Вы тут

На Гомельшчыне працуюць настаўнікі, якія дапамогуць «пракачаць» бізнес-жылку


На Гомельшчыне маладыя людзі, якія мараць адкрыць уласную справу ці проста шукаюць работу, могуць разлічваць на дапамогу словам і не толькі. У рэгіёне пачалі працаваць настаўнікі, якія дапамогуць арганізаваць самазанятасць і абудзіць прадпрымальніцкую актыўнасць.


Інстытут настаўніцтва па працаўладкаванні моладзі на Гомельшчыне — частка доўгатэрміновага праекта «EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання». Ініцыятыву рэалізуе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з органамі ўлады і недзяржаўнымі аб'яднаннямі.

Праект накіраваны на развіццё прафесійна-тэхнічных навыкаў для працаўладкавання пераважна сярод сацыяльна неабароненых маладых мужчын і жанчын.

Перад пачаткам работы з моладдзю падрыхтоўку прайшло больш як 20 «настаўнікаў». Гэта супрацоўнікі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, спецыялісты раённых упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама валанцёры.

— Перад тым як уключыцца ў працэс, настаўнікі для мэтанакіраванай моладзі прайшлі трэнінг «Інструменты для настаўніцтва і бізнесу», — тлумачыць начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка:

— Так, напрыклад, удзельнікі пазнаёміліся з аспектамі падбору пар «настаўнік — вучань», адпрацавалі алгарытм узаемадзеяння з беніфіцыярам. Асобны блок падрыхтоўкі гэтых людей быў прысвечаны спосабам і механізмам усталявання камфортнай псіхалагічнай атмасферы паміж удзельнікамі праекта. Да таго ж значную ўвагу пры падрыхтоўцы спецыялістаў аддалі выпрацоўцы навыкаў безкантактавых зносін, асновам матывацыі, закранулі і іншыя аспекты, — растлумачыў суразмоўнік.

На трэнінгі па фарміраванні бізнес-навыкаў цяпер могуць разлічваць і ініцыятыўныя маладыя людзі Гомельскай вобласці.

— У цэлым жа сёлета разнапланавую дапамогу па працаўладкаванні ад праекта атрымаюць больш як 20 жыхароў вобласці ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года. Яны павысяць свае шанцы на паспяховае працаўладкаванне або падрыхтуюцца да адкрыцця сваёй справы, — дадалі ў Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК.

Згодна з праектам, у рэгіёне пры ўпраўленнях па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ў раёнах адкрыты шэсць інфармацыйных цэнтраў. На іх базе ўдзельнікі праекта могуць не толькі атрымаць інфармацыйную дапамогу, але і прайсці курсы працоўнай перападрыхтоўкі. Некаторыя маладыя людзі ўжо скарысталіся такой магчымасцю:

— Адзін з удзельнікаў атрымаў дадатковую катэгорыю аўтамабільных правоў, якая дазволіла яму працаўладкавацца ў сферы грузаперавозак. Другая ўдзельніца прайшла навучанне па кройцы і шыццю, стала прадпрымальніцай, — прывялі прыклады ў абласной структуры таварыства.

Інфармацыйныя цэнтры дзейнічаюць у Гомелі, Рагачове, Карме, Мазыры і Рэчыцы. Між тым у кожным райцэнтры моладзь можа звяртацца па дапамогу да «настаўнікаў»-спецыялістаў раённых падраздзяленняў Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК і валанцёраў. Маладому чалавеку трэба толькі пакінуць заяўку, а потым разам скласці пэўны план працоўнай актыўнасці.

— Цяпер мы назіраем значную актыўнасць удзельнікаў, бо скончана навучанне ў ВНУ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных установах. Моладзь шукае шляхі працаўладкавання, — дадалі куратары праекта. — Ужо можна адзначыць значны плюс такой працоўнай ініцыятывы. Гэта магчымасць для моладзі з раёнаў знайсці работу, падрыхтавацца да самазанятасці непасрэдна ў сваёй мясцовасці, побач з роднымі. Для многіх гэта важна.

У цэлым за час рэалізацыі праекта «EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання» з пачатку мінулага года ў рэгіёне дадатковыя веды і ўменні па пошуку работы, арганізацыі сваёй справы і іншую дапамогу ўжо атрымалі больш як 100 жыхароў вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв’ю: news.myseldon.com

Загаловак у газеце: «Пракачаць» бізнес-жылку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.