Напярэдадні адкрыцця 2 красавіка вясенняй сесіі Савета Рэспублікі пра прыярытэты работы сенатараў у новым парламенцкім сезоне і яго асаблівасці расказалі журналістам старшыні профільных Пастаянных камісій верхняй палаты. Размова адбылася ў час брыфінгу ў прэс-цэнтры БелТА.
Удзел ва ўсіх стадыях падрыхтоўкі закона
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец акцэнтаваў увагу на двух важных момантах. Калі раней члены Савета Рэспублікі пачыналі працаваць з ужо прынятымі ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў законапраектамі — іх прымалі ці адпраўлялі на дапрацоўку, — то цяпер сенатары актыўна ўключаюцца ў сам заканатворчы працэс і непасрэдна ўдзельнічаюць у ім на ўсіх стадыях падрыхтоўкі закона сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Такі падыход дазваляе сенатарам яшчэ да ўнясення законапраекта ў Савет Рэспублікі загадзя сфарміраваць сваю першапачатковую палітычную і прававую пазіцыю ў дачыненні да дакумента. У выніку павышаецца якасць будучага закона.
Другі момант: роўна год таму пачаў дзейнічаць Закон «Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь». Гэта базавы дакумент, які фарміруе аснову прававой сістэмы нашай дзяржавы. Новая рэдакцыя закона ўключыла ў сябе цэлую лінейку прававых навацый.
Сяргей Сівец таксама паведаміў, што на разглядзе ў парламенце знаходзяцца 62 законапраекты, з іх ужо 18 прынятыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. І пераважная большасць будзе знаходзіцца ў фокусе ўвагі членаў Савета Рэспублікі на вясенняй сесіі верхняй палаты.
Дарэчы, паводле слоў Сяргея Сіўца, у партфелі Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве цяпер знаходзіцца дзесяці законапраектаў, чатыры з іх прынятыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Гэта дакументы, якія датычацца змен у кодэксах. Цікавасць у грамадстве выклічуць змены ў Закон «Аб натарыяльнай дзейнасці». Згодна з папраўкамі, уводзіцца адказнасць натарыуса. Яна можа надысці ў выніку прычынення шкоды грамадзянам па віне яго дзеянняў.
Каб людзі жылі больш камфортна
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч у пачатку свайго выступлення выказаў думку, што асноўная задача заканадаўчага працэсу ў верхняй палаце — зрабіць жыццё людзей больш камфортным. Невыпадкова законапраекты, якія будуць разглядацца на вясенняй сесіі Савета Рэспублікі, у той ці іншай ступені звязаныя з падзеямі, што сёння адбываюцца ў свеце. Напрыклад, у Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці цяпер разглядаюцца надзвычай актуальныя законапраекты «Аб ахове здароўя», «Аб лекавых сродках», «Аб інвалідах» і «Аб Чырвоным крыжы». Яны не толькі звязаныя паміж сабой, але і дапаўняюць адзін аднаго. Усе чатыры законапраекты прыйшлі ў Савет Рэспублікі амаль адначасова, — і гэта невыпадкова.
Віктар Лісковіч асабліва засяродзіўся на рабоце членаў Савета Рэспублікі над законапраектам «Аб ахове здароўя». Змены ў ім сенатар назваў планавай карэкціроўкай, бо час імкліва ляціць, медыцына хутка развіваецца, ужо шэраг перамен, новых кірункаў дзейнасці ў ахове здароўя патрабуюць заканадаўчага зацвярджэння.
Напрыклад, акцэнт будзе зроблены на якасных параметрах работы медыкаў. Так, беларуская сістэма аховы здароўя выбудавана і ўвогуле нядрэнна працуе. Але наспела неабходнасць удакладніць палажэнні аб якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву. У сувязі з гэтым важным з'яўляецца пытанне аб акрэдытацыі медыцынскіх устаноў, што дазволіць выпрацаваць аднолькавыя стандарты лячэння пацыентаў незалежна ад месцазнаходжання бальніцы ці паліклінікі. Мяркуецца, што працэс акрэдытацыі працягнецца да 2023 года. Такім чынам, рэгіёны маюць час падцягнуць свае медыцынскія ўстановы да ўзроўню сучасных патрабаванняў. Напрыклад, ужо паўстала пытанне аб стварэнні электроннай сістэмы аховы здароўя.
Віктар Лісковіч таксама спыніўся на іншых законапраектах, якія будуць разглядацца на вясенняй сесіі Савета Рэспублікі. Важнымі і своечасовымі, у прыватнасці, будуць змены ў Закон «Аб лекавых сродках».
Аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, зразумела, сваё выступленне прысвяціў міжнароднай тэматыцы. У камісіі зараз знаходзіцца 24 законапраекты, якія датычацца сфер міжнародных адносін, сусветнай эканомікі і нацыянальнай бяспекі. Сярод прыярытэтных парламентарый вылучыў законапраекты, якія прадугледжваюць новыя меры па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, распаўсюджвання зброі масавага знішчэння.
І, бадай, самым галоўным і чаканым стала паведамленне сенатара аб тым, што на вясенняй сесіі плануецца ратыфікаваць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС.
Сяргей Рачкоў сказаў, што члены Савета Рэспублікі актыўна ўключыліся ў міжнародную дзейнасць. Было сфарміравана 12 дэлегацый Нацыянальнага сходу ў міжпарламенцкіх арганізацыях, вызначылі склад 72 рабочыя групы і чатыры міжпарламенцкія камісіі па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. Старшыня Пастаяннай камісіі падкрэсліў, што работа гэтых парламенцкіх інструментаў будзе накіравана ў першую чаргу на ўзаемадзеянне з нашымі стратэгічнымі партнёрамі: Расіяй, Кітаем, краінамі СНД, а таксама Еўрапейскім саюзам і краінамі далёкай дугі. Паводле слоў Сяргея Рачкова, нягледзячы на невялікі тэрмін работы Савета Рэспублікі новага склікання, паспяхова былі праведзены два важныя афіцыйныя візіты парламенцкіх дэлегацый Расіі і В'етнама.
Леанід ТУГАРЫН
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!