Вы тут

Сіндром хранічнай стомленасці. У чым яго прычына і да каго звяртацца


Стомленасць, якую многія людзі адчуваюць у канцы напружанага рабочага дня, з'яўляецца абсалютна нармальным станам. А вось працяглае агульнае недамаганне і павышаная стамляльнасць з'яўляюцца прыкметамі розных хвароб і станаў. Што дапаможа справіцца з праблемай — некалькі гадзін ці дзён адпачынку ці ўсё ж візіт да доктара? Разабрацца ў гэтым дапамагла ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Смірнова.


mirinteresen.net

— Прычыны стомленасці могуць быць як фізічныя, так і псіхалагічныя. У першым выпадку ўзнікае часовая няздольнасць мышц падтрымліваць аптымальную фізічную нагрузку, і чым больш нагрузкі, тым больш яна выражана, — тлумачыць урач. — Разумовая стомленасць праяўляецца ў зніжэнні пазнавальнай здольнасці, прыкметамі якой з'яўляюцца санлівасць і зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі. Калі пасля адпачынку ўсё гэта праходзіць, то гэта фізічная стомленасць. Паталагічная стомленасць (астэнія) наадварот не залежыць ад аб'ёму нагрузак і захоўваецца доўгі час.

Існуе некалькі прычын паталагічнай стомленасці.

Недахоп вітамінаў і жыццёва неабходных элементаў. Размова перш за ўсё пра вітаміны катэгорыі B, C, D, калій, жалеза, магній, ёд.

Што рабіць: магчыма, давядзецца перагледзець свае харчовыя звычкі і дадаць у рацыён рыбныя, мясныя прадукты, субпрадукты, яйкі, натуральныя малочныя прадукты, зялёналістую гародніну, арэхі і семкі, а таксама завесці звычку прымаць сонечныя ванны.

Дарэчы, выкананне рэжыму працы і адпачынку, паўнавартаснае харчаванне і сон дапамагаюць пазбегнуць пераядання ці недаядання, дазваляюць не злоўжываць кафеінам і ў выніку з'яўляюцца прафілактыкай стомленасці.

Дыябет. Пры гэтым захворванні ўзровень цукру ў крыві рэзка павышаецца, а глюкоза, якая адказвае за забеспячэнне чалавека энергіяй, літаральна прападае ўпустую. У выніку есці хочацца больш, а сіл пры гэтым атрымліваецца менш. Арганізм дыябетыкаў патрабуе больш вадкасці, у тым ліку і ўначы, таму іх сон перарывісты і непаўнацэнны.

Што рабіць: мінімізаваць ужыванне прадуктаў, якія ўтрымліваюць рафінаваны цукар і муку вышэйшага гатунку, звярнуцца да доктара дзеля атрымання рэкамендацый і прызначэння лячэння.

Дэпрэсія. Пры дэпресіўных станах апатыя і агульная слабасць з'яўляюцца аднымі з прыкмет хваробы.

Што рабіць: калі вы разумееце, што гэты стан доўжыцца дастаткова працяглы перыяд, шкодзіць вашай прафесійнай дзейнасці і ўзаемаадносінам з блізкімі, неабходна звяртацца да ўрача па лячэнне.

Шчытападобная залоза. Гарманальныя парушэнні з боку шчытападобнай залозы, якія могуць праяўляцца як адсутнасць сіл пры паніжанай функцыі (гіпатырэёз) і залішняй стамляльнасці пры павышанай функцыі (гіпертырэёз).

Што рабіць: звярнуцца да эндакрынолага для накіравання на абследаванне і прызначэння лячэння.

Анемія. Яна можа выклікаць павышаную стамляльнасць, бо пры анеміі ў крыві зніжаецца колькасць эрытрацытаў, што вядзе да паніжанага забеспячэння клетак цела кіслародам. Анемію звычайна звязваюць з недахопам жалеза, а таксама з недастатковым ужываннем вітаміну В12 і фоліевай кіслаты.

Што рабіць: звярнуцца да ўрача для атрымання рэкамендацый і пры неабходнасці — назначэння лячэння. А таксама адкарэктаваць свой рацыён, уключыўшы прадукты, якія ўтрымліваюць жалеза, вітамін В12 і фоліевую кіслату.

Маларухомы спосаб жыцця вядзе да адчування слабасці і болю ў целе ў сувязі з доўгім знаходжаннем у ненатуральнай позе.

Што рабіць: рэгулярныя фізічныя практыкаванні садзейнічаюць паляпшэнню кровазвароту, насычэнню кіслародам усіх сістэм арганізма, дасягненню балансу ў гармонах, садзейнічаюць вызваленню эндарфінаў, павялічваюць вынослівасць, паляпшаюць настрой і дапамагаюць нармалізаваць сон.

Няякасны сон вядзе да адчування разбітасці, стомленасці, адсутнасці канцэнтрацыі.

Што рабіць: прытрымлівацца правільнага рэжыму дня. А менавіта спаць не менш за 7—9 гадзін, старацца класціся ў ложак і ўставаць у адзін і той жа час, не грэбаваць воднымі працэдурамі раніцай і ўвечары, практыкаваць вячэрнія прагулкі, займацца спортам. Не пашкодзіць і прыём заспакаяльных травяных настоеў і гарбаты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.