Вы тут

Узбекскія матывы ў нашым краі


Пра тое, як актыўна развіваюцца культурныя ды гуманітарныя стасункі паміж Беларуссю і Узбекістанам, ішла размова ў часе нядаўняга круглага стала ў прэс-цэнтры Дома прэсы


Удзельнікі круглага стала ў Доме прэсы

Пэўна, многія ведаюць, што Узбекістан у гады вайны даў прытулак тысячам бежанцаў з Беларусі. Як і пра тое, што сыны Узбекістана мужна змагаліся з ворагам на тэрыторыі Беларусі: як на франтах, так і ў партызанскіх атрадах. Многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі аказаліся ў Ташкенце ў эвакуацыі. Жыў там з сям’ёй і народны паэт Якуб Колас (з 14 жніўня 1941 да 1 лістапада 1943 года). Там у 1942‑м выйшла ягоная кніга вершаў “Голас зямлі”.

У часе візіту ва Узбекістан Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе беларускаму Песняру ва ўзбекскай сталіцы быў адкрыты помнік ля будынка Дзяржмузея мастацтваў Узбекістана: як сімвал сяброўства паміж нашымі краінамі. Напярэдадні візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь (2019) у Мінску адбыўся І Форум рэгіёнаў Беларусі ды Узбекістана. Запрошаны былі на яго й прадстаўнікі гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай, навуковай сфераў. Тады ж прайшлі Дні культуры Узбекістана ў Мінску, а ў Літаратурным музеі Янкі Купалы зладзілі круглы стол “Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі”.

Пра гэта гаварылася на сяброўскай імпрэзе, мадэратарам якой быў Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”. У прыватнасці, дарадца па палітычных пытаннях Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніяр Абідаў, які выступаў анлайн, нагадаў: культурныя й гуманітарныя сувязі паміж Беларуссю і Узбекістанам маюць глыбокія карані. Сам Даніяр Таджыевіч актыўна спрыяе ўсталяванню, пашырэнню рознабаковых гуманітарных стасункаў паміж краінамі.

Адлегласці для размовы — не перашкода

У часе зацікаўленай размовы ў прэс-цэнтры Дома прэсы, якая праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі, гаварылі й пра сумесныя выданні. У хуткім часе калегі з Беларусі ды Узбекістана плануюць ажыццявіць некалькі сумесных праектаў на старонках часопісаў і газет ВД “Звязда”: спецвыпуск часопіса “Маладосць” будзе прысвечаны творчасці маладых узбекскіх паэтаў, на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Нёман” з’явяцца творы ўзбекскіх аўтараў. У планах — выхад кнігі паэта й філосафа Алішэра Наваі на ўзбекскай і беларускай мовах, кнігі ўзбекскага пісьменніка Кучкора Наркабіла пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У размове за круглым сталом з беларускага боку паўдзельнічалі дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы, намеснік дырэктара ВД “Звязда” — галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Аляксей Чарота, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Юлія Алейчанка. З узбекскага боку падзяліліся меркаваннямі анлайн пісьменнік Кучкор Наркабіл, празаік, перакладчыца Рысалат Хайдарава, дарадца Міністра па пытаннях эфектыўнасці духоўна-асветніцкай працы, забеспячэнні выканання заканадаўства аб дзяржаўнай мове Рахматула Назараў, начальнік аддзела Упраўлення двухбаковага й шматбаковага супрацоўніцтва з краінамі СНД Фатхула Абдурахманаў ды іншыя зацікаўленыя асобы.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.