А ў гэтым нешта ёсць. Сядзіш сабе на канапе, п'еш каву і разглядаеш тавар у інтэрнэт-краме. Тут табе і акцыі, і зніжкі, і бясплатная дастаўка, толькі не лянуйся, выбірай. І не трэба стаяць у чэргах, марнаваць і без таго дэфіцытны час, цягнуць на сабе непад'ёмныя сумкі, а галоўнае — ніякіх кантактаў з патэнцыйнымі пераносчыкамі віруса, тое, што ў сённяшняй абстаноўцы самае актуальнае.
Сетка крам «ПерекрестОК» — адна са шматлікіх у Магілёве. І самая першая, якая выйшла са сваімі прапановамі ў інтэрнэт. Стваральнікі рэсурсу зрабілі гэта яшчэ некалькі гадоў таму «ў мэтах камфортнага і выгаднага набыцця харчовых тавараў». А зараз гэта яшчэ і самы бяспечны спосаб.
Юрый Бурачэўскі, кіраўнік кампаніі ТАА «РольфТрэйд», гандлёвая сетка «ПерекрестОК», расказвае, што колькасць інтэрнэт-спажыўцоў паступова павялічвалася, але менавіта каранавірус падштурхнуў людзей да больш актыўных інтэрнэт-пакупак. Дыстанцыйныя продажы павялічыліся ў параўнанні са звычайнымі прыкладна ў два разы. У сакавіку, напрыклад, заявак было столькі, што не хапала рук, каб усё сабраць, апрацаваць і даставіць у той жа дзень. Прыходзілася развозіць тавар назаўтра і нават напаслязаўтра.
— Зараз працуем у звычайным рытме — дзень у дзень, спраўляемся з той колькасцю, якая існуе. Штодня абслугоўваем ад 200 да 400 спажыўцоў, — удакладняе суразмоўнік. Самае цікавае, што сталі званіць з іншых краін, чаго раней не было, і заказваць тавар для сваіх родных з Магілёва.
У прыярытэце прадукты харчавання, бытавая хімія — адным словам, тавары першай неабходнасці. На ўра пайшла і распрацаваная спецыяльна пад эпідабстаноўку прапанова рабіць разлікі анлайн. Калі няма жадання кантактаваць нават з кур'ерам, можна скарыстацца магчымасцю зрабіць аплату праз сістэму АРІП. Хоць кампанія прадугледзела ўсё, каб абараніць пакупніка ад пагрозы інфіцыравання. Дастаўка працуе ў адпаведнасці з усімі супрацьэпідэміялагічнымі патрабаваннямі, змены паміж сабой не перасякаюцца і не кантактуюць. Сёння працуе адна група работнікаў, заўтра — другая. Паміж зменамі ўвесь інвентар, памяшканні і нават тавар дэзынфіцыруюцца, тое ж самае робіцца кожны раз, калі машына вяртаецца з рэйса. І, вядома ж, існуе прадпісанне абавязковага выкарыстання індывідуальных сродкаў аховы: масак, пальчатак, дэзынфекцыйных сродкаў. Новая змена пачынае рабочы дзень з чыстага ліста. Гэта яшчэ і клопат пра сваіх супрацоўнікаў. Калі нехта захварэе, у інфекцыі не будзе ніякіх шанцаў распаўсюдзіцца.
Паслуга па дастаўцы пакуль не выйшла за межы Магілёва, максімум — да найбліжэйшых прыгарадных вёсак. Але ў кампаніі разглядаюць варыянты далейшага развіцця.
— Сэрвіс, безумоўна, запатрабаваны, будзем працаваць над яго пашырэннем,— абяцае Юрый Анатолевіч. — Гэты канал продажу меў рост і раней, а эпідабставіны сталі своеасаблівым каталізатарам. Тыя людзі, якія лічылі, што нязручна рабіць заказы праз тэлефон, мабільную праграму або камп'ютар, паспрабавалі і ацанілі. Калі абстаноўка стабілізуецца, напэўна, адбудзецца спад інтэрнэт-продажаў, але агульны трэнд — рост гэтага канала застанецца. Ён ніколі не заменіць афлайн-продажы — стацыянарныя крамы, таму што гэта і нейкая своеасаблівая забава — пахадзіць, паглядзець, памацаць рукамі. Інтэрнэт-стасункі гэтага не заменяць, але, калі табе спадабаўся тавар і ты яго набываеш пастаянна, навошта траціць час на гэтую працэдуру.
У сакавіку, з пачаткам неспрыяльнага перыяду, народ аддаваў перавагу сацыяльным таварам. Куплялі на запас рыс, макарону, муку, алей.
— Аб'ёмы продажаў той жа грэчкі ўзраслі прыкладна ў тры разы, — кажа суразмоўнік. — Але дэфіцыту не ўзнікала, запасы аператыўна аднаўляліся. А хутка і ажыятаж спаў. У нас паменела пакупнікоў, але павялічылася сума сярэдняга чэка. Людзі сталі хадзіць радзей, але пачалі купляць больш. Калі раней чалавек пасля работы ішоў спачатку ў краму, а потым дадому, то цяпер робіць гэта праз дзень-два. Таму і падзенне чэкаў адбылося на 20-30 %. Выручка крыху паменшылася, але неістотна. У нас працуе звыш тысячы чалавек, і першасная задача, якая стаіць перада мной як кіраўніком, забяспечыць работнікаў зарплатай, каб яны маглі падтрымаць свае сем'і.
У пачатку пандэміі, як высветлілася, узрос попыт не толькі на грэчку, рыс і іншыя стратэгічна важныя прадукты, але і на тую ж бытавую тэхніку. Як сведчыць спецыяліст па маркетынгу Магілёўскага ААТ «Універмаг «Цэнтральны» Ірына Гаўрушка, народ купляе анлайн халадзільнікі, тэлевізары, мэблю, не кажучы ўжо пра тэкстыль, адзенне, цацкі, касметыку.
— З самага пачатку інтэрнэт-крама была тэрыторыяй нізкіх цэн, — кажа яна. — Там пастаянна праводзіліся акцыі, рабіліся зніжкі. А ў красавіку мы запусцілі бестэрміновы сацыяльны праект, які гарантуе 25%-ную зніжку для пастаянных пакупнікоў — уладальнікаў дысконтных картак. Яе, дарэчы, можна таксама замовіць праз інтэрнэт. У нас яны на любы густ — для пенсіянераў, навасёлаў, шматдзетных сем'яў, ёсць нават картка з адным з банкаў, якая дае права на зніжку 5 %.
Часцей за ўсё інтэрнэт-паслугамі Цэнтральнага ўнівермага карыстаюцца пакупнікі ва ўзросце ад 28 гадоў да 52, але хапае людзей і больш сталага ўзросту. Тавар можна не толькі набыць, але і атрымаць з дастаўкай на дом. Калі пакупнік з Магілёва, дастаўка абыдзецца яму ў пяць рублёў. Але тавар могуць завезці і ў любы пункт Беларусі.
На сайце можна ўбачыць, што ёсць прапановы і для пакупнікоў з Расійскай Федэрацыі. Тавар дастаўляецца кур'ерскай службай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва ТАА «РольфТрэйд» і Магілёўскага ААТ «Універмаг «Цэнтральны»
Намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Галіна Яскевіч:
— Зараз сэрвіс, які дазваляе замаўляць тавар праз інтэрнэт, асабліва запатрабаваны. Людзі больш робяць акцэнт на бяспеку. Яны пачынаюць разумець, што гэта цалкам прымальны варыянт. Ён выклікае давер і карыстаецца павышаным попытам. Не трэба кудысьці ехаць на грамадскім транспарце, марнаваць час, рызыкаваць здароўем — усё, што ад цябе трэба, гэта ўключыць камп'ютар і выбраць. Перавагі відавочныя. Мы, са свайго боку, кантралюем работу інтэрнэт-крамаў на прадмет таго, каб у іх была ўся дакладная інфармацыя для пакупнікоў, каб прэйскуранты вытрымліваліся. Кантроль такі ж самы, як і за стацыянарнымі крамамі. Калі будуць паступаць сігналы, што нехта там не выконвае рэкамендацыі, будзем прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці. Але пакуль такіх зваротаў не было. Значыць, уладальнікі інтэрнэт-крамаў забяспечваюць і якасць, і своечасовасць дастаўкі, і цэны адпавядаюць тым, што заяўленыя на іх сайтах. Пакупнікі ўжо бяруць не толькі нейкія дробязі, але, напрыклад, і бытавую тэхніку. Большасць інтэрнэт-крамаў, якія працуюць у Магілёве, маюць сталічную прапіску, але ў нас паступова развіваецца і свой, магілёўскі, інтэрнэт-гандаль.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.