Вы тут

«Беспасажніца» на сцэне Новага драматычнага тэатра


Спектакль «Я рэч…» па п’есе Аляксандра Астроўкага 1878 года паставіў галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кулікоўскі. Здаецца, п’еса невыпадковая, і стваральнікі не прагадалі: тэма кахання і  тэма панавання над чалавекам грошай будуць актуальныя заўсёды. Але колькі б ні ставілі спектаклі па творах такога кшталту ў тых ці іншых тэатрах, параўнанняў тут не пазбегнуць. Па-першае, з  першакрыніцай. Па-другое, са знакамітай двухсерыйнай драмай Эльдара Разанава «Жорсткі раманс», што пабачыла свет у 1984 годзе.


Фота з сайта агенцтва «Мінск-Навіны».

Трагедыя галоўнай гераіні твора — Ларысы Дзмітрыеўны Агудалавай — у тым, што многія кавалеры хацелі б мець яе ў  каханках, але ніхто не пажадаў бачыць у якасці жонкі. Ад безвыходнасці, у пэўнай ступені ад раўнадушша да свету і  самой сябе, Ларыса прымае прапанову маладога дробнага чыноўніка Юлія Капітонавіча Карандышава, чалавека самалюбівага, крыўдлівага і зайздрослівага, у той самы час працягваючы кахаць Сяргея Сяргеевіча Паратава, дзёрзкага і фанабэрыстага двараніна, таксама не пазбаўленага сябелюбства. Пра апошніх двух персанажаў мы ведаем няшмат, але галоўным чынам іх адрознівае выхаванне грашыма. У аднаго яны былі заўсёды, таму і «жыве з шыкам», у другога не было ніколі. Часам падаецца, што дай іх у свой час апошняму і адбяры ў першага, мала б што змянілася. Увогуле, нягледзячы на назву, грашовае пытанне крыху хаваецца за абаяннем герояў і любоўнай лініяй. А.  Астроўскі гэтае пытанне, наадварот, выстаўляе. У кнізе, напрыклад, ёсць Ефрасіння Патапаўна, цётка Карандышава, якая дапамагае зразумець асобу гэтага маладога чалавека. Усе яе размовы звернуты да набыткаў, яна паспявае папракнуць сям’ю навесткі ў адсутнасці пасагу.

Адно з асноўных пытанняў твора, якое ў  многіх не выклікае сумненняў, — ці меў Паратаў пяшчотнае пачуццё да Ларысы (няхай і разлік вышэйшы за ўсё)? Пастаноўка С. Кулікоўскага паказвае: не. З уласцівым яму спакоем Паратаў адмаўляецца ад кахання Ларысы, здаецца, не забываючыся ні на хвіліну пра залатыя прыіскі, абяцаныя ў выпадку жаніцьбы, хоць і разумее: сапраўднай асалоды «пазбаўленне волі» яму не прынясе.

Але для каго жанчына — сапраўды рэч, каму ўвогуле абыякава, што яна адчувае, дык гэта Мокію Парменычу Кнураву і  Васілю Данілычу Важаватаву, якія вядуць размовы пра тое, каму з іх застанецца такі «брыльянт», як Ларыса, бо патрабуе мастака-ювеліра. У пастаноўцы ўсё гэта адчуваецца з першых дыялогаў, хоць некалькім важным сцэнам нададзена няшмат увагі. Менавіта яны паказваюць герояў найбольш жорсткімі. Напрыклад, торг Паратава і Важаватава за Рабінзона як за пацешную рэч і размова пра параход «Ластаўка» амаль як пра чалавека. Яны настолькі забыліся на сваю гордасць у гэтай празе валодаць, што кожны з іх гатовы зрабіць унёсак нават у вясельнае ўбранне будучай нявесты.

Значнае адрозненне знакамітага фільма ад пастаноўкі — рамансы, якія Эльдар Разанаў вельмі любіў. Ён сам падбіраў песні для фільма, аддаўшы перавагу вершам Бэлы Ахмадулінай, Марыны Цвятаевай і нават Рэдзьярда Кіплінга, а не творам-сучаснікам «Беспасажніцы». Хоць Ларыса ў спектаклі С. Кулікоўскага таксама спявае, гэта чамусьці не выклікае асаблівых эмоцый і пачуццяў. Але гэтае пытанне поўнасцю суб’ектыўнае.

Скарачэнне тэксту было скіравана крыху на іншыя сэнсавыя акцэнты. Так, Ларыса Надзеі Анцыповіч выглядае ў  спектаклі больш прыземленай: гэта ўжо не анёл, а простая жанчына, трэба сказаць, даволі эмацыянальная, надрыўная, нездагадлівая. Карандышаў, які звычайна трактаваўся як чалавек нікчэмны, ператварыўся ў інтэлігентнага, але наіўнага, непрыстасаванага да жыцця студэнта з мяккім голасам і цягай да музыкі (Арцём Пінчук). Ён дорыць Ларысе раманс, магчыма, уласна напісаны. Вынясенне ў назву слова «рэч» тут можа трактавацца ўжо інакш: Карандышаў, які не бачыў нічога, акрамя Ларысы, зразумеў, што яна пустая прыгожая лялька. Крыху асобна стаіць Паратаў у цудоўным выкананні Андрэя Бібікава. Толькі часам узнікае пытанне: акцёр так ужыўся ў сваю ролю ці наўпрост сыграў больш абаяльнага і менш сур’ёзнага Мікіту Міхалкова? Сапраўды рамантычныя натуры шукаюць у гэтым героі добрыя якасці, бо павінны ж яны быць! Ніхто не хоча мірыцца са спрэчным выказваннем, што жанчыны часта любяць нягоднікаў. Але кожны другі гатовы пагадзіцца, што мужчыны працягваюць глядзець на жанчын як на забаву. Дакладна толькі тое, што, прынамсі, адно другому не супярэчыць. Адзін з найцікавейшых персанажаў — Харыта Ігнацьеўна Агудалава ў выкананнні Таццяны Паповай. У адрозненне ад гераіні А. Астроўскага, маці Ларысы атрымалася прагнай да жыцця, поўнай гумару і прыхаванай пяшчоты жанчынай, жыццё якой сапраўды не склалася. Асэнсаваўшы свае памылкі і ўплыў на сям’ю, яна дазваляе дачцэ самой выбраць свой лёс, нібыта выбачаючыся, спадзеючыся на лепшае жыццё. І, вядома, не для сябе — найперш для Ларысы. Праз раскрыццё постаці Харыты Ігнацьеўны хацелася б пабачыць хоць намёк на справядлівасць. Гэта б склала пэўную мараль, азначала б літасць жыцця да таго, хто шкадуе аб чым-небудзь. Але не.

Сцэну смерці Ларысы глядач не бачыць. Чуецца толькі стрэл у закуліссі, які вымушае кожнага прыдумаць любы верагодны фінал. Кульмінацыяй жа становіцца танец Ларысы і Паратава, у якім найлепш адлюстраваныя падзенне жанчыны і бязлітаснасць мужчыны. Нягледзячы на некаторыя змены ў асэнсаванні п’есы і цікавыя рэжысёрскія прыёмы (сярод якіх — вядро вады, якое выплёскваюць у твар гераіні), спектакль атрымаўся даволі традыцыйным, што пайшло яму толькі на карысць. Дарэчы, міжволі ўзнікае думка: як бы ўспрымалася пастаноўка С. Кулікоўскага, калі не ведаць першакрыніцы?

«У кожнага свой густ: адзін любіць кавун, а другі — свіны храсток», кажа Паратаў. Гэтае выказванне не адлюстроўвае сутнасць твора, бо, акрамя Ларысы, ніхто не прыходзіцца даспадобы мужчынскім персанажам п’есы, у яе няма канкурэнцыі. Рэжысёр спектакля «Я рэч…» таксама з гэтым згодны і не парушае традыцый трактоўкі, не ўводзіць новых герояў (варта адзначыць, што знаёмых герояў артысты сыгралі выдатна). Але лейтматыў твора адлюстроўвае іншая фраза, якая сцвярджае, што за задавальненне трэба плаціць: яно дарма не дастаецца, якое б ні было. Няхай то будзе дарагая вопратка, пародзісты жарабец ці прыгожая жанчына — героям патрэбна ўсё самае лепшае. Лёгка разважаць на гэтую тэму, калі грошай няма, — і ўсё зразумела, і ўсё ўкладваецца ў правіла, і ўсё падвяргаецца ганьбаванню. Але калі б у таго ці іншага чалавека з’явілася багацце, роўнае хоць нейкай частцы маёмасці багатых купцоў з твора, яго адчуванне свету, узаемаадносіны з ім не засталіся б ранейшымі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Пра ювеліраў ды брыльянты

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.