Вы тут

Першы энергаблок БелАЭС уключылі ў адзіную энергасістэму краіны


Турбагенератар першага энергаблоку атамнай станцыі сёння 3 лістапада ў 12:03 уключылі ў адзіную энергасістэму Беларусі. Пасля сінхранізацыі з сеткай краіны станцыя вырабіла першыя кілават-гадзіны электраэнергіі, якія адправіліся ў аб’яднаную сістэму, паведаміла прэс-служба дзяржкарпарацыі «Расатам».


— Паступленне першых «атамных» кілават-гадзін электраэнергіі ў адзіную энергасістэму Беларусі — гістарычная з’ява, якая знамянуе пачатак атамнай эры. Гэта стала магчымым дзякуючы доўгай і прадуктыўнай рабоце беларускіх і расійскіх спецыялістаў, — заўважыў Аляксей ЛІХАЧОЎ, генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Расатам». — Да ўводу блока ў прамысловую эксплуатацыю давядзецца выканаць яшчэ шмат работы, аднак ужо сёння можна казаць пра поспех праекта Беларускай АЭС, першай атамнай станцыі пакалення III+, якая створана па расійскім тэхналогіям за межамі Расіі.

Нагадаем, што ўвод першага энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю запланаваны на першы квартал 2021-га. 23 кастрычніка Беларуская АЭС і інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам» атрымалі ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дазвол на выкананне работ па этапу энергетычнага пуску, якім прадугледжаны пад’ём магутнасці рэактарнай устаноўкі да 50 % ад намінальнай, уключэнне энергаблока ў адзіную энергасістэму краіны і правядзенне дынамічных выпрабаванняў на ўзроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі 50 %. 30 кастрычніка на першым энергаблоку выканалі пробны пуск турбіны, так званы першы штуршок турбіны на магутнасці рэактара 35 %. Турбіну пракруцілі на халастой хадзе і паэтапна павялічылі колькасць абаротаў да праектных — трох тысяч абаротаў за хвіліну. Гэтая працэдура фактычна перадумовіла пачатак вырабу электраэнергіі.

— Праект АЭС-2006, на падставе якога стваралася Беларуская АЭС, — адзін з самых перспектыўных і запатрабаваных на міжнародным атамным рынку. Сёння асноўнымі заказчыкамі атамных станцый з энергаблокамі пакалення III+ з рэактарамі ВВЭР-1200 сталі Фінляндыя, Венгрыя, Турцыя, Бангладэш, Кітай і іншыя краіны, — падкрэсліў Андрэй ПЯТРОЎ, генеральны дырэктар арганізацыі «Канцэрн Расэнергаатам».

У праекце Беларускай АЭС рэалізаваны поўны комплекс тэхнічных рашэнняў, якія дазваляюць забяспечыць бяспеку работы энергаблоку і выключыць выхад радыеактыўных прадуктаў у наваколле нават пры поўнай страце энергазабеспячэння, падкрэсліваюць спецыялісты.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.