіх умовах было складана ўдзельнічаць у вырашэнні праблем, якія існуюць у рэгіёнах. А іх нямала. Пачынаючы ад уладкавання дзіцячых пляцовак, дваравых парковак, рэканструкцыі мемарыяльных комплексаў і грамадзянскіх могілак да будаўніцтва помпавых станцый для водаадвядзення і станцый абезжалезвання.

— Важна разумець, што ўсё гэта неабходна людзям. І наша задача — вызначыць першаступеннасць праблемы акругі, рэгіёна, — кажа ён. — Тут на першы план сярод задач асацыяцыі выходзіць навучанне прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. Калі правільна абраная мэта, тады яна падтрымліваецца насельніцтвам як фінансава, так і фізічна. Бо ўласная праца цэніцца больш.

Таму акрамя арганізацыі спаборніцтваў сярод органаў мясцовага самакіравання асацыяцыя шукала сродкі для іх навучання з прыцягненнем міжнародных партнёраў і крыніц. Былі зроблены і самастойныя спробы прыцягнення сродкаў, і з дапамогай латвійскіх калег. Адна з іх прынесла вынік. Асацыяцыя цяпер рэалізуе праект «Эфектыўнае ўзаемадзеянне, сучаснае кіраванне — устойлівы вынік», які фінансуецца варшаўскім пасольствам Каралеўства Нідэрландаў. Дзякуючы гэтаму быў праведзены семінар-нарада для старшынь гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, старшынь сельсаветаў, а таксама дэпутатаў і прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэму «Заканадаўства ў галіне самакіравання, правы грамадскасці для эфектыўнага ўзаемадзеяння ў вырашэнні мясцовых праблем».

Акрамя таго, шэсць дзён маладыя народныя абраннікі і ўпершыню абраныя дэпутаты з усіх раёнаў Магілёўшчыны навучаліся на семінарах і трэнінгах эфектыўнай камунікацыі для вызначэння патрэб мясцовага грамадства, знаёміліся з асновамі стратэгічнага планавання развіцця тэрыторыі. Вынікам навучання стаў конкурс ініцыятыў сярод дэпутатаў, дзе пяць народных абраннікаў атрымалі рэсурсы для іх рэалізацыі.

Цяпер у асацыяцыі распрацоўваюць макет «Дзённіка ў дапамогу дэпутату». Дакумент будзе ўтрымліваць заканадаўчыя нормы ў галіне самакіравання і грамадзянскіх правоў, існуючы вопыт удзелу грамадства ў працэсах прыняцця рашэнняў, станоўчыя прыклады вырашэння мясцовых праблем у Беларусі пры ўдзеле грамадства. Адмысловы раздзел будзе прысвечаны арганізацыі работы з грамадскасцю для стратэгічнага планавання развіцця тэрыторыі.

Таксама Анатоль Мацюлін паведаміў, што заканчваецца работа па стварэнні сайта асацыяцыі.

— Гэта платформа для абмену вопытам і інфармацыяй, — сказаў ён. — Вэб-рэсурс дасць магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад дэпутатаў, а таксама дзякуючы яму грамадскасць і недзяржаўныя грамадскія арганізацыі змогуць прапанаваць свае ідэі па вырашэнні мясцовых праблем.

Вяртаючыся да тэмы сродкаў, без якіх немагчымыя ніякія кардынальныя зрухі, трэба сказаць, што сёлета ўпершыню пры падтрымцы фінансавага ўпраўлення аблвыканкама былі вызначаны і сабраны членскія ўзносы ў памеры 123 тысяч рублёў. На што накіравалі гэтыя грошы? Больш за палову сумы пайшло на падтрымку дэпутатацкіх ініцыятыў, якія былі разгледжаны і падтрыманы на пасяджэннях сесій і прэзідыумаў абласнога Савета дэпутатаў, гар- і райсаветаў.

Што гэта за ініцыятывы? Калі ласка, прыклады. У Чавусах 600 рублёў было накіравана на садзейнічанне жыхарам мікрараёна Ільнозавод у добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі, у Краснаполлі — 1275 рублёў на добраўпарадкаванне дзіцячай гульнявой пляцоўкі мікрараёна Машэраўскі, Семукацкаму сельвыканкаму выдзелена 1862 рублі для набыцця дзіцячага спартыўнага абсталявання для пляцоўкі ў парку вёскі Вялікія Бялевічы. Таксама больш за 1200 рублёў было выкарыстана для добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак у аграгарадках Мушына, Разанцы і ў вёсцы Пастарнакі. Не застаўся без увагі і абласны цэнтр: 600 рублёў спатрэбіліся для добраўпарадкавання двара па вуліцы Маўчанскага ў межах дамоў 40, 42 і 44.

І гэта далёка не ўсе рэалізаваныя ініцыятывы — іх звыш трыццаці.

— У большасці выпадкаў праекты маюць сацыяльны характар і накіраваны на паляпшэнне месцаў пражывання людзей. Але гэта толькі пачатак, — упэўнены Анатоль Мацюлін. — Мы ўсе вучымся, наперадзе ў нас глыбокае вывучэнне праблем рэгіёнаў эканамічнага і экалагічнага характару, правядзенне аналізу з удзелам органаў самакіравання і прапановы па іх вырашэнні ў органы выканаўчай і распарадчай улады Магілёўскай вобласці, актыўныя пошукі фінансаў з іншых законных крыніц.

Вольга АНУФРЫЕВА


• Неабходны каментарый

Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Работа, якая праводзіцца Асацыяцыяй у адукацыйнай, інфармацыйна-камунікацыйнай, кансультатыўнай сферах, у цэлым спрыяе павышэнню якасці работы мясцовых Саветаў, умацаванню «зваротнай» сувязі дэпутацкага корпуса і грамадзян, павышэнню ступені даверу насельніцтва да Саветаў і аказання станоўчага ўплыву насельніцтва ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».