Ружовы слон


У звычайны вясновы дзень у наш дом прыбыў госць — хросная мама Улі і Мішы. Некалі яна жыла ў суседнім раёне, днямі вярнулася з Кітая і прыехала да дзяцей з маленькімі падаруначкамі. Мішу дастаўся нанапрусак — гэта такая пластмасавая цацка, падобная на прусака, якая неверагодна хутка бегае. Міша быў задаволены. Адзінаццацігадовай Аляксандры падарылі ўпрыгажэнні для валасоў. Дзяўчынка любіць такія рэчы і таксама была вельмі задаволеная, пакуль не дасталі падарунак для пяцігадовай Улі — ружовага слана! Гэта быў дзіцячы наручны гадзіннічак: бранзалет у выглядзе ружовага слана, а ў пузік устаўлены звычайны гадзіннік. Яго лёгка можна дастаць, і тады застаецца адзін ружовы слон з дзіркай у жывоціку. Саша страціла цікавасць да заколак і ўважліва глядзела, як Уля гуляе са сваёй новай цацкай. Назірала, хмурылася і маўчала. Калі хросная пайшла, старэйшая дачка кінулася да мяне:


 

— Маам, ну навошта Улі гадзіннік? Яна ж нават не разумее, для чаго ён. А мне трэба! Я сачыла б па ім за часам і ведала, калі ў школе пачнецца перапынак.

Уля адчула, што паквапіліся на яе падарунак, і прыціснула гадзіннічак да грудзей.

— Улечка, ну калі ласка, — узмалілася Саша. — Я табе аддам упрыгажэнні, хочаш? Магу яшчэ што-небудзь... Глядзі, ты ж хацела лакі для пазногцяў. Выбірай! Фламастары, алоўкі, пластылін — бяры ўсё. Дай мне гадзіннічак.

Уля на імгненне засумнявалася, але хутка сцяміла: раз за гэтую рэч даюць столькі ўсяго, значыць, яна каштоўная.

— Не дам, — упэўнена адрэзала яна. — Мама, а можна я яго ў садок вазьму і пакажу сяброўкам?

Гэта быў гадзіннічак Улі, і яна мела права ўзяць яго. Я так разважала. Хоць сумнявалася, разумеючы, што Уля не вельмі асцярожная і, хутчэй за ўсё, зламае яго ў першы тыдзень карыстання. Паспрабавала яе папярэдзіць, але малая вельмі прасіла...

На наступны дзень, калі я прыйшла па Улю ў садок, малая кінулася да мяне, рыдаючы ўголас. Потым дастала са сваёй шафы ружовага слана з дзіркай у жываце. Там не было гадзіннічка.

— Я не ведаю, як ён згубіўся... А-а-а-а...

—Уля!.. — толькі выдыхнула я.

Калі мы зайшлі дамоў, з пакоя выбегла старэйшая дачка. Уля, убачыўшы яе, зноў зарыдала. Саша паглядзела на мяне, потым на Улю, якая ўжо даставала з кішэні ружовага слана... Гэта адбылося ў адно імгненне. Сашка схапіла Улю і моцна штурханула яе. Тая ўпала на падлогу і стала гучней галасіць.

Саша закрыла твар рукамі, заплакала і пабегла ў пакой. Уля не хацела ўставаць. Яна ляжала на падлозе і рыдала там яшчэ гадзіну. Саша не выйшла вячэраць.

На наступны дзень я прыйшла ў садок па малую і ўбачыла, што дзеці ў групе незвычайна мокрыя і брудныя. Уля кінулася да мяне з вялізнымі, шчаслівымі вачыма і раскрыла сваю далонь. На бруднай далоні ляжаў гадзіннічак.

— Мама, я яго знайшла! Мы разам аблазілі ўсе лужыны. Паслухай, ён яшчэ цікае, не зламаўся!

Дадому мы амаль беглі. Уля ўляцела ў пакой, дастала з-пад падушкі ружовага слана, хутка ўставіла гадзіннік і кінулася да Сашы.

— Сашка, на, бяры! Дару табе!

Саша сядзела за сталом і рабіла ўрокі. Яна ўважліва паглядзела на Улю і трохі падумаўшы, адказала:

— Не, Уля, дзякуй. Гэта ж ТВОЙ падарунак. Прабач мяне.

Дзяўчынкі абняліся... А ружовы слон яшчэ доўгі час валяўся ў цацках, бо сёстры страцілі да яго ўсякую цікавасць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.