Сярод гасцей — дыпламаты, кіраўнікі замежных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі ААН і нават прынц Саудаўскай Аравіі.
XIV Міжнародная юрыдычная алімпіяда «Моладзь за мір», якая праходзіць у гэтыя дні ў Мінску, уваходзіць у тройку прэстыжных еўрапейскіх конкурсаў па міжнародным праве.
Удзел у ім бяруць каманды з больш як 20 краін свету: Бразіліі, Кітая, Германіі, Расіі, Румыніі, Арменіі і іншых. Сярод гасцей — дыпламаты, кіраўнікі замежных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі ААН і нават прынц Саудаўскай Аравіі.
Студэнты пазмагаюцца за званне найлепшых, разбіраючы кейсы з умоўна-рэальнымі сітуацыйнымі задачамі па прымяненні норм міжнароднага права для вырашэння міжнароднага канфлікту, праінфармаваў Аляксандр ЛЯПЁХІН, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», старшыня аргкамітэта алімпіяды.
«Тым самым студэнты прадэманструюць веданне міжнароднага публічнага, гуманітарнага права і правоў чалавека. На гэтай алімпіядзе прадстаўлены розныя кантыненты, інтарэсы і вопыт, але ў межах вывучэння і прадстаўлення міжнароднага права ў яго розных аспектах наш універсітэт выступае пляцоўкай, дзе аб’ядноўваюцца спецыялісты з розных краін», — адзначыў старшыня аргкамітэта.
Сярод членаў журы назіраецца такая ж разнастайнасць, як і сярод удзельнікаў. «Будзем судзіць строга, але справядліва», — пажартавала Ціна ГАЛЕЦІАНІ (Грузія), суддзя алімпіяды. «Студэнты змогуць з практычнага пункту гледжання паглыбіцца ў рэальнасць міжнароднага права. Для іх гэта цудоўная магчымасць з практычным падыходам даведацца пра тонкасці міжнароднага публічнага і гуманітарнага права» — лічыць яна.
Каманда з Трансільванскага ўніверсітэту ў Румыніі з горада Брашоў удзельнічае ў алімпіядзе другі год. Горад звязаны з міжнародным правам праз тое, што тут пахаваны адзін з самых вядомых румынскіх дыпламатаў Ніколай Цітулеску, які двойчы старшыньстваваў у Лізе нацый, акрэсліў пасол Румыніі Віярэл МАШАНУ.
«У гэтым мерапрыемстве існуе мінімум два важныя моманты. Маладосць і мір. Маладыя людзі павінны быць актыўнымі, бо грамадства вельмі дынамічнае. Моладзь як мага раней павінна быць задзейнічана ва ўсім, што датычыцца грамадскай справы, прыняцця рашэнняў, выпрацоўкі свежых ідэй. У іх больш энергіі, ідэй і жадання. Мы жывём у складаным свеце і абставінах, і для іх патрэбна новае разуменне рэчаў, і маладым рабіць гэта зручней за ўсё» — падкрэсліў дыпламат.
Форум, які падоўжыцца да 29 лістапада, закліканы садзейнічаць развіццю міжкультурнага дыялогу і распаўсюджванню сярод моладзі ідэй цярпімасці і мірнага жыцця.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.