Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Узаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй павінна быць празрыстым


Прэзідэнт Беларусі заявіў пра гэта перад тым, як заслухаў даклад старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо і дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася аб узаемадзеянні Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў сферы пагранічнай бяспекі.


Нагодай для сустрэчы стала чарговае завяршэнне тэрміну дзеяння Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб узаемных намаганнях у ахове мяжы. Месяц таму кіраўнік дзяржавы даручаў грунтоўна прапрацаваць гэтую тэму з расійскімі партнёрамі.

«Мы свае абавязкі, згодна з гэтым дагаворам, выконваем цалкам, на сто працэнтаў, у плане барацьбы з асноўнымі злачынствамі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта і наркотыкі, боепрыпасы, скрадзены аўтатранспарт. Мы таксама актыўна змагаемся з нелегальнай міграцыяй і заўсёды прыводзілі прыклад, што пагранічнае ведамства Беларусі ну проста ў разы больш эфектыўна працуе на сумесных межах».

Прэзідэнт падкрэсліў: мы надзейна абараняем інтарэсы на першых метрах «нашай агульнай Айчыны, як свае, так і нашага галоўнага саюзніка – Расійскай Федэрацыі».

«Быццам бы праблем няма, у той жа час, па інфармацыі іншых ведамстваў, яны ёсць, — заўважыў Прэзідэнт. — Напрыклад, колькі мы вядзем перамовы з Расіяй з нагоды перасячэння нашай унутранай мяжы — пад Смаленскам, скажам, Бранскам, Псковам — грамадзянамі трэціх краін. Калі замежны грамадзянін (аўcтрыец, немец, паляк) з’ехаў праз мяжу пад Брэстам, то яго нават з расійскай візай могуць пад Смаленскам не прапусціць. Яго вяртаюць назад: давай язджай праз літоўска-, латвійска-расійскую мяжу, альбо (дзіўна!) украінска-расійскую. Гэта што такое?!»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што расіяне прызнаюць — мы ахоўваем знешнія межы Саюзнай дзяржавы лепш, чым яны самі. Але нягледзячы на тое, што грамадзянін трэцяй краіны трапляе на агульную прастору Беларусі і Расіі, пасля праверкі беларускімі памежнікамі і іх дазволу расіяне разварочваюць чалавека і прымушаюць перасякаць сваю мяжу праз іншыя дзяржавы. Прэзідэнт назваў такую сітуацыю абсурднай і заклікаў вырашыць гэта пытанне з расіянамі.

«Яшчэ адна праблема — гэта чэргі, якія, па вашай інфармацыі, дасягаюць 10 кіламетраў пад Смаленскам, — абазначыў кіраўнік дзяржавы. — Грузавікі, якія едуць праз Беларусь у Расію, выстройваюцца для догляду, і не толькі пагранічнага: і мытнага, і фітасанітарнага, і іншых. Як так? Агульная мяжа. Дамовіліся. Пад Брэстам гэтую машыну вывернулі на выварат. Ведаем, куды ідзе, што вязе, перадалі Расійскай Федэрацыі інфармацыю. Яны спыняюць гэтыя машыны пад Смаленскам, Бранскам зноў і нанова іх выварочваюць. Гэта ненармальна».

Калі ігнаруецца наш кантроль, мы выцерпім, заўважыў Прэзідэнт, але навошта тады ад нас нешта патрабаваць? «Гэта не тое, што недавер. Гэта абсурд. Проста абсурд, — паўтарыў Аляксандр Лукашэнка. — Эфекта ж ніякага ад гэтага няма. Навошта? Такога быць не павінна».

Прэзідэнт заўважыў: у беларускіх пагранічнікаў з Расіяй усё добра, у ваенных дзвюх краін праблем няма, тое ж у транспартных ведамствах, але калі ўсе пытанні зводзяцца на ўзроўні ўрадаў, з'яўляецца маса праблем, і як вынік – папрокі ў адрас Беларусі ва ўтрыманстве з боку Расіі.

«Трэба палічыць, чаго нам каштуе абарона сумеснай мяжы, нагадаць ім пра сістэму супрацьпаветранай абароны, аб якой яны доўга прасілі мяне і якую зрабілі сумеснай — ад Балтыкі да Чорнага мора мы сёння працуем на Расійскую Федэрацыю, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта таксама грошай каштуе. І не толькі грошай. Сёння грашыма ўсе не вымераць. Але мы ўсё роўна «нахлебнікі».

Зараз ідзе працэс перамоваў па далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, таму важна, каб расіяне ведалі пра ўнёсак беларусаў у абарону іх інтарэсаў. «Спадары старэйшыя браты расіяне, паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем! І гэта не танна, — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Вось зараз закупілі ў Расіі сучасныя самалёты, але ж мы выконваем функцыю абароны і на гэтым кірунку Расійскай Федэрацыі, народа Расіі. Дык чаму нам не дапамагчы? Чаму не паставіць зброю сучасную? Мы ўмеем ёй карыстацца не горш за расіян, але плацім за гэта каласальныя грошы».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і далей будзе дасканала выконваць свае міжнародныя і саюзніцкія абавязкі, але людзі павінны ведаць, што падстаў для абвінавачвання нашай краіны ў тым, што яна абцяжарвае Расію, няма.

«Трэба ўсе гэтыя пытанні на ўзроўні ўрада звадзіць і на стол: вось мы дапамагаем, і каб расійскае грамадства ведала і разумела, што беларусы ніякія не нахлебнікі, што расіяніну тут у Беларусі не горш, чым у Расіі, — загадаў лідар краіны. — Давайце прама казаць: лепш, чым у Расіі. І гэта каштуе грошай».

Таму, калі расійскае кіраўніцтва гатова ў гэтым кірунку дзейнічаць, Беларусь са свайго боку гатова заключыць новы дагавор аб абароне агульных межаў, заявіў Прэзідэнт. «Калі расіяне не жадаюць гэтага, ну што ж, тады нам трэба быць гатовымі, як мы працуем зараз, дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, сам-адзін», — дадаў ён.

Усе гэтыя пытанні павінны быць празрыстыя і абмяркоўвацца на перагаворах з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, у дадзеным выпадку — з пагранічным ведамствам, даручыў Аляксандр Лукашэнка.


Дамова паміж Беларуссю і Расіяй аб сумесных намаганнях у ахове Дзяржаўнай граніцы Беларусі патрабуе актуалізацыі

Дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.

Пяцігадовы тэрмін дзеяння Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесных намаганнях у ахове Дзяржаўнай граніцы Беларусі хутка сканчваецца. Тут магчымы тры шляхі дзеянняў — яна па змаўчанні можа працягвацца, быць спынена або актуалізавана. Адказныя за дакумент абаронныя ведамствы краіны правялі аналіз пагаднення. Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, шэраг яго палажэнняў страцілі сваю актуальнасць.

«У цэлым Дамова патрабуе актуалізацыі і ўзмацнення, таму што тая сітуацыя, якая сёння складваецца на нашых агульных межах, патрабуе больш сагласаваных дзеянняў абодвух зацікаўленых ведамстваў і краін. Мы да гэтага гатовы і прапаноўваем гэта зрабіць нашым партнёрам з Расійскай Федэрацыі», — расказаў Станіслаў Зась.

Беларускі бок лічыць неабходным прыкладаць сумесныя намаганні па абароне нашых агульных межаў. Па словах Станіслава Зася, многія пункты Дамовы прыносяць карысць, але шматлікія выконваюцца фармальна ці не ў поўнай ступені. Напрыклад, сумесныя намаганні па развіццю інфраструктуры, аснашчэнню сіл і сродкаў для аховы граніцы.

Значных праблем на беларуска-расійскай мяжы няма, але ёсць рэчы, якія неабходна выпраўляць у тым ліку і ў Дамове.

«Мы як краіна транзітная страчваем сваю прывабнасць, таму што там (на мяжы — Зв.) выбудоўваюцца нейкія пункты кантролю і «заварочваюцца» і грамадзяне, і грузы, ці праходзяць праз іншыя краіны. Гэта мінус нам як транзітнай краіне», — паведаміў Станіслаў Зась.

Па яго меркаванні, адкрытасць сумеснай граніцы прыносіць нашай краіне не толькі карысць, але і праблемы. Як прыклад, — незаконная міграцыя, наркатрафік. «Уся незаконная міграцыя, якая ў нас фіксуецца практычна кожны дзень, — гэта людзі, якія ідуць з таго боку, карыстаючыся празрыстасцю мяжы. І мы іх затрымліваем на сваёй граніцы і пачынаем з імі разбірацца, — адзначыў дзяржаўны сакратар Саўбеза. — Другое, тая кантрабанда наркотыкаў, кантрафакт таксама ідзе ў асноўным з таго боку (Цэнтральнай Азіі, Афганістана) праз гэтую адкрытую граніцу».

Трэба выпраўляць і чэргі, якія з'яўляюцца пасля выходных, святаў. Па словах Станіслава Зася, Беларусь разумее намаганні Расіі па забеспячэнні сваёй бяспекі і прадугледжанні тэрарыстычнай пагрозы, але прапаноўвае шукаць іншыя шляхі для сумесных дзеянняў.

Шмат гадоў існавала наступная сістэма. Напрыклад, у Брэст на пункт пропуска прыязджалі грамадзяне, іх правяралі нашыя памежнікі. Калі імён не было ў агульных спісах неўязных і мелася расійская віза, яны маглі свабодна працягваць падарожжа.

«Зараз чамусьці ўся гэта справа змянілася. У чым тут сэнс? Мы не бачым карысці ў новых кроках, а нязручнасць для тых, хто падарожнічае, ёсць», — паведаміў Станіслаў Зась.

Ён звярнуў увагу, што расійскія калегі тлумачаць новыя дзеянні на граніцы тым, што так патрабуе закон. А на пытанне, чаму раней было па-іншаму, трапнага адказу ад іх так і не пачулі.


Як функцыянуе сістэма аховы граніц Саюзнай дзяржавы

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо.

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо расказаў, як функцыянуе сістэма аховы граніц Саюзнай дзяржавы. Беларускія пагранічнікі забяспечваюць бяспеку межаў на беларускім участку, а расійскія — на сваім. «І размова не ішла, каб нам хтосьці дапамагаў. Мы самі ў стане забяспечыць сваю бяспеку і бяспеку Саюзнай дзяржавы. — сказаў Анатоль Лапо. — Мы ставім пытанне, чаму на нашай унутранай мяжы існуюць пагранічнікі?»

Па яго меркаванні, праўкі ў Дамове павінны расставіць кропкі над «і» і прызнаць раўнапраўнасць пагранічных ведамстваў краін.

«Мы свае саюзніцкія абавязкі заўсёды выконвалі і будзем выконваць. І прэтэнзій да нас ніколі не было», — адзначыў старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Толькі ў гэтым годзе беларускія пагранічнікі затрымалі 504 кілаграмы наркотыкаў, якія ішлі ў Расію.

«Якія мы нахлебнікі? Мы забяспечваем і іх бяспеку. Калі ўзяць мінулы год, колькі мы наркотыкаў затрымалі, якія ішлі ў Санкт-Пецярбург. У нас ёсць сваё ВНУ, мы вучым сваіх хлопцаў, дзесьці ў іх (расіян — Зв.) бяром вопыт», — падкрэсліў Анатоль Лапо і дадаў, што перамоўны працэс з расійскімі калегамі па актуалізацыі Дамовы пачнецца ў хуткім часе.


Даведка

Узаемадзеянне пагранічных ведамстваў дзвюх краін цяпер ажыццяўляецца на падставе Дамовы паміж Беларуссю і Расіяй аб сумесных намаганнях у ахове Дзяржаўнай граніцы Беларусі (1995 года) і міжурадавым Пагадненні аб супрацоўніцтве па пагранічных пытаннях (1994 года).

Асноўныя кірункі партнёрства ўключаюць супрацьдзеянне незаконнай транзітнай міграцыі, выяўленне ліц, звязаных з экстрэмісцкай дзейнасцю, спыненне наркатрафіку, пытанні дэпартацыі затрыманых замежных грамадзян у Расію. Па пагранічным кантролі наладжаны інфармацыйны абмен з Групай пагранічнага супрацоўніцтва Расіі ў Рэспубліцы Беларусь. «Дзякуючы гэтаму ўдалося забяспечыць камфортны пропуск балельшчыкаў на Чэмпіянат свету па футболе ў Расіі і ІІ Еўрапейскія гульні ў Беларусі», — паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Згодна з Праграмай па ўдасканаленні пагранічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы з 2017 па 2021 гады пабудаваны 4 інтэрнаты, функцыянуюць 2 інтэграваныя сістэмы аховы мяжы, закуплены аўтамабілі і сродкі сувязі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.