Вы тут

У Салігорскім раёне сям'я стварыла кантактны заапарк


У сучасным свеце людзі і жывёлы непарыўна звязаны паміж сабой. Немагчыма нават уявіць, якім было б існаванне чалавека без гэтых мілых істот. Практычна ў кожнай сям'і жыве гадаванец, які патрабуе да сябе клопату і ўвагі. Аднак сям'я Буйняковых з вёскі Чапялі Салігорскага раёна пайшла далей і замест аднаго хатняга ўлюбёнца адкрыла цэлы кантактны заапарк. Мы пагаварылі з гаспадыняй сям'і Святланай і высветлілі гісторыю ўзнікнення і цяжкасці ўтрымання такога незвычайнага хобі.


— У майго мужа з дзяцінства была мара — завесці каня, — расказала нам суразмоўніца. — Да таго ж, мы хацелі, каб нашы дзеці не былі залежныя ад гаджэтаў, таму вырашылі набыць сваю першую жывёлу — кабылу чорнай масці Фліку, якую купілі ў Літве. Наша гадаванка адразу ж была паслухмянай, вельмі ласкавай. Вось з яе ўсё і пачалося.

З часам колькасць жывёл у сям'і Буйняковых пачала павялічвацца і агульным саветам было прынята рашэнне адкрыць хатні кантактны заапарк. Галоўнае яго адрозненне ад традыцыйнага ў тым, што кожны госць пры жаданні можа дакрануцца да любога насельніка і нават пакарміць яго.

— Наогул, калі купілі сабе першага каня, не думалі, што ў нас будзе свой заапарк. Набылі жывёлу проста для сябе, для душы. Мы жыхары гарадскія, таму адвезлі яе ў вёску да знаёмага. Каталіся на кані самі, а потым вырашылі, што трэба яшчэ купіць поні для нашых дзяцей, каб ім было не сумна. Чатырохкапытныя гадаванцы зацікавілі сяброў і знаёмых, яны таксама сталі прыязджаць, каб разам з дзецьмі пакатацца. Па «сарафанным радыё» пра нас даведаліся сябры сяброў і іншыя знаёмыя і сваякі, яны гэтак жа пачалі наведваць нас, некаторыя сталі пакідаць нейкую капейчыну. Мы самі будавалі для жывёл клеткі, кармілі, даглядалі і нам гэта падабалася. Нечакана наша хобі пачало цікавіць зусім незнаёмых людзей. Спачатку мы не бралі за ўваход ніякіх грошай, пакуль не купілі вярблюдзіцу. Гэта каштавала немаленькай сумы: адна такая жывёла абыходзіцца, як добры патрыманы аўтамабіль. А карміць і жывёл, ды і сям'ю неяк трэба. Тады мы зноў жа параіліся і пасля нараджэння трэцяга сына вырашылі развіваць гаспадарку і ўстанавіць фіксаваную цану за ўваход у заапарк. Над назвай доўга не думалі, назвалі ў гонар сыноў: «ДаРэМі» — абрэвіятура ад імёнаў Дабрыня, Рэнат і Мікіта.

Адкрыццё любога бізнесу — гэта заўсёды цяжка, асабліва калі не маеш патрэбнай адукацыі і вопыту. Але ўмелы падзел абавязкаў сярод членаў сям'і спрасціў нялёгкую задачу.

— У заапарку працуем толькі сваёй сям'ёй. Абавязкі размяркоўваем па меры здольнасцяў і ўзросту. Напрыклад, старэйшы сын найперш займаецца коньмі, ён іх выводзіць на пашу, прыводзіць назад, поіць і корміць. Сярэдні даглядае больш дробных жывёл, напрыклад, козачак, авечак выгульвае пасля таго, як я іх падаю. Самы складаны абавязак у малодшага — ён падчас догляду за гадаванцамі глядзіць мульцікі альбо чухае ката за вухам (смяецца). Ну, а муж назірае за намі (смяецца). Яшчэ ўносіць сваю лепту разам са старэйшым сынам, калі што трэба пабудаваць, падбіць, дзе патрэбна фізічная праца. Ці нешта падвезці на трактары, нарыхтаваць сена — гэта ўсё яго фронт работ.

Нягледзячы на такую з'яднанасць сям'і, з адной цяжкасцю яны ўсё ж такі сутыкнуліся.

— Галоўнай праблемай пры стварэнні кантактнага заапарка быў выпас. У нас шмат жывёл, якія гэтага патрабуюць, а зямель каля дома, ды і наогул паблізу, няма. Яны ўсе належаць сельсавету, таму карыстацца імі нельга, інакш будзе штраф. У выніку выбілі для сябе пару маленькіх лапікаў.

Колькасць жыхароў заапарка Буйняковых расце з кожным годам, як і геаграфія іх паходжання Напрыклад, вярблюдзіца Ізабэла з Сургута, згаданы вышэй конь — з Літвы, а вось асліца Мэры апынулася ў сям'і пры незвычайных абставінах. Доўгі час яна была артысткай цырка — да яго закрыцця, а потым па збегу абставін стала насельніцай кантактнага заапарка. Акрамя гэтых гадаванцаў, у ім можна сустрэць страуса, янотаў, трусоў і многіх іншых пушысцікаў, якія заўсёды рады новым знаёмствам.

— Ведаеце, я не лічу, што для таго, каб адкрыць кантактны заапарк, патрэбныя нейкія звышмагчымасці. Вядома, прыйдзецца фінансава патраціцца, але, калі сапраўды любіш жывёл, такі занятак будзе толькі ў радасць. Цяпер час інтэрнэту, і калі нешта трэба даведацца ці замовіць корм, гэта не складае вялікіх цяжкасцяў. Але калі сутыкаемся з нейкімі сур'ёзнымі праблемамі, напрыклад, па здароўі, то вязём да сябе ветэрынара. У такіх выпадках не трэба займацца самалячэннем, неабходна звяртацца да спецыяліста. Галоўнае для адкрыцця кантактнага заапарка і наогул усяго, што звязана з жывёламі, — гэта перш за ўсё любоў да іх. Таму што калі проста наняць людзей, якія будуць даглядаць за вас гадаванцаў або сустракаць гасцей, з гэтага практычна нічога не атрымаецца. У нас у раёне мы першыя, хто адкрыў кантактны заапарк, хоць было шмат спроб паўтарыць, праўда, не вельмі ўдалых, таму што не ўкладвалі туды душу. А ў нас усё па-іншаму: выйшаў на двор, а там твае любімыя звяркі. Пацалаваўся з казой, абняў труса, пачухаў за вухам тхара... Для нас гэта кайф, рэальны кайф!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзены сям'ёй

Загаловак у газеце: Любіць жывёл, дык цэлым заапаркам!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.