Больш за пятнаццаць тысяч чалавек сабраў Мінскі абласны фестываль працаўнікоў сяла «Дажынкі» на «Барысаў-Арэне». На галоўнае свята ўраджаю прыехалі дэлегацыі з 22 раёнаў вобласці і горада Жодзіна, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Барысава, хлебаробы са сваімі сем'ямі. Ганаровымі гасцямі сталі дыпламаты дзевяці замежных краін.
Удзельнікаў жніва цэнтральнага рэгіёна павіншаваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Віншавальны ліст зачытаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец.
— Сардэчна віншую вас з паспяховым завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі 2019 года. Сёлета ўнёсак Міншчыны ў рэспубліканскі каравай — самы важкі. Вы з'яўляецеся лідарамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці, — адзначаецца ў лісце.
Нагадаем, намалот збожжавых і зернебабовых на Міншчыне сёлета склаў 1,7 мільёна тон. Кожная чацвёртая тона збожжа вырашчана на палях вобласці. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых — 34 цэнтнеры з гектара, што на шэсць цэнтнераў вышэй за леташнюю. У асобных раёнах гэты паказчык дасягнуў 50 цэнтнераў з гектара і больш.
І, вядома, галоўнай падзеяй свята стала ўшанаванне перадавікоў жніва. Пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на хлебнай ніве стаў Нясвіжскі раён. На другім месцы — Маладзечанскі, на трэцім — Смалявіцкі. Сярод гаспадарак не было роўных адкрытаму акцыянернаму таварыству «Хахлова». Найлепшым старшым камбайнерам прызнаны Аляксандр Анціпцаў з саўгаса «Рачкавічы». Па традыцыі ўзнагароды ўручылі не толькі камбайнерам, кіроўцам, аператарам КЗС, але і спецыялістам, якія прыклалі шмат намаганняў, каб вырасціць ураджай. Прыемна і тое, што не забыліся пра жонак хлебаробаў, якія вялі хатнія справы, стваралі ўтульнасць для спадарожнікаў па жыцці, пакуль тыя шчыравалі ў полі. Яркім, відовішчным атрымалася шэсце дэлегацый раёнаў і горада Жодзіна. Яны прайшліся па «Барысаў-Арэне» ў нацыянальных строях, з палотнішчамі, аздобленымі гербамі сваіх гарадоў. Завяршылася шэсце вынасам палотнішча з гербам Мінскай вобласці. Гэтую пачэсную місію даручылі маладым людзям, з якімі старэйшае пакаленне звязвае будучыню і росквіт Беларусі.
Пасля гэтага ўдзельнікаў жніва, гасцей свята павіншаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Анатоль Міхайлавіч падкрэсліў, што фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла — адна з самых яркіх традыцый нашага краю. Хлеб — усяму галава, таму свята ўраджаю ў нас адзначаюць усім народам. Губернатар таксама падкрэсліў, што Барысаў значна пахарашэў. Не ўсё давалася лёгка, тым не менш вынік ёсць. Разам з тым, як канстатаваў старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзь Дзенгалёў, добраўпарадкаванне, уладкаванне аб'ектаў працягнецца і пасля «Дажынак».
Шмат цікаўных сабраў і конкурс караваяў, у якім удзельнічалі ўсе раёны Міншчыны. Сапраўды, цяжка было выбраць найлепшы з іх — майстры пастараліся на славу, паказалі свае ўменне і фантазію. А галасавалі ўдзельнікі свята за гэтыя шэдэўры... сушкамі. Найбольшую колькасць «ачкоў» набраў каравай Клецкага раёна. Старшыня райвыканкама Анатоль Ладыга атрымаў сертыфікат на калектыўную экскурсію ў Брэст.
Больш за дзве тысячы гледачоў наведала канцэрт з удзелам самадзейных калектываў і зорак беларускай эстрады. Гучнымі апладысментамі гледачы віталі Анатоля Ярмоленку, Анжаліку Агурбаш, ансамбль «Сябры», Аляксандра Саладуху.
А тыя, каму не хапіла месцаў на трыбунах, маглі знайсці занятак па душы. Удзельнічалі ў гульнях, конкурсах, розных забавах. Аматары смачна паесці абыходзілі імправізаваныя сельскія падворкі, якія зладзілі ўсе раёны. Гаспадары запрашалі пачаставацца хатнімі нарыхтоўкамі, нацыянальнымі стравамі, у тым ліку і тымі, якія здаўна гатуюць толькі ў іх мясцовасці.
Прадпрыемствы вобласці прапаноўвалі сваю прадукцыю: як харчовую, так і шырокага спажывання.
Нагадаем, што налета «Дажынкі» будзе прымаць Чэрвень.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота БелТА
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.