Вы тут

Развiтанне белай хрызантэмы


Восень дорыць, мабыць, апошнiя цёплыя i лагодныя днi, як усмешку на развiтанне. Буйная сумесь зялёнага, чырвонага, жоўтага колераў часам захапляе, зачароўвае, але ўсё ж не перамагае восеньскую тугу. Як i тая хрызантэма, што даўно стаiць на маiм стале. Майго любiмага колеру — белая, вялiкая i на дзiва жыццястойкая. Яна радуе вока, ды не ратуе ад цяперашнiх сумневаў i перажыванняў. Зараз нават дробная праблема альбо не ў час прачытаная iнфармацыя здольная iмгненна ператварацца ў аб'ёмiсты камяк, якi цiсне адначасова i звонку i знутры. Не дапамагаюць нават надзейныя сябры — любiмыя кнiгi, перачытаныя шмат разоў. Яшчэ i каранавiрус гэты, што звальвае з ног людзей...


З-за яго сёлета адмянiлi тэатральны фестываль у Брэсце, якi за апошнiя дзесяцiгоддзi стаў сапраўднай прыкметай восенi ў самым заходнiм горадзе краiны. Хутчэй за ўсё, з той жа прычыны не будзе i фестывалю класiчнай музыкi «Студзеньскiя музычныя вечары». I гэта адчувальная страта для людзей, якiя прывыклi сустракацца з сапраўдным мастацтвам. Былi за гэты час у нас i класiчныя, i эксперыментальныя тэатры; тыя, чыя гiсторыя вымяраецца стагоддзямi, i зусiм маладыя калектывы. Але найбольш запамiнальныя аказалiся пастаноўкi не пра вайну, варожасць, барацьбу, хай сабе i за светлыя iдэалы, а пра дабрыню i спагаду. Пра тое, як можа дапамагчы чалавек чалавеку, наколькi важныя часам становяцца простыя рэчы ў жыццi i якiя каштоўныя наогул чалавечыя адносiны. Тэатр па-ранейшаму можа многае. Нядаўна, дарэчы, мяне папрасiлi дапамагчы са сцэнарыем, ну хоць бы падказаць iдэю. Мая даўняя сяброўка па пакоi ў iнтэрнаце ў пару нашай работы маладымi спецыялiстамi цяпер працуе ў бiблiятэцы райцэнтра. Яны пiшуць сцэнарыi для школьных тэатральных гурткоў. Дык я ёй сказала, што найлепшы сцэнарыст — жыццё, параiла згадаць найбольш цiкавыя гiсторыi з уласнага вопыту. Калi яны не стануць матэрыялам для сцэнарыя цалкам, дык могуць падштурхнуць да iдэi сюжэта. I неяк адначасова мы ўспомнiлi здарэнне ва ўнiверсаме са знакавай назвай «Добры».

Мы тую гiсторыю згадваем нярэдка. А сёлета ёй споўнiлася, вой, ужо 30 гадоў! На ўсё жыццё запомнiлi дзве турысткi з Беларусi гастраном «Добры» ў Пяцiгорску. Iшоў 1990 год. Мы з сяброўкай у складзе групы адпачывалi на Паўночным Каўказе. Назад ехалi праз Пяцiгорск. У турагенцтве хтосьцi штосьцi пераблытаў. Iнтэрнэту ж не было, зараз i ўявiць нават цяжка, як тады ўдакладнялi i рэгулявалi падобныя пытаннi ўстановы ды арганiзацыi. Адным словам, высветлiлася, што бiлеты да Брэста i Мiнска нашай групе заказаны толькi на наступны дзень. Гэта азначала, што суткi мы павiнны «кантавацца» ў чужым горадзе, неяк харчавацца, недзе начаваць. Месца для адпачынку кiраўнiк групы ледзьве знайшоў у адной са школ. Спартзала стала агульнай спальняй для ўсёй групы. З ежай было горш. Магазiны стаялi, нiбы танцпляцоўкi, зусiм пустыя. Нягледзячы на гэта, настрой у мяне быў прыўзняты, бо даўно марыла наведаць лермантаўскiя мясцiны, музей Лермантава. А тут — нечаканы падарунак лёсу, з-за якога можна было i дзень пагаладаць. З маёй камплекцыяй гэта зусiм не страшна, а вось сяброўка вельмi засумавала. Тады першы i, спадзяюся, апошнi раз у жыццi мы каштавалi марожанае, прыгатаванае... з вады. Ну, можа, якая лыжка цукру на вядро дабаўлена i крыху фарбавальнiка.

Агледзеўшы славутасцi, звязаныя з вялiкiм паэтам, набыўшы сувенiраў у музейнай крамцы, мы нетаропка хадзiлi па вузкiх вулiцах горада ў спадзяваннi купiць хоць нешта на дарогу. Ва ўнiверсам пад назвай «Добры» зайшлi амаль без усялякай надзеi — i вачам не паверылi. На палiцах — розныя прадукты, у тым лiку каўбаса вараная i вэнджаная, а пакупнiкоў няма. Спрактыкаваным вокам пазнаўшы прыезджых, прадавец паспяшалася патлумачыць: «Магазiн абслугоўвае ветэранаў». Я ўжо намерылася разварочвацца, але заўважыла, што сяброўка як зачараваная не зводзiць вачэй з палiцы. Варта адзначыць, што ў Лены асаблiвая канстытуцыя, i выглядала яна вельмi худой, дадаць кругi пад вачыма ад стомы ды невыказную роспач ва ўсёй яе постацi... Словам, мажная кабета з «Добрага» моўчкi ўзяла батон варанай каўбасы, рэзанула з паўкiло, узважыла, загарнула i падала ёй: «На, а то павалiшся хутка». Я не памятаю, якiмi словамi мы падзякавалi, але тую каўбасу са смехам згадваем да гэтай пары. Нават тост тады нарадзiўся — «За «добрых» людзей!», маецца на ўвазе назва таго ўнiверсама, ну i ў шырокiм сэнсе таксама.

Той дзень вымушанага чакання запомнiўся яшчэ адным цудам. У музеi Лермантава нам паказалi чырвоны гваздзiк, якi другi месяц стаяў перад партрэтам паэта. Яго прынесла адна дзяўчына, i работнiкi не маглi зразумець, чаму кветка так доўга не вяне. Гадалi, цi яна — хiмiк або фармацэўт — чым-небудзь напампавала гваздзiк, цi проста гэта такi феномен флоры i любовi да паэта. А што мая хрызантэма? Яна прастаяла ўжо даволi доўга i хутка памрэ, як усе зрэзаныя кветкi, цiха i ненавязлiва падарыўшы сваю прыгажосць на развiтанне.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв’ю: astraflowers.com

Выбар рэдакцыі

У свеце

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Набываць землі сельгаспрызначэння замежнікам па-ранейшаму не дазваляецца.

Культура

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Гэта другая чарга рэстаўрацыі.

Грамадства

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Пасля пандэміі каранавіруса адукацыя ўжо ніколі не будзе ранейшая.