Вы тут

Захаваць бiзнес i людзей


24 красавiка Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падпiсаў Указ № 143 «Аб падтрымцы эканомiкi». Дакумент прыняты па вынiках праведзенай 23 красавiка 2020 года нарады аб першачарговых мерах па забеспячэннi ўстойлiвай работы эканомiкi i сацыяльнай сферы краiны ва ўмовах сусветнай эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi.


Указам прадугледжваецца рэалiзацыя мер падтрымкi суб'ектаў гаспадарання асобных галiн эканомiкi, якiя найбольш пацярпелi ад неспрыяльнага ўздзеяння пандэмii каранавiруса COVID-19. Пералiк такiх галiн вызначаны ў дадатку да Указа (транспартная дзейнасць, паслугi па часовым пражываннi i харчаваннi, турыстычная дзейнасць, спорт, забавы, адпачынак i iншае).

Згодна з дакументам, прадугледжана адтэрмiноўка i растэрмiноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмiн вяртання з бюджэту рознiцы памiж сумай падатковых вылiкаў i агульнай сумай ПДВ. Iндывiдуальным прадпрымальнiкам даецца магчымасць пераходу на iншыя рэжымы падаткаабкладання i пераразлiку адзiнага падатку ў сувязi з часовым прыпыненнем iмi дзейнасцi.

Уводзяцца арэндныя канiкулы, мараторый на павелiчэнне базавай арэнднай велiчынi i арэнднай платы. Акрамя таго, мясцовым распарадчым i выканаўчым органам даецца права памяншаць маёмасныя падаткi. Юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам — уласнiкам маёмасцi рэкамендавана даваць арандатарам адтэрмiноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама змяншаць яе памер з улiкам аб'ёму iх выручкi.

Абраны арганiзацыяй парадак падатковага ўлiку курсавых рознiц можа быць зменены аднаразова на працягу 2020 года i будзе дзейнiчаць на працягу ўсяго падатковага перыяду.

Мiнiстрам аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання i гандлю, а таксама старшынi Дзяржаўнага камiтэта па стандартызацыi дадзена права спыняць дзейнасць гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання да лiквiдацыi парушэнняў (але не больш чым на 90 дзён) у выпадку ўстанаўлення па вынiках праверкi парушэнняў заканадаўства, кантроль за выкананнем якога адносiцца да кампетэнцыi адпаведнага ведамства. Гэтая мера накiравана на павышэнне дысцыплiны ў рабоце суб'ектаў гаспадарання, асаблiва неабходнай ва ўмовах бягучай эканамiчнай i эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi.

У мэтах захавання занятасцi i павелiчэння працоўнай мабiльнасцi скарочаны мiнiмальны тэрмiн папярэджання работнiкаў аб змене наймальнiкам iстотных умоў працы (без памяншэння памераў аплаты працы). Таксама падоўжаны да трох месяцаў тэрмiн магчымага часовага пераводу работнiкаў у сувязi з вытворчай неабходнасцю, з-за неспрыяльнага ўздзеяння эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi, а таксама для замяшчэння адсутнага работнiка.

Прадугледжана выплата дапамогi па часовай непрацаздольнасцi асобам, якiя ажыццяўляюць догляд дзiцяцi ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную ўстанову або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыi, калi гэтае дзiця адносiцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

У мэтах спрашчэння працэдур закупак заказчыкам даецца права на дзяржзакупкi з адной крынiцы (у аб'ёме, неабходным для забеспячэння патрэбы цягам двух месяцаў) у выпадку, калi дагавор з ранейшым пастаўшчыком скасаваны.

Пры гэтым пастаўшчыкi, якiя не выканалi свае абавязацельствы i вымушаныя скасаваць дамову па аб'ектыўных прычынах, часова не будуць уключацца ў спiс нядобрасумленных пастаўшчыкоў.

Для таго каб урад мог аператыўна i гнутка рэагаваць на пагаршэнне эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi, яму дадзена права на прыняцце спецыяльнага часовага парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупак, калi гэта спатрэбiцца.

Вызначана, што пагашэнне запазычанасцi за энергарэсурсы ў замежнай валюце адбываецца па курсе рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам на 31 снежня 2019 года да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разлiкаў за энергарэсурсы.

Указам прадугледжваецца i шэраг iншых нормаў i палажэнняў, якiя дазволяць падтрымаць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання i захаваць працоўныя калектывы ва ўмовах замаруджвання эканамiчнай актыўнасцi.

Як паведамiла «МС» Мiнiстэрства эканомiкi, на 2 лiпеня 2020 года з заявай аб даваннi падатковых iльгот i прэферэнцый у аблвыканкамы i Мiнгарвыканкам звярнулася каля 3,4 тысячы cуб'ектаў гаспадарання. 1193 з iх ужо змаглi скарыстацца льготамi, 690 заяў яшчэ разглядаецца.

Каля 900 суб'ектаў гаспадарання атрымалi льготу па падатку на нерухомасць, зямельным падатку i арэнднай плаце за зямельны ўчастак на суму 11,1 мiльёна рублёў. З iх амаль 70 працэнтаў — прыватны бiзнес. Адтэрмiноўкi, растэрмiноўкi i падатковыя крэдыты на суму 6,2 мiльёна рублёў дадзеныя 303 арганiзацыям, прычым 85,5 працэнта — таксама прыватны бiзнес.

Што датычыцца заяў па адтэрмiноўцы арэнднай платы, Мiнiстэрства эканомiкi мае звесткi толькi на сярэдзiну чэрвеня, i паводле iх з заявай аб адтэрмiноўцы звярнулася 2850 суб'ектаў гаспадарання. 1780 адтэрмiноўку ўжо атрымалi, на разглядзе яшчэ 520. Гэта датычыцца арэнды дзяржуласнасцi.

Арандатары гандлёвых плошчаў, якiя знаходзяцца ў прыватнай уласнасцi, па вынiках праведзенай аблвыканкамамi работы таксама паведамлялi аб знiжэннi арэнднай платы i даваннi адтэрмiновак.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.