Менавіта тыя, каго апякуе гэтая служба, трапілі сёння ў разрад найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва. У мэтах уласнай бяспекі ім трэба дыстанцыявацца і як мага менш кантактаваць з людзьмі. Але гэта якраз і непакоіць больш за ўсё: ім і так вельмі часта даводзіцца заставацца ў адзіноце. Вымушаны каранцін такія людзі ўспрынялі вельмі балюча. Але сацыяльныя работнікі знаходзяць выйсце нават у гэты няпросты перыяд. Напрыклад, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Магілёва не толькі стварыў для сваіх падапечных умовы для стасункаў, але яшчэ і даў ім магчымасць прыносіць карысць іншым.
Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Наталля Шэйко расказала, што на базе іх швейнай майстэрні наладжаны выраб гігіенічных масак. Іх шыюць менавіта людзі з абмежаванымі магчымасцямі. На абслугоўванні Цэнтра больш чым 700 чалавек пенсійнага ўзросту, і наведваць іх без сродкаў абароны строга забараняецца. Расце таксама колькасць заказаў ад адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, якія хоць і не кліенты Цэнтра, але з прычыны дрэннага самаадчування і эпідэміялагічнай сітуацыі абмяжоўваюць кантакты са знешнім светам.
Сацработнікі выконваюць іх просьбы па дастаўцы прадуктаў і лекавых сродкаў з захаваннем усіх санітарных нормаў. А нядаўна паступіў заказ на маскі ад булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Прадпрыемства адобрыла першую партыю вырабаў індывідуальнай засцярогі і заказала яшчэ тысячу.
— Людзям прыемна, што іх праца ацэнена і што яны зрабілі свой унёсак у справу мінімізацыі наступстваў распаўсюджвання каранавіруса, — кажа Наталля Шэйко. — А заробленыя грошы ідуць на падтрыманне функцыянавання гурткоў. Іх у нас восем — па маляванні, лепцы, вязанні, вышыванні і іншыя.
Сувенірная прадукцыя рэалізуецца на розных гарадскіх святах, а нядаўна для папулярызацыі такіх вырабаў калегі з Мінска дапамаглі зрабіць інтэрнэт-вітрыну. Існуе таксама дамоўленасць з храмам у гонар Казанскай Божай маці, на тэрыторыі якога падчас велікодных свят прадаецца адпаведная прадукцыя. Сёлета, на жаль, праз каранавірус такой магчымасці не было. Затое атрымалася крыху зарабіць на масках.
— Мы ведаем, як важна для нашых выхаванцаў быць запатрабаванымі і забяспечваць сябе, — адзначае Наталля Шэйко.
Толькі ў гуртках аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў задзейнічаны 52 чалавекі. Эпідэмія прымусіла абмежаваць дзейнасць гэтых груп, але не паралізавала.
— Вядома, што нашы выхаванцы вельмі цяжка перажываюць ізаляцыю, тэлефануюць і паведамляюць пра гэта, — кажа Наталля Шэйко. — Таму мы пастаянна шукаем новыя формы стасункаў, найбольш бяспечныя для іх. Напрыклад, запрасілі да сябе іх бацькоў і азнаёмілі з навыкамі асобных тэхнік дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дома яны перадаюць гэты вопыт сваім дзецям.
Выйсце знайшлося і для некаторых іншых гурткоў — напрыклад, для «Гаспадынькі», дзе займаюцца сацыяльна-бытавой рэабілітацыяй. Аматары «смачных спраў» атрымалі завочны курс навучання. Ім прапануюць цікавыя рэцэпты і просяць падзяліцца фотаздымкамі гатовай смакаты. Ідэя мела вялікі поспех.
— Для нас з дачкой вельмі важныя стасункі з цэнтрам, — кажа жыхарка Магілёва Галіна Арцёменка. — Мая Наталля вельмі балюча перажывае гэты дыстанцыйна-абмежавальны перыяд. Цяпер кантактуем у асноўным у «Вайберы». І вельмі нам падабаюцца кулінарныя ўрокі. Мы навучыліся рабіць смачныя рулеты, якія вельмі даспадобы і мне, і дачцэ. За аснову бяром лаваш з крамы, разразаем яго на дзве часткі, прамазваем соусам, які робім з таматнай пасты і маянэзу, кладзём слаі смажанай морквы, адварной курыцы, зеляніны, смажаных грыбоў, адварнога яйка, верх пасыпаем сырам і скручваем усё гэта ў рулет. На 10 хвілін адпраўляем у духоўку і атрымліваем вельмі смачную страву. Усім рэкамендую.
Каб эмацыянальна падтрымаць састарэлых людзей, спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту, куды ўваходзяць тыя, каму 60+, арганізавалі бясплатныя анлайн-заняткі. Дзякуючы відэасувязі аматары актыўнага спосабу жыцця займаюцца, не выходзячы з хаты, фізкультурай, бяруць урокі рукадзелля, нават развучваюць танцавальныя па.
Галіна Аўчыннікава жыве танцамі, і вымушаная, як яна кажа, «блакада» крыху псуе ёй настрой. Аднак яна на сувязі са сваім трэнерам і сябрамі па танцавальным гуртку.
— Зараз вось будзем вучыць кадрылю ў стылі батла, — кажа яна. — Гэта вельмі цікавая задумка нашага кіраўніка. Да гэтага мы развучвалі парныя танцы, але карысна паспрабаваць і нешта прынцыпова новае.
А вось Ганна Жукава стараецца не прапускаць анлайн-урокі фізкультуры. Толькі аднойчы адсутнічала, калі не ўтрымалася і з'ездзіла на дачу, а там вельмі дрэнна працаваў інтэрнэт.
— Болей я так не рызыкую, — кажа яна. — Для нас, каму крыху за 70, вельмі важна падтрымліваць здаровы дух. Трэнер Павел Алегавіч пільна адсочвае ўсе нашы рухі. Калі нешта не так, робіць заўвагі. І мы яму ўдзячныя за тое, што ў нас у норме мышачная маса, няма праблем з дыханнем. Мы адчуваем сябе маладзейшымі і не здаём пазіцыі. Урокі дапамагаюць нам жыць у гэтай няпростай сітуацыі і адчуваць сваю запатрабаванасць.
На сувязі з аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту — болей за 170 чалавек. Да каранавіруса яны з задавальненнем наведвалі спецыяльныя гурткі, вучыліся працаваць з камп'ютарам. І гэтыя веды, дарэчы, дапамагаюць ім заставацца на сувязі.
— Неспрыяльная эпідсітуацыя прымусіла нашых наведвальнікаў сысці ў самаізаляцыю і зачыніцца ў межах сваіх кватэр. Новы рэжым жыцця, інфармацыйны ціск і закрытыя граніцы не вельмі станоўча адбіваюцца на іх. Людзі імкнуцца знайсці так званыя пункты апоры, каб адчуць сябе крыху камфортней. Нашы анлайн-заняткі дапамагаюць ім выказаць свае пачуцці, даць выхад энергіі ў пазітыўнае рэчышча, абудзіць фантазію і творчыя здольнасці, — рэзюмуе загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Кацярына Жарыкава.
Дырэктар Цэнтра Андрэй Руцкі запэўнівае, што робіцца ўсё для таго, каб урон ад каранавіруса быў для наведвальнікаў мінімальны. Анлайн-сустрэчы і заняткі па «Скайпе» — гэта не адзінае, што робіцца сёння. Пакуль у аддзяленні дзённага знаходжання часовае зацішша, тут заняліся рамонтам. Зусім хутка тут з'явіцца сэнсарны пакой, дзе можна будзе атрымліваць эмацыянальную разгрузку. Андрэй Руцкі лічыць, што гэта вельмі важна для пацыентаў з псіхафізічнымі захворваннямі:
— Ёсць статыстыка, што наведванне такіх вось пакояў зніжае імавернасць прыступаў эпілепсіі ў хворых людзей. Іх стрэсаўстойлівасць нашмат ніжэйшая, чым у звычайнага чалавека.
Абсталяванне для памяшкання, дзе будуць праводзіцца сеансы рэлаксацыі, дапамаглі набыць спонсары. Дарэчы, нядаўна за кошт дабрачынных памочнікаў атрымалася зрабіць рамонт гэтага аддзялення. Раней, кажа дырэктар, яно знаходзілася ў вельмі кепскім стане:
— Працякаў дах, прадзімалі вокны, абсыпаліся сцены. Умовы былі — не пазайздросціш. Але цяпер усё кардынальна перамянілася. У нас вельмі сучасныя памяшканні. Цяпер рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю для новай швейнай майстэрні. Там іх будзе нават дзве: адна — для рамонту адзення, а другая — для вырабу сувеніраў. Ніводнай капейкі з бюджэту на рэканструкцыю не пайшло, усё за кошт спонсараў. Дапамагалі грашыма, матэрыяламі, рукамі. Напрыклад, навучэнцы ліцэя № 9 адрамантавалі падчас практыкі пакой. Нам вельмі дапамаглі Пётр Салаўёў, які на той момант быў дэпутатам 6-га склікання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, а цяпер узначальвае адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Магілёва, шмат намаганняў прыклаў протаіерэй Анатоль, настаяцель храма Казанскай Божай Маці. Ён паведамляў пра наша становішча прыхаджанам, а сярод іх ёсць і бізнесмены — яны хутка ўключыліся ў справу і дапамаглі. Свет не без добрых людзей, і гэта не дае адчуваць сябе ў ізаляцыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Магілёва.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.