Вы тут

Унiкальную аперацыю правялi беларускiя нейрахiрургi


Беларускiя нейрахiрургi правялi надзвычай складаную аперацыю замежнаму пацыенту з iнтрамедулярнай (унутры спiннога мозгу) пухлiнай. Магчымасць праводзiць падобныя ўмяшаннi з'явiлася дзякуючы аснашчэнню РНПЦ неўралогii i нейрахiрургii адпаведным абсталяваннем i мiкраiнструментарыем. Цяпер у Беларусi ў год аперыруецца 10-15 такiх хворых.


Пацыентам стаў 34-гадовы жыхар украiнскага Крывога Рога Сяргей Арцёменка, якi выбраў беларускую клiнiку невыпадкова. Цягам паўгода ён звяртаўся да спецыялiстаў з Iзраiля i Германii, але ўсе яны адзначалi, што рызыкi аперацыйнага ўмяшання вельмi высокiя.

— У Беларусi нам сказалi, што можна чакаць дастаткова добрых вынiкаў. Я чытаў шмат добрых водгукаў пра беларускiх урачоў, пра гэты цэнтр. А калi атрымаў кампетэнтную кансультацыю нейрахiрурга Антона Родзiча, у мяне не засталося нiякiх сумненняў наконт таго, дзе праводзiць аперацыю. Таму як толькi з'явiлася магчымасць ва ўмовах пандэмii выехаць з краiны, мы адразу прыехалi ў Беларусь. Пасля аперацыi мне з кожным днём становiцца лепш. А раней моцна балела рука, была слабасць, я не мог падняць рукi i самастойна паесцi, — расказаў Сяргей Арцёменка.

Дарэчы, Сяргей унёс 15 тысяч еўра перадаплаты за аперацыю ў Германii, але пасля кансультацыi ў Беларусi адмовiўся ехаць i чакаў, пакуль адкрыюцца гранiцы, каб прааперыравацца тут. У Беларусi яго падтрымлiвае брат Аляксандр.

— Калi мы звярталiся за мяжу, усе казалi, што пры выдаленнi пухлiны давядзецца ахвяраваць двума пазванкамi, а ў Беларусi аперацыю зрабiлi з захаваннем анатамiчнай цэласнасцi i функцый шыйнага аддзела пазваночнiка. У Iзраiлi казалi пра 70 % поспеху такой аперацыi, у Германii — 50 %, а ў Беларусi ўсё аказалася на вышынi, — адзначыў ён.

Паталогiя Сяргея Арцёменкi дастаткова рэдкая. Як расказаў вядучы навуковы супрацоўнiк нейрахiрургiчнага аддзела РНПЦ неўралогii i нейрахiрургii, кандыдат медыцынскiх навук Аляксандр Галаўко, яна займае ўсяго 5—10 % сярод усiх пухлiн спiннога мозгу. Сiтуацыя ўскладнялася тым, што пухлiна мела дастаткова вялiкiя памеры i размяшчалася ў шыйным аддзеле спiннога мозгу на працягу трох пазванкоў. Складанасць падобных умяшанняў абумоўлена вялiкай рызыкай iнвалiдызацыi ў пасляаперацыйным перыядзе. Мэтай хiрургiчнага лячэння такiх пацыентаў з'яўляецца поўнае выдаленне пухлiны, каб чалавек мог сябе самастойна абслугоўваць.

Доўжацца аперацыi гэтага тыпу ад чатырох да сямi гадзiн у залежнасцi ад велiчынi паражэння.

— Часта ў залежнасцi ад гiсталагiчнай будовы пухлiны яна можа не толькi сцiскаць спiнны мозг, але i разбураць яго праводзячыя шляхi. Таму падчас аперацыi даводзiцца вырашаць няпростыя пытаннi радыкальнасцi выдалення. Менавiта радыкальнае выдаленне дазваляе вылечыць пацыента i дае найбольшыя шанцы для яго далейшага функцыянальнага аднаўлення, — адзначыў Аляксандр Галаўко.

Пацыент быў вертыкалiзаваны i самастойна рухаўся на наступны дзень пасля аперацыi. Такiм хворым, як правiла, рэкамендуюць этапы ранняй i позняй стацыянарнай медыцынскай рэабiлiтацыi, якая праводзiцца ў Беларусi.

Паводле слоў дырэктара цэнтра Рышарда Сiдаровiча, у РНПЦ па медыцынскую дапамогу часта звяртаюцца замежныя грамадзяне. Толькi ў 2019 годзе тут пракансультавалi 350 пацыентаў з далёкага i блiзкага замежжа. Лячэнне ў аддзяленнях без аперацыi атрымалi 138 чалавек, 65 пацыентаў былi прааперыраваны.

Дарэчы, у РНПЦ неўралогii i нейрахiрургii дастаткова часта звяртаюцца жыхары Украiны. Паводле слоў урача-нейрахiрурга Антона Родзiча, цягам апошнiх гадоў ён аперыраваў пацыентаў з Казахстана, Украiны, Расii, Iндыi, Паўночнай Iрландыi, Чэхii.

Нядаўна ў клiнiцы рабiлi аперацыю пацыенту з Англii. У яго дэгенератыўнае захворванне пазваночнiка — грыжа дыска. Валдас Гiмбуцiс родам з Лiтвы, але ўжо 18 гадоў жыве ў Вялiкабрытанii.

— Чатыры гады таму ў мяне вельмi моцна пачала балець спiна, некалькi месяцаў не мог хадзiць. Урачы паставiлi дыягназ «мiжпазваночная грыжа», сказалi, што патрэбна аперацыя, i паставiлi на чаргу. I ўжо чатыры гады я чакаю гэтую аперацыю, але чарга не падыходзiць. Пару месяцаў таму аднавiўся моцны боль, i мы з жонкай пачалі шукаць клiнiку, дзе можна правесцi такую аперацыю без чаргi. Знайшлi яе ў Беларусi. Тут разам са мной жонка i трое дзяцей, якiя падтрымлiваюць мяне, — расказаў пацыент.

Паводле слоў Антона Родзiча, такая аперацыя для нейрахiрурга не адносiцца да вельмi цяжкiх, але ўрач з вопытам ведае, што ў нейрахiрургii няма простых цi складаных аперацый. Кожная па-свойму iндывiдуальная. I хiрург павiнен пра гэта памятаць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Тут усё аказалася на вышынi»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.