Вы тут

Бьюці-рэцэпты XVІІІ стагоддзя аднаўляюць у Грабаўцы


Жыхары вёскі Грабаўка, што ў Гомельскім раёне, рыхтуюцца крыху больш чым праз месяц правесці першы на Гомельшчыне рэгіянальны фестываль «Імяніны ў Кацярыны». 


Старшыня Грабаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Кісялёва запрашае ацаніць экспазіцыю і ўнікальныя фотаздымкі мясцовасці і тутэйшых жыхароў этнаграфічнага музея ў мясцовай школе

Ідэі і напрацоўкі актыўных і творчых вяскоўцаў знайшлі прызнанне ў міжнародным турыстычным праекце «Дарогамі Кацярыны». Гэта натхніла жыхароў Грабаўкі развіваць уласны турыстычны праект. Першы вясковы фестываль, прысвечаны гісторыі і культуры XVІІІ стагоддзя, арганізуюць педагогі і школьнікі Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, супрацоўнікі мясцовага дома культуры і Грабаўскі сельсавет пры падтрымцы раённага Савета дэпутатаў. У планах — заахвоціць надалей да ўдзелу ў фестывалі жыхароў розных рэгіёнаў, не толькі Гомельшчыны.

Знаёмства са шматвяковай гісторыяй гэтых мясцін, перакананы жыхары Грабаўкі, — перспектыўны кірунак для развіцця рэгіянальнага турызму. Вёска размяшчаецца амаль у 30 кіламетрах ад Гомеля. У свой час яна належала панскаму роду Фашчаў. Тут былі пабудаваныя сядзібны дом, маслабойня, бровар і цукровы завод, некалькі млыноў, развівалася гарбарная вытворчасць, была адкрыта школа, а ў 1818 годзе пабудавана каталіцкая капліца.

Педагогі Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна распрацоўваюць майстар-клас па вырабе веераў і брошак у стылі XVІІІ—XІX стагоддзяў

Дырэктар Грабаўскай сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка — адна з самых вядомых мясцовых краязнаўцаў і захавальніца гісторыі роднага населенага пункта. Яна нагадвае, што да нашых дзён захавалася, на жаль, толькі малая частка былога сядзібнага парку, але і сёння можна пабачыць славутасць Грабаўкі — ліпавую алею. Гэтыя аб’екты ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У склад гістарычнага комплексу ўваходзіць і створанае ў тыя часы штучнае возера. Побач з гэтай тэрыторыяй якраз знаходзіцца Грабаўская сярэдняя школа.

Ва ўстанове адукацыі днямі прайшоў семінар, прысвечаны арганізацыі і правядзенню на тэрыторыі Грабаўкі першага рэгіянальнага фестывалю «Імяніны ў Кацярыны». У госці да грабаўскіх актывістаў прыехалі даўні партнёр — ініцыятар і кіраўнік міжнароднага праекта «Дарогамі Кацярыны» Ірына Багданец і су-шэф-кухар аднаго з рэстаранаў Гомеля Іван Крашаніннікаў. У мінулым годзе Ірына Багданец прадстаўляла міжнародны праект «Дарогамі Кацярыны» падчас «Бізнес-дзён у Гомелі». У рамках міжнароднага форуму тады быў арганізаваны кулінарны майстар-клас «Як упрыгожыць турыстычны маршрут. Гастранамічныя прыхільнасці Кацярыны ІІ», меню якога прапрацаваў якраз Іван Крашаніннікаў.

— Падчас семінара на базе нашай установы адукацыі ў чарговы раз пераймалі вопыт, дзяліліся, якія лакацыі рыхтуем да фестывалю, — распавяла Таццяна Мацюшэнка. — Прыехалі да нас студэнты і выкладчыкі геаграфічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Некаторыя студэнты пішуць навуковыя працы аб развіцці турызму непасрэдна на тэрыторыі Гомельскага раёна. Яны ўжо з пункту гледжання спецыялістаў падказваюць нам, як правільна арганізаваць фестываль, каб прывабіць турыстаў, як наогул выбудаваць лакацыі. Студэнты ўніверсітэта будуць таксама задзейнічаны і падчас правядзення фестывалю, — дадала дырэктар.

Падчас фестывалю старшакласнікі правядуць тэатралізаваныя экскурсіі і пазнаёмяць з гісторыяй роднай вёскі

Асноўныя лакацыі свята размесцяцца на тэрыторыі ліпавай алеі, сядзібнага парку і школы.

Як звярнула ўвагу старшыня Грабаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Кісялёва, падчас фестывалю госці змогуць пазнаёміцца з яшчэ адной славутасцю Грабаўкі — адзіным у сваім родзе ў Беларусі музеем водараў з вялікай калекцыяй траў. На свяце прэзентуюць выставу лекавых траў для стварэння натуральнай касметыкі. Летась на тэрыторыі школы заклалі духмяныя градкі. Вырошчваюць і нарыхтоўваюць уласную духмяную прадукцыю. Гаючыя зборы і сувеніры будуць прэзентаваць з адсылкай на гістарычны перыяд, звязаны з імператрыцай Кацярынай Вялікай, якая любіла ў якасці касметычных сродкаў і для падтрымання здароўя выкарыстоўваць травяныя зборы.

— Доўгія гады актыўныя жыхары Грабаўкі — і дзеці, і дарослыя — праводзілі каласальную работу ў плане захавання і папулярызацыі гісторыі сваёй малой радзімы, прыдумвалі самыя розныя праекты. Усё гэта будзе прадэманстравана на фестывалі, — з гонарам за землякоў зазначае старшыня Грабаўскага сельсавета Наталля Кісялёва.

Так, даўно мясцовымі настаўнікамі і вучнямі распрацаваны турыстычны маршрут з тэатралізаванымі пастаноўкамі, якія знаёмяць з гісторыяй фамільнага роду былых уладальнікаў вёскі. Адной з лакацый фестывалю стане літаратурнае чаяванне.

— Праз нашу вёску праязджала вельмі шмат рускіх паэтаў і пісьменнікаў. Таму наша задума — пад ценем старых ліп адкрыць паэтычны салон. Будзем чытаць вершы, і кожны ахвотны зможа выпіць кубак гарбаты і акунуцца ў атмасферу творчасці, — тлумачыць дырэктар Грабаўскай сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка.

Акрамя таго, на фестывалі будуць праводзіць дэгустацыю кавы з рознымі спецыямі. Так, грабаўскія педагогі і вучні падзеляцца ўласным паспяховым вопытам, які ўжо апрабавалі, — праектам «12 месяцаў», у якім распрацаваны рэцэпты і поўнае інфармацыйнае суправаджэнне аб прыродных водарах для кавы.

Кіраўнік грабаўскага музея водараў, педагог Алена Баравікова дапамагае вучням рыхтаваць духмяныя сувеніры

— Сутнасць нашага праекта ў тым, каб праз багатую гісторыю нашага краю прыцягнуць увагу людзей да развіцця тэрыторыі, да яе турыстычнага патэнцыялу. Сама ідэя і прывязка да гісторыі Кацярынінскага шляху — гэта не спроба гістарычнай рэканструкцыі тых часоў. Наша задача — расказаць пра Грабаўку праз адсылку да той эпохі, калі наш населены пункт закладваўся як сядзібны комплекс. Напрыклад, вядома, што мясцовы грабавы лес паспрыяў таму, што Грабаўка славілася майстрамі-бондарамі. Пракладванне Кацярынінскага шляху тады дало магчымасць нашым майстрам вывозіць свае вырабы на кірмашы, весці гандаль, што таксама было вельмі важна для развіцця гэтага рэгіёна, — дадала Таццяна Мацюшэнка.

Вялікую лакацыю на фестывалі плануюць якраз адвесці для прэзентацыі сувенірнай прадукцыі. З радасцю, кажуць, прымуць і размесцяць пляцоўкі ўсіх гасцей. Гэта могуць быць як установы адукацыі, культуры, так і рамеснікі, індывідуальныя прадпрымальнікі, творчыя людзі.

— Задум у нас вельмі шмат. Гэты першы рэгіянальны фестываль у тым ліку пакажа, што зможам рэалізаваць сваімі сіламі, але вельмі важныя, безумоўна, падтрымка і водгук на фестываль дамоў культуры, школ нашага раёна ці іншых рэгіёнаў. Спадзяёмся, што госці фестывалю падтрымаюць нашу ідэю танцавальных бальных нумароў у стылі XVІІІ—XІX стагоддзяў, бо ёсць жаданне і цікавасць у дзяцей асабліва да гэтага, — звяртаюць увагу жыхары Грабаўкі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва Таццяны МАЦЮШЭНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.