Вы тут

Тэатр юнага гледача. Тройчы народжаны


У 1955 годзе 22 верасня быў падпісаны загад міністра культуры БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, і пачалося будаўніцтва. Здаецца, што падзея не такая ўжо і значная, але афіцыйныя паперы ў час СССР мелі магічную сілу, і таму будаўніцтва, якое планавалі амаль з 1952 года, пачалося толькі пасля згаданага загада.


Сцэна са спектакля «Казкі дзядзькі Якуба». Фота Ганны ШАРКО

Гэтая дата вельмі важная для гісторыі сучаснага Тэатра юнага гледача, які мае ў сваім доўгім і слаўным жыцці некалькі дзён нараджэння. І 65-гадовы юбілей падпісання загада аб стварэнні тэатра — добрая нагода ўспомніць той вялікі шлях, што прайшла культурная ўстанова.

Ствараць мастацтва складана — гэта пацвердзіць кожны, хто звязаны з творчасцю: ці то мастак, ці то пісьменнік. Гэта працэс, які патрабуе ад творцы (канечне, калі ён спрабуе стварыць нешта якаснае) максімальных намаганняў, задзейнічання ўсіх сваіх навыкаў і майстэрства. Часам для стварэння чагосьці сапраўды годнага даводзіцца скакаць вышэй за галаву, выходзіць з зоны камфорту — тады верагоднасць таго, што жыццё твора мастацтва будзе доўгім, значна павышаецца. Магчыма, ён нават пакіне след у гісторыі і стане важнай вяхой у развіцці нацыянальнай культуры краіны. Але шмат тых, хто кожны раз пры стварэнні ўласных твораў выкладваецца на сто працэнтаў або нават больш, усё роўна сцвярджаюць, што мастацтва для дзяцей  — справа значна больш складаная. І гэтае сцвярджэнне, на першы погляд, абсурднае, на самай справе вельмі лагічнае.

Дзеці значна больш эмацыянальныя, чуллівыя, іх уважлівасць парадаксальная: з аднаго боку, яны могуць заўважаць такія дробязі, якія для дарослага няважныя, з другога — іх цікавасць утрымліваць доўга вельмі складана, асабліва калі гаварыць пра малодшы і сярэдні школьны ўзрост. І яшчэ праблема ў тым, што сучасным школьнікам не вельмі цікавае мастацтва ўвогуле, у іх іншыя прыярытэты, пункты факусіроўкі, што натуральна: час дыктуе свае законы кожнаму пакаленню. Але гэта не значыць, што ствараць разумнае, яркае мастацтва для дзяцей і падлеткаў — справа бессэнсоўная і няўдзячная.

Наадварот, калі такім складаным рэцыпіентам спадабаецца мастацтва, то яны адкажуць на яго са значна большай энергіяй і адкрытасцю, чым гэта робяць дарослыя. З шматкроць большым запалам яны будуць абмяркоўваць, абменьвацца думкамі з нагоды тых ці іншых аспектаў. Калі вы сваім творам змаглі зрабіць так, каб дзеці шумелі пасля знаёмства з ім, а не ў час, то можаце лічыць, што дасягнулі той вышыні ў мастацтве, на якую ўзыходзілі нямногія. Але дакладна і адваротнае: калі твор не зможа прыцягнуць да сябе ўвагу, юныя аматары мастацтва не стануць нават спрабаваць прыкінуцца, што ім спадабалася, — іх словы і паводзіны будуць біць значна мацней, чым самы разгромны крытычны артыкул у спецыялізаваным часопісе.

Тым каштоўнейшыя ўстановы культуры, якія ўжо шмат гадоў заваёўваюць увагу дзяцей, папулярызуючы высокую культуру сярод нават самых маленькіх аматараў мастацтва. У Беларусі такія ўстановы таксама ёсць. Адна з іх, самая значная ў плане далучэння дзяцей і падлеткаў да тэатральнага мастацтва, знаёмая кожнаму, хто вучыўся ў мінскіх школах. Гэта Тэатр юнага гледача, які цяпер знаходзіцца на вуліцы Энгельса. Будынак з характэрнымі калонамі на ўваходзе здаецца настолькі натуральнай часткай агульнага гарадскога пейзажу, які складаецца з тыповай савецкай забудовы, што мала хто ведае: на самай справе гісторыя ТЮГа куды больш драматычная, чым класічная трыяда «заснаваны — адкрыты — існуе па сёння».

Няшмат нават пастаянных гледачоў ведаюць, што будынак, у якім размешчаны Тэатр юнага гледача сёння, адноўлены ў адпаведнасці з тым, які стаяў на яго месцы раней. Гэта своеасаблівы фенікс, што паўстаў з попелу, каб зноў несці мастацтва ў масы. Адсюль і невялікая блытаніна ў тым, адкуль адлічваць існаванне тэатра, бо дзён нараджэнняў у яго ажно тры, што надае ТЮГу статус сапраўды ўнікальнай установы.

Першы дзень нараджэння — заснаванне Тэатра юнага гледача ў Мінску ў красавіку 1931 года пры Доме камсамола. Прапанаваў ідэю стварэння падобнай установы рэжысёр Мікалай Кавязян. На той момант ён быў настаўнікам малявання і кіраўніком драматычнага гуртка чыгуначнай школы. Новы тэатр, не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што яго кіраўнік быў чалавекам вельмі захопленым і актыўным, у 1939 годзе ўдастоіўся гонару называцца імем Надзеі Крупскай, а ў 1940 годзе ўвайшоў у спіс шаснаццаці найлепшых дзіцячых тэатраў ва ўсім Савецкім Саюзе, што з’яўляецца важнай падзеяй, бо падобных устаноў у вялікай краіне было шмат. Пра тэатр многа пісалі: з’яўляліся нарысы ў кнігах, артыкулы ў газетах і часопісах. Цікавасць да новага дзіцячага тэатра была даволі вялікая, тым больш, як адзначалі крытыкі таго часу, ён адрозніваўся як высокай прафесійнасцю акцёраў, так і нестандартным цікавым рэпертуарам, які ўключаў не толькі казкі.

Сцэна са спектакля «Тры вясёлыя парасяты».

На жаль, падчас Другой сусветнай вайны стары будынак быў зруйнаваны. Трупа таксама не магла доўга знаходзіцца ў занятым акупантамі Мінску і часткова была эвакуіравана. У 1943 годзе з’явілася прапанова аднавіць тэатральную дзейнасць на акупіраванай тэрыторыі, аднак атрымалася гэта толькі ў Дзяржаўнага драматычнага рускага тэатра БССР. У першыя пасляваенныя гады думкі людзей былі занятыя далёка не тэатрам і іншымі відамі мастацтва — трэба было будаваць нанова амаль знішчаную акупантамі краіну. Толькі ў кастрычніку 1949 года пачалі з’яўляцца першыя публічныя артыкулы і нататкі пра тое, што трэба вяртаць жыццё ў звыклы стан, трэба зноў звярнуць увагу на тое, што дзеці на даволі вялікі час аказаліся адарванымі ад тэатральнага мастацтва. Пісьменніца і перакладчыца Зінаіда Бандарына ў артыкуле «Театральное искусство детям» адзначала, што ва ўсіх саюзных рэспубліках аналагічныя тэатры ўжо адноўлены і актыўна дзейнічаюць, і  толькі Мінск, чый ТЮГ быў адным з  найлепшых у дзяржаве і стаў любімым месцам тысяч савецкіх дзяцей, па невядомай прычыне дагэтуль не функцыянаваў і быццам бы не збіраўся вяртацца да жыцця.

Падобныя меркаванні і канкрэтна гэты артыкул сталі прычынай таго, што кіраўніцтва БССР сапраўды пачало задумвацца пра тое, якім чынам лепей за ўсё аднавіць дзейнасць Тэатра юнага гледача. Але, як даволі часта адбываецца ў краінах з моцным бюракратычным апаратам, сапраўдныя захады ў гэтым кірунку пачаліся толькі ў 1952 годзе: у сакавіку на пасяджэнні Бюро ЦК КП (б) Беларусі была прынята пастанова аб адраджэнні дзіцячага тэатра ў будынку, які належаў Мінскаму палацу піянераў. Гэта быў даволі добры знак, і тэатральная супольнасць, і тыя партыйцы, што былі зацікаўлены ў аднаўленні дзейнасці тэатра, падтрымалі дадзены план. Але і гэтая пастанова не стала пачаткам канкрэтнай працы. Будаўніцтва новага Тэатра юнага гледача пачалося толькі ў 1955 годзе пасля таго, як міністр культуры БССР Рыгор Якаўлевіч Кісялёў 22 верасня таго ж года падпісаў загад аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Толькі пасля загада міністра культуры мабілізавалі будаўнічыя брыгады і пачалася актыўная праца па аднаўленні тэатра.

Кіраўніком тэатра прызначылі Уладзіміра Стэльмаха. Ён актыўна настойваў на неабходнасці аднавіць тэатр у тым выглядзе, у якім той існаваў да вайны, хацеў падкрэсліць пераемнасць дзвюх арганізацый, зрабіць так, каб тыя, хто паспеў наведаць першы ТЮГ, не пабачылі розніцы паміж новым і старым. Але гэты намер не супаў з пазіцыяй улады — зрабіць акцэнт на тым, што і сам будынак, і рэпертуар, і трупа, і нават мэты, якія ставіць перад сабой тэатр, будуць новымі, толькі часткова падобнымі на ранейшыя. Улада хацела выразна паказаць: гэта новы тэатр, новая ўстанова, ТЮГ не адраджаецца, а пачынае новае жыццё з чыстага ліста.

Другі дзень нараджэння тэатра прыйшоўся на 8 красавіка 1956 года — афіцыйнае адкрыццё новага будынка. У гэты дзень гледачам паказалі сцэны з трох спектакляў: з інсцэніроўкі рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», з казкі «Горад майстроў» Т. Габэ і з сучаснай драмы «Каханне Ані Бярозка» У. Пісталенкі. Тэатр пачынаў вяртацца з небыцця: трупа расла, прэм’еры радавалі гледачоў, якіх станавілася ўсё больш і больш з кожным сезонам, ставіліся новыя творы, але кіраўніцтва таксама памятала і пра слаўнае мінулае — актыўна дэманстраваліся і даваенныя спектаклі ў перапрацаваным выглядзе. Асаблівая ўвага надавалася работам мясцовых аўтараў, напрыклад, Івана Козела. У 1957 годзе была пастаўлена яго п’еса «Кветка папараці», а праз чатыры гады — «Над хвалямі Серабранкі». Абедзве пастаноўкі карысталіся поспехам.

Але ніводны будынак не можа стаяць вечна. Пакуль тэхнічныя сродкі станавіліся ўсё больш дасканалымі, а акцёры і рэжысёры — дасведчанымі, што дазваляла ім спраўляцца нават з самымі складанымі творчымі задачамі, сам будынак паступова зношваўся. За доўгія гады эксплуатацыі гэты помнік архітэктуры ні разу не бачыў капітальнага рамонту і ў 2008 годзе апынуўся ў  аварыйным стане. Рамантаваць патрабавалася літаральна ўсё: ад падлогі да столі, уключаючы поўную замену камунікацый, устаноўку новага абсталявання, будаўніцтва дадатковых памяшканняў. Такі вялікі рамонт патрабаваў не толькі найлепшых рэканструктараў, але і вялікую колькасць грошай, таму рэканструкцыя пачалася далёка не адразу. Афіцыйна — у 2008 годзе, аднак насамрэч грошы і спецыялісты дайшлі да тэатра толькі ў 2011-м.

Сцэна са спектакля «З нагоды мёртвых душ»

Але нават падчас рэканструкцыі тэатр працягваў сваю працу. Акцёры выступалі на сцэнах іншых гарадскіх устаноў культуры, а апаратуру і рэквізіт даводзілася браць у арэнду ці займаць у знаёмых. За гады рэканструкцыі тэатр паспеў пабываць на сцэнах Дома літаратара, ДК прафсаюзаў, Палаца дзяцей і моладзі, РДК імя Шарко, КЗ «Мінск», Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ды іншых.

Рэканструкцыя скончылася 31 чэрвеня 2015 года. Гэта і ёсць трэці дзень нараджэння: акцёры і іншыя супрацоўнікі вярнуліся на знаёмую, родну сцэну, але пры гэтым пачалі працаваць з самым новым абсталяваннем і тэхнічнымі сродкамі: пад’ёмныя пляцоўкі, лятальныя прылады, люкі-правалы, светлавыя заслоны.

Пасля эпідэміі, негатыўны ўплыў якой быў вельмі адчувальны менавіта ў дачыненні ўстаноў культуры з масавым наведваннем, тэатр, здавалася, зноў перажывае не лепшы час, але, у адрозненне ад іншых мінскіх тэатраў, ТЮГ ужо пачаў новы сезон. Канечне, пакуль спектаклі наведвае не так шмат дзяцей, як да эпідэміі, але маленькія аматары тэатра і іх бацькі з вялікай удзячнасцю ставяцца да Тэатра юнага гледача за тое, што ён вырашыў адкрыць свае дзверы. Тым больш у верасні тэатр плануе дзве прэм’еры: 26-га будзе прадстаўлены публіцы спектакль «Царэўна-жабка», а 29-га — «Тры вясёлыя парасяты». Тэатр зноў здолеў перамагчы час і абставіны, паўстаць амаль з попелу, каб працягваць адну з самых важных і светлых спраў у сферы культуры  — дарыць радасць знаёмства з добрым мастацтвам дзецям.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Ганны ШАРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.