Вы тут

Жыллё для шматдзетных, працаўладкаванне, зямельныя спрэчкi


З чым звярталiся на прамую лiнiю да памочнiка Прэзiдэнта.

Больш за дваццаць званкоў паступiла на прамую тэлефонную лiнiю, якую правёў памочнiк Прэзiдэнта — iнспектар па Гомельскай вобласцi Юрый Шулейка. Жыхары рэгiёна ўздымалi пытаннi будаўнiцтва жылля для шматдзетных, працаўладкавання, агучылi зямельныя спрэчкi.


Шматдзетны бацька з аграгарадка Левашы падзялiўся: пераехалi ў Рэчыцкi раён у 2014 годзе з Луганскай вобласцi Украiны. Трэцяе дзiця нарадзiлася ўжо ў Беларусi. Тут сям'я плануе будаваць дом, аднак цяпер банкi прыпынiлi крэдытаванне па ўказе № 240. Прапаноўвалася разгледзець варыянты жылля ў горадзе. «Але мы працуем у сельскай гаспадарцы. Хочам будавацца ў сельскай мясцовасцi, у Левашах. Бо ёсць зямля, ёсць магчымасць трымаць дапаможную гаспадарку, прывучаць сваiх дзяцей да працы», — адзначыў мужчына. «Гэта пытанне будзе вывучана, будуць прапанаваныя варыянты», — паабяцаў Юрый Шулейка.

Пытанне будаўнiцтва жылля хвалюе i шматдзетную сям'ю з Брагiна, якая ўжо ўзводзiць дом у райцэнтры. На прамой лiнii мама растлумачыла, што на будаўнiцтва дома заключылi дагавор з гомельскiм падрадчыкам. Ужо зроблена «скрынка», пастаўленыя вокны, уваходныя дзверы, будаўнiкi накрылi металапрофiлем дах, аднак комiны не вывелi, не завяршылi работы на ганку, тэрасе, хоць гэта i прадугледжана дагаворам. «Атрымлiваецца, што падрадчык да канца не выконвае свае абавязацельствы. Першапачаткова абяцалi зрабiць таннейшым будаўнiцтва, але цяпер кажуць, што сродкi скончылiся. Абавязалiся зрабiць i хлеў, але нават не пачыналi. Падкажыце, як правiльна зрабiць, куды звярнуцца», — цiкавiлася жанчына. Паводле яе слоў, сям'я паведамiла пра сiтуацыю ў мясцовы райвыканкам, праваахоўныя органы, ужо iдзе праверка, але перажываннi не пакiдаюць. Па даручэннi памочнiка Прэзiдэнта спецыялiсты вывучаць усе абавязацельствы забудоўшчыка, дакументацыю.

Пенсiянерка з аграгарадка Рагiнь Буда-Кашалёўскага раёна панаракала, што арэндны дом, у якiм яна жыве, у аварыйным стане. Ранейшыя жыхары не рабiлi рамонту. Печ няспраўная, трубы ржавыя. «У доме вельмi холадна. На зiму не ведаю, куды дзецца», — апiсала сiтуацыю жанчына, адзначыўшы, што пяць гадоў стаiць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. «Ёсць паняцце арэнднага жылля, вызначаная адказнасць бакоў. Будзем вывучаць ваша пытанне, умовы, шукаць варыянты», — адказаў Юрый Шулейка.

Патэлефанавала жанчына з Добрушскага раёна, расказала, што ў спадчыну ў Церахоўцы ёй дастаўся дом. На вулiцы, дзе знаходзiцца будынак, калiсьцi была арашальная сiстэма. «Цяпер гэтая канава ператварылася ў велiзарны яр. Дарога памяняла свой напрамак, наблiзiлася да маёй брамкi, асфальт ляжыць у канаве. Яе падсыпалi жвiрам, грунтам, але праблема не вырашаецца», — расказала гаспадыня. Юрый Шулейка адзначыў, што выедзе па адрасе са спецыялiстамi, каб на месцы разгледзець спосабы вырашэння пытання.

З просьбай аб дапамозе патэлефанавала на прамую лiнiю былая работнiца банка. Сёлета яна была звольненая: штат скарачалi з-за рэарганiзацыi. У банкаўскай сiстэме жанчына прапрацавала амаль 28 гадоў. На момант скарачэння да пенсiйнага ўзросту ёй заставалася крыху больш за год. Гамяльчанцы прапанавалi ў банку iншы варыянт работы, але ён жанчыне праз шэраг прычын не падыходзiць. «Я адна выхоўваю дачку-студэнтку, яна на трэцiм курсе. Я не па сваёй волi сышла i гатовая працаваць», — сказала жанчына. Варыянты дапамогi даручана прапрацаваць спецыялiстам. Пытаннi працаўладкавання гучалi таксама з Петрыкаўскага, Рагачоўскага раёнаў.

Зямельная спрэчка трывожыць гамяльчанку. «Суседка заняла ў мяне паўметра зямлi, i атрымлiваецца, што вугал майго дома стаiць на яе зямлi», — падзялiлася праблемай жанчына. Паводле яе слоў, разгляд доўжыцца ўжо год. Даручэнне Юрыя Шулейкi адказным службам — пераправерыць межы зямельных участкаў. У размове з журналiстамi памочнiк Прэзiдэнта дадаў, што пытанне ўстанаўлення межаў зямельных участкаў памiж суседзямi гучыць практычна на ўсiх прыёмах i прамых лiнiях. Тэма заўсёды патрабуе глыбокага вывучэння, часцяком — i дыялогу памiж бакамi, падкрэслiў ён.

Жыхары рэгiёна таксама цiкавiлiся перспектывамi працягу будаўнiцтва корпуса абласной iнфекцыйнай бальнiцы, прапаноўвалi даць адной з вулiц вёскi Колкi Петрыкаўскага раёна iмя Героя Савецкага Саюза Iвана Самбука.

Юрый Шулейка звярнуў увагу: прамыя тэлефонныя лiнii асаблiва актуальныя як форма зносiн з грамадзянамi ў цяперашняй эпiдсiтуацыi. «Прамыя лiнii доўжацца тры гадзiны. Людзi маюць магчымасць дэталёва выкласцi пытанне. У працэсе зносiн вызначаюцца адрасы, па якiх трэба выехаць, прыцягнуць спецыялiстаў, а таксама праблемы, якiя патрабуюць дасканалага, глыбокага вывучэння, па некаторых тэмах даюцца тлумачэннi, адказы», — падкрэслiў памочнiк Прэзiдэнта.

БелТА

Прэв’ю: super-positive.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.