Вы тут

Маштабнае вучэнне прайшло на Беларускай АЭС


Эксплуатацыя любога патэнцыйна небяспечнага аб'екта непарыўна звязана з пытаннямі бяспекі. Атамнай электрастанцыі ў гэтым рэчышчы надаецца асаблівая ўвага - хоць верагоднасць радыяцыйных аварый вельмі нізкая, але наступствы іх вельмі сур'ёзныя як па фінансавых, так і па часавых складніках. І на выпадак неспадзяванак трэба знайсці выйсце з як мага больш адпаведных пытанняў загадзя. Таму 11 кастрычніка на пляцоўцы станцыі і побач з ёй разгарнулася буйнамаштабнае вучэнне з органамі кіравання, сіламі і сродкамі Гродзенскай абласной падсістэмы ДСНС па адпрацоўцы дзеянняў на выпадак радыяцыйнай аварыі на атамнай электрастанцыі. 


— Планавыя мерапрыемствы паказалі нашу поўную гатоўнасць, — зазначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір КУХАРАЎ. — Усё адбываецца выключна па правілах МАГАТЭ; прадстаўнік гэтай арганізацыі таксама прысутнічае на вучэннях. Мы на свае вочы ўбачылі, што ўсе службы аснашчаны належным чынам і гатовы да ліквідацыі магчымай надзвычайнай сітуацыі. Можна меркаваць, што бяспека жыхароў будзе цалкам гарантавана. 

Першыя такія буйнамаштабныя вучэнні прайшлі два гады таму. Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір ВАШЧАНКА зазначыў:

— Самае галоўнае — наладзіць узаемадзеянне. Персанал і насельніцтва падрыхтаваны выдатна, нягледзячы на тое, што пуск станцыі яшчэ не адбыўся. Усе ставяцца да сітуацыі з разуменнем. Інфармацыя перадавалася на цэнтр аператыўнага рэагавання МНС, звесткі паступалі ў камісію па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў і прэм'ер-міністру. Пры неабходнасці будзе інфармаваны кіраўнік дзяржавы. 

... На АЭС абвешчана аварыйная сітуацыя. У зале, дзе працуюць аператары, пачынае раўсці сірэна, спрацоўвае светлавая сігналізацыя.
Першы ўдар на сябе прымае персанал электрастанцыі. Ён мусіць перадаць аператыўныя паведамленні і апавясціць органы кіравання і сілы, задзейнічаныя ў сістэме аператыўнага рэагавання.

Пачаў дзейнічаць унутраны аварыйны план. У запасным пункце кіравання супрацьаварыйнымі дзеяннямі быў разгорнуты спецыялізаваны крызісны цэнтр. Ён выконваў не толькі адміністратыўныя, але і інфармацыйныя задачы. Звесткі аб абстаноўцы накіроўваліся ў Міністэрства энергетыкі, Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, карпарацыю «Расатам» і ў сітуацыйныя крызісныя цэнтры. Персанал станцыі, які не ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі, у гэты час кіраваўся ў абарончае збудаванне грамадзянскай абароны. Перш чым трапіць туды, яны мусілі прайсці праз санітарныя прапускнікі.

А тым часам прыбылі падраздзяленні, скамплектаваныя з работнікаў станцыі. Змагацца са стыхіяй адправіліся аварыйныя групы лакалізацыі і ліквідацыі аварый на рэактарным, гідратэхнічным і забяспечвальным абсталяванні, дэзэактывацыі і санітарнай апрацоўкі, механізацыі прац, медыцынскага забеспячэння, а таксама фармаванняў дазіметрычнага кантролю і радыяцыйнай разведкі. Апрача прафесійных ратаўнікоў, у паўсядзённым жыцці яны выконваюць іншыя функцыі. Але ў выпадку няштатнай сітуацыі кожны з іх замацаваны за асобнай групай.

Супрацоўнікі МНС тушылі магутны пажар на складзе дызельнага паліва. Па задумцы, полымем заняўся вертыкальны стальны рэзервуар. Прычым працы ўскладняліся радыяцыйным забруджваннем. Генератары патрэбны для таго, каб забяспечваць працу абсталявання ў надзвычайнай сітуацыі. Аварыя на "Фукусіме" здарылася непасрэдна з-за таго, што дызельныя генератары выйшлі са строю - іх затапіла вадой. Таму іх трэба ратаваць у любым выпадку.

Фіналам вучэнняў стала эвакуацыя персанала і насельніцтва з размешчанай побач са станцыяй вёскай Баброўнікі. Яно сабралося ў зборным пункце, ім выдалі абарончыя касцюмы і рэспіратары, а таксама ёд. Медыкі і псіхолагі аказвалі першую дапамогу. Аўтобусы, на якіх людзей вывозілі з небяспечнай зоны, праходзілі праз спецыяльную апрацоўку. Пасажыры ж адправіліся ў санітарны прапускнік. І адначасова з гэтым пачалася радыяцыйная разведка. Яна неабходна для таго, каб пастаянна адсочваць узровень фону — межы «брудных» і «чыстых» зон могуць перамяшчацца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»