Вы тут

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння паэта Міколы Аўрамчыка


Паэт-франтавік, чалавек найскладанага лёсу. Ваяваў на Паўночна-Заходнiм i Волхаўскiм франтах. Пры акружэннi ў чэрвенi 1942-га быў узяты ў палон i вывезены гітлераўцамі ў Рур на каменнавугольныя шахты. Калі б хто сказаў там, у палоне – напаўжывому! – як складзецца яго доўгі 97-гадовы жыццёвы шлях… Наўрад ці паверыў бы!

З Мiколам Якаўлевiчам мы сустракаліся і ў яго мінскай кватэры, і ў вёсцы Ступяні на Бабруйшчыне, куды паэт звычайна прыязджаў на лета, і ў рэдакцыі «Звязды». Ён прызнаваўся, што гэта яго любiмая газета з юнацтва, друкаваўся тут яшчэ да вайны.

Узгадайма некалькі цікавых фактаў  з біяграфіі і творчасці Міколы Аўрамчыка.


Школа ўнучкі Пушкіна

Нарадзiўся ён у Плёсах – а ў школу хадзiў за 6 км, у вёску Ступяні. Школа пабудаваная ўнучкай Пушкiна. I царква – таксама. Аўрамчык з усмешкай расказваў: «У гэтай царкве мяне i хрысцiлi, i прычашчалi. I вучылi ў камсамоле пляваць на галовы вернiкаў».

Мы хадзілі па школе – з Мiколам Якаўлевiчам усе віталіся, зычылі здароўя. Як самаму блізкаму чалавеку.

Каля магілы ўнучкі А. С. Пушкіна Наталлі Аляксандраўны.

Былі і на магіле ўнучкі класіка сусветнай паэзіі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. На помніку высечана: «Пушкина Наталья Александровна, по мужу – Воронцова-Вельяминова. 1859–1912». А колькі цікавостак распавёў Мікола Аўрамчык пра Пушкіна і яго нашчадкаў!..

Ён, выпускнік аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, прызнаваўся: «Гэта мая стыхiя – каб да драбнiц ведаць усё».

Мабыць, адмысловым паэтычным паветрам дыхала пабудаваная ўнучкай Пушкіна школа. Паэтычны дар школьніка Міколы Аўрамчыка заўважылі і падтрымалі вядомыя літаратары. Яму, вучню, пiсалi лiсты Кузьма Чорны і Аркадзь Куляшоў. «Кузьма Чорны пiсаў лiсты на бяздарныя мае апавяданнi. Такiя грунтоўныя лiсты пiсаў уборыстым почыркам... Якi гэта быў чалавек, якое сэрца! А таксама складаны лёс у гэтага чалавека. Яго арыштавалi, ён сядзеў. I тыя лiсты ў мяне забралi. Я быў ужо студэнтам, многiя ведалi, што ў мяне лiсты Кузьмы Чорнага».

Праз школу Аўрамчыка выклiкалi на курсы маладых пiсьменнiкаў,  пасля якіх паступiў на лiтаратурны факультэт педiнстытута. Да вайны скончыў тры курсы.

Франтавыя «сто грам»

З гутарак з паэтам:

— Цi праўда, што ў вайну давалi франтавыя сто грам?

— Канешне.

— Увечары?

— Ды не, калi падвязуць, калi кухня падыдзе...

— Сто грам — каб не страшна было ў бой iсцi?

— Не. У холад, зiмой — гэта было важна… Свае сто грам я аддаваў iншым. Тады не пiў, не быў прывучаны».

Дарэчы, Аўрамчык шчыра расказваў пра «багемную» праблему творцаў: «Мележ (цi ведаеце вы?) i ў рот не браў... А вось Пiмен — зусiм iншая справа, з тым можна было браць сколькi ўлезе!.. Часта ў Горацкую сельгасакадэмiю ездзiлi — ну, там перабярэ-эм ужо ўсё: сталы ломяцца. А ён: Мiкола, ты там вазьмi хоць у кiшэню, ехаць жа назад, каб у дарозе, у аўтобусе, было што!..»

На фронце Мікола Аўрамчык быў у Другой ударнай армii, якой камандаваў Уласаў. Той самы Уласаў… А старшым палiтруком i рэдактарам газеты быў вядомы татарскi паэт Муса Джалiль. Аўрамчык прыходзіў да яго з вершамі, але той развёў рукамi: «Газета руская, а вершы вы пiшаце па-беларуску».

Палон: у падзямеллі

Гадоў дзесяць пасля вайны ўсякi напамiн пра палон здымаў Галоўлiт. Аўрамчык нарадзiўся, працаваў, вучыўся, ваяваў... А потым адразу — «пасля вайны»...

Мікола Аўрамчык і Ганна Сямёнаўна.

Мiкола Якаўлевiч расказваў: «Вiдаць, няма такога чалавека на свеце, якi б пераеў столькi травы дзiкай, кораня лопуху, колькi я ў палоне. Быў выпадак страшны ў лагеры, калi сусед пачаставаў мяне: нешта падобнае на карэнне хрэну. Я з’еў два карэньчыкi, а ён — 4 цi 5, на нарах лежачы. У мяне стаў гарэць увесь твар, а з iм нешта такое адбывалася — выскачыў з лагернай брамы, адбегся метраў, можа, 200, канваiры застрэлiлi».

Калючы дрот, электрычны ток, канваiры, сабакi. У шахту прывозяць i апускаюць пад зямлю. Там ужо канваiраў не было, вязняў ставiлi памiж немцамi. У забоi адмяраюць 7 метраў — немец, яшчэ праз 7 метраў — палонны... Пра гэта яго раман «У падзямеллi». Там нiчога прыдуманага: факт i нарыс, усё дакладна.

Вызвалялi англiчане. Месяц ён быў у англiйскай армii, на пайку англiйскага салдата. Потым пераправiлi ў размяшчэнне савецкiх войскаў праз Эльбу i ўлiлi ў 49-ю армiю. З ёй пешшу прайшлi да Беластока: «А там усiх былых ваеннапалонных – як карты-малодкi з калоды вынялi – i стварылi некалькi рабочых батальёнаў. I накiравалi ў Сiбiр, на Урал, у Данбас». Аўрамчык працаваў на аднаўленнi Данбаса.

Журналісцкая жылка

Пасля вайны ён імкнуўся вучыцца і паралельна працаваць. Перавёўся ў БДУ, таму што там заняткi пачыналiся вечарам. Знаёмая дзяўчына, да якой заляцаўся яшчэ да вайны (потым яна стала жонкай), вучылася на аддзяленнi журналiстыкi фiлфака БДУ – падказала. У яго была прыроджаная журналiсцкая жылка: «Скажу шчыра: калi б не журналiстыка, можа, i не быў бы паэтам. Я ў паэзii ўсё роўна журналiст. Для мяне важныя паэтычны факт i паэтычная дэталь. Без факта я не ўмею нiчога напiсаць. Адштурхнуцца ад дэталi — вось мая стыхiя. Вельмi люблю, каб форма верша была дасканалая, абсалютна закончаная, i абавязкова каб быў сэнс, думка, дэталь, пачуццё».

Вучыўся i працаваў: у «Чырвонай змене», у «Лiтаратуры i мастацтве». Потым Максiм Танк забраў у «Полымя». Калі быў створаны часопіс «Маладосць», перайшоў туды. 27 гадоў працаваў у аддзеле паэзii. Кожны дзень прыходзiлi маладыя паэты, якія паступова вырасталі ў адметных творцаў.

Мiкола Якаўлевiч быў не толькі выдатным паэтам, але і надзвычай таленавітым настаўнікам для творцаў-пачаткоўцаў. Еўдакiя Лось, Рыгор Барадулiн, Генадзь Бураўкiн, Ніл Гiлевiч, Яўгенія Янiшчыц... Пра Барадуліна гаварыў: «Такiм паэтам трэба нарадзiцца. Выхаваць такога паэта, навучыць — проста немагчыма. У яго нешта iдзе ад унутранага, народжанага: гульня са словам, словатворчасць, стыхiя народнага, дзесьцi ўжо i забытага. Гэта своеасаблiвы дар».

Дацягнуцца да паэзіі

Сваiм галоўным настаўнiкам у паэзii Мікола Аўрамчык называў Аркадзя Куляшова. Верш «Адлёт жураўлёў», якi хвалiлi Якуб Колас i Янка Купала, быў надрукаваны ў 1938 годзе ў «Полымі» менавіта з падачы Аркадзя Куляшова. Ён дапамагаў дацягнуцца да паэзii. Да яго звяртаўся i ўжо будучы сталым паэтам, свае паэмы першаму даваў чытаць толькi яму.

Мікола Аўрамчык з галоўным рэдактарам газеты «Звязда» Уладзімірам Наркевічам і журналісткай Таццянай Падаляк (2004 год);

Аўрамчык часта расказваў пра калег: «Усе мае сябры самыя лепшыя — Пiмен Панчанка, Янка Брыль, Максiм Танк, Іван Мележ — яны вельмi-вельмi своеасаблiвыя людзi. Нас з Шамякiным увогуле ў адну гадзiну ў Саюз пiсьменнiкаў прымалi ў 1947 годзе... А Максiм Танк i Янка Брыль! Гэта, можа быць, два ў нас пiсьменнiкi — сапраўдныя еўрапейцы. Яны i пiсьменнiкi еўрапейскiя — i па паводзiнах, па ўменні сябе трымаць, па гжэчнасцi еўрапейцы. I што дзiўна i нават парадаксальна: нi адзiн не канчаў нi ўнiверсiтэтаў, нi iнстытутаў».

Няхай бы «Сказ…» заставаўся ананімным!

Самая вядомая ананімная паэма другой паловы ХХ ст. -- «Сказ пра Лысую гару». Колькі даследчыкаў спрабавалі вылічыць, хто ж хаваецца за псеўданiмам Францiшак Вядзьмак-Лысагорскi! Ды дарэмна.

Інтрыга была раскрыта ўжо ў ХХІ ст., прычым даволі нечакана. Ніл Гілевіч надрукаваў вялікі артыкул пра тое, што паэму напісаў ён, а Мікола Аўрамчык толькі, так бы мовіць, пастаўляў яму фактуру. Гэта да глыбіні душы пакрыўдзіла Міколу Якаўлевіча: «Скажу шчыра: вельмi непрыемная сiтуацыя склалася. Гiлевiч сцвярджае, што ён пiсаў — Аўрамчык толькi расказваў… Хто такi Гiлевiч для мяне? Чалавек, якога я пачынаў друкаваць. Я даваў яму пiсьмовую рэкамендацыю ў члены Саюза пiсьменнiкаў. Во што самае смешнае!».

Мікола Якаўлевіч расказваў, што пiсалi паэму ўдвух: адзiн — адно слова, другi — другое, радок, страфу, рыфму: «Запiсваў ад рукi ён, а я тут жа вечарам перадрукоўваў усё на сваёй машынцы... Паэма пiсалася па лiнii найменшага супрацiву. Пачалi будавацца пісьменнікі — мы пачалi пра гэта пiсаць. Рагаталi — i пiсалi... Пляшку вiна выпiвалi сухога балгарскага… Паэму мы напiсалi цi то за 7—8 цi 8—9 прысестаў. Але на працягу пяцi гадоў. Таму што не рухалася будаўнiцтва. Фактаў не было!.. Тады страшна дорага ўсё каштавала. Ведаеце, якiя факты? Мне па знаёмству ў Бабруйску прадалi на тарнай базе дом для брыгадных ясляў. Ён каштаваў усяго 750 рублёў. За тое, што мне склалi дом, узялi 500 рублёў — а зарплата была 180. Дарагоўля — не купiць... Мы селi пiсаць — на Лысай гары нiчога яшчэ не было. Таму пачалi пра сход пiсаць. Я на сходзе прысутнiчаў — там нiчога смешнага не было. А мы ўжо прыдумлялi. Пiсалi — пра каго весялей прыдумаць. А калi пачыналася будаўнiцтва, пiсалi, пiсалi... Там толькi канкрэтыка. Там настолькi ўсё спiсана з натуры, там настолькi маiмi вачыма «сфатаграфавана» ўсё i настолькi маiмi вушамi падслухана, што гаварылi, — усё тое i зарыфмавана. Ну, канешне, з прыдумкамi».

Я не магла ўстрымацца, каб не спытаць, хто напiсаў вось гэтыя радкi:

Святоша-праведнiк Аўрамчык

Шмат нейкiх хлопцаў навалок —

Яны яму не дом, а храмчык

За тыдзень склалi да аблок.

Будаўнiкоў тых незнаёмых —

Ужо ўзаемна, без турбот —

Ён адкрываў пасля iмёны

У «Маладосцi» цэлы год.

Аказваецца, сам Аўрамчык і напісаў! Сам сябе добра ўшчыкнуў!..

І ўсё ж ён быў перакананы: лепш бы паэма заставалася ананiмнай.

Праз 60 гадоў: вяртанне да першага кахання

Першае школьнае каханне паэта аказалася няспраўджаным – лёс развёў іх з Ганнай Сямёнаўнай на дзесяцігоддзі: «Ганна вучылася ў 7-м класе, я — у 10-м. З яе братам (загiнуў на фронце) разам сямiгодку заканчвалi. Я паехаў у Мiнск, а тут падвярнуўся мой школьны сябра i сасватаў Ганну. Ён скончыў ваеннае вучылiшча, звёз яе... Не бачылiся ўсё жыццё. Толькi адзін раз сустрэлiся выпадкова: у 1963 годзе, на вакзале, мiнуты тры гаварылi. Яна садзiлася ў цягнiк, а я выходзiў з цягнiка… Я адзiн жыў. Знаёмыя не раз спрабавалi мяне сватаць. Гаварыў: не дурыце галавы! Калі б мы не сустрэлiся з Ганнай, так i заставаўся б адзiн-адзiнюткi. А ўбачыў яе — i ўсё адразу вярнулася».

Яны сустрэліся зноў ажно праз 60 гадоў – амаль праз жыццё, ужо адзінокімі людзьмі, якія пахавалі свае «другія палавінкі». І засталіся разам. Яму было ўжо 79.

Гісторыя паэтавага кахання, якое ўжо само па сабе – Паэзія…

Таццяна Падаляк

Загаловак у газеце: Адлёт жураўлёў Міколы Аўрамчыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п