Вы тут

У зонах, свабодных ад фашыстаў, працавалі электрастанцыі і цырульні


1 мая 1943 года ў чашніцкай брыгадзе «Дубава» на Віцебшчыне ў спецыяльна пабудаванай зямлянцы адкрылася партызанская карцінная галерэя. Палотны апавядалі пра барацьбу і побыт партызан, пра знішчаныя акупантамі вёскі. Падчас блакады ў 1944 годзе, калі варожае кола змыкалася, карціны давялося зняць з падрамнікаў. Іх скруцілі ў рулон, уклалі ў медную трубу і закапалі ў зямлю. Сёння гэтыя каштоўнасці захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў Музеі народнай славы ва Ушачах.


У партызанскіх атрадах былі не толькі мастакі, — музыкі давалі канцэрты, можна было глядзець дакументальныя і мастацкія фільмы, якія дастаўляліся з Вялікай зямлі. Агітбрыгады і ансамблі выступалі ў брыгадах і перад насельніцтвам. У зямлянках, шалашах і проста на лясных палянах працавалі школы.

Загад пра разгортванне рэйкавай вайны

Першыя партызанскія зоны на Беларусі з'явіліся ўвосень 1941-га. А да канца 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася ўжо да 60 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. Існавала больш за 20 буйных партызанскіх зон. Гэта быў надзейны тыл, дзе размяшчаліся партызанскія аэрадромы, базы партызанскіх фарміраванняў.

На вызваленых землях аднаўляліся савецкія органы ўлады. Працавалі млыны, хлебапякарні, гарбарныя, кравецкія, шавецкія, збройныя майстэрні, шпіталі. Напрыклад, вясной 1943 года ў Расонах дзейнічалі электрастанцыя, сталоўка, цырульня і нават дом адпачынку для партызан, якія аднаўляліся пасля раненняў. У Полацка-Лепельскай зоне партызаны наладзілі работу двух скіпідарна-дзягцярных заводаў, 80 кавальна-слясарных, 54 гарбарных, 47 сталярна-бандарных майстэрняў, ганчарнага прадпрыемства. У зоне працавалі тры электрастанцыі, шэсць млыноў, на 20 невялікіх алейных заводах перапрацоўвалі насенне льну. Партызаны дапамагалі сялянам у палявых работах і ахоўвалі населеныя пункты ад магчымых нападзенняў карнікаў.

Партрэты партызан, зробленыя мастаком Бжэзоўскім у 1943 годзе.

Мы сёння многа ведаем пра партызанскую барацьбу, пра ўнёсак народных мсціўцаў у Перамогу. Але сучаснаму чытачу, напэўна, цікава будзе даведацца не толькі пра змаганне, але і пра тое, як добра і маштабна было арганізавана такое супраціўленне: як людзі абжываліся ў лесе, здабывалі ежу, наладжвалі побыт. Пра ўсё гэта можна прачытаць у кнізе «Беларусь партызанская», над якой выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» працавала разам з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэмі навук, абласнымі і раённымі гісторыка-краязнаўчымі музеямі.

Гэта наш унікальны вопыт, пра які многім жыхарам розных куткоў былога Савецкага Саюза раней было невядома. І для таго каб кніга была даступная як мага большай колькасці чытачоў, тэкст у ёй пададзены на дзвюх мовах — рускай і англійскай.

Карта дыслакацыі партызанскіх атрадаў (1944 год).

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Аляксандра Кузняцова-Ціманава расказала, што вучоныя, якія стваралі артыкулы для гэтай энцыклапедыі, стараліся зрабіць кнігу зразумелай і цікавай для ўсіх. Перад аўтарамі стаяла няпростая задача: акумуляваць і адабраць найважнейшую інфармацыю і пры гэтым данесці людзям складаную акадэмічную гісторыю на больш простай мове.

Сёння выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» шукае новыя формы падачы матэрыялу, якія маглі б зацікавіць сучасную моладзь. Кніга «Беларусь партызанская» шыкоўна аформлена. У ёй каля 600 ілюстрацый, тут можна ўбачыць багата архіўных крыніц. Таксама азнаёміцца з архіўнымі крыніцамі (дырэктывамі, данясеннямі, справаздачамі, малюнкамі, зробленымі партызанскім мастаком, картай, клятвай партызан, улёткамі, рукапіснымі часопісамі і дзённікамі, якія вяліся ў партызанскіх атрадах) можна было падчас прэзентацыі выдання на выстаўцы, арганізаванай Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Партызанскія будні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.