Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Беларуская дзяржава адбылася


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў з пяці краін – Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Украіны.


Свае пытанні кіраўніку беларускай дзяржавы задалі:

  • першы намеснік генеральнага дырэктара Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі Андрэй Кандрашоў;
  • палітычны аглядальнік «Першага канала» (Расія) Наталля Палікарпава;
  • кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Хабар» (Казахстан) Ерлан Бекхожын;
  • рэдактар праектаў «Accent TV» (Малдова) Юлія Бялянская;
  • галоўны рэдактар тэлеканала «112 Україна» Павел Кужэеў;
  • першы намеснік старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал» (Беларусь) Дзмітрый Бачкоў.

«Традыцыйна такія сустрэчы —  найважнейшы канал зносін са шматмільённай аўдыторыяй, магчымасць абазначыць пазіцыі па праблемах, якія хвалююць людзей, паразважаць і атрымаць, вядома ж, пэўны водгук. Дастукацца да тых, хто па розных прычынах не зразумеў сутнасці моманту. У тым ліку і да нашых замежных сяброў, якія часам не зусім верна ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі і яе месца ў міжнароднай супольнасці», — заўважыў у пачатку размовы Аляксандр Лукашэнка.

Гэта тлумачыцца скажэннем інфармацыі пра падзеі ў нашай краіне па меры аддаленасці ад яе межаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што гутарка будзе змястоўнай і адкрытай, заявіўшы пра гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць журналістаў. «Сёння ў нас у размове няма закрытых тэм», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча Прэзідэнта з палітычнымі аглядальнікамі доўжылася 4 гадзіны. Гутарка ішла пра двухбаковыя адносіны Беларусі з Расіяй, Украінай, Малдовай і ЕАЭС, пра дыялог беларускай улады з грамадзянскай супольнасцю, прычыны пратэстаў у нашай краіне і ва ўсім свеце, казалі пра адлічаных студэнтаў і беларускую моладзь у цэлым. Таксама Аляксандр Лукашэнка прывёў факты, вядомыя яму пра смерць мінчаніна Рамана Бандарэнкі. Прэзідэнт расказаў некаторыя падрабязнасці яго размовы з прадстаўнікамі апазіцыі ў СІЗА, паведаміў, колькі часу плануе заставацца на пасадзе кіраўніка краіны, і чаму яго дзеці ніколі не стануць прэзідэнтамі.

«Свет сёння жыве ва ўмовах сур’ёзных узрушэнняў, якія патрабуюць глыбокага аналізу. Мы практычна ў прамым эфіры назіраем злом звыклага ладу жыцця, апусканне планеты ў сістэмны крызіс», — сказаў ён.

Галоўнай прычынай таго, што адбываецца, многія СМІ называюць каранавірус, але Прэзідэнт упэўнены: гэта толькі нагода, шырма, якой прыкрываюцца глабальныя гульцы, каб «у чарговы раз паспрабаваць перадзяліць свет на свой манер».

«Беларуская дзяржава адбылася»

«Зразумела, што ёсць у іх планы і на постсавецкай прасторы, у тым ліку і на Беларусі, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Парадаксальна, але гэта важкі аргумент, які пацвярджае, што беларуская дзяржава адбылася, мае палітычную вагу і сур’ёзны эканамічны патэнцыял. Не выключае геапалітыку і тое месца, у якім мы знаходзімся па волі бога».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Мы адназначна ацэньваем падзеі ў краіне, якія адбываюцца пасля выбараў, як спробу неканстытуцыйнага перавароту па лякалах як кажуць зараз “каляровых рэвалюцый”. Пра гэта можам паразважаць: ніякай рэвалюцыяй тут і не пахне, бо няма рэвалюцыянераў. Сіла, якая рухае гэтыя беспарадкі, — знешні фактар».

Матыў, на яго думку, — аслабіць беларускую дзяржаву.

«За чвэрць стагоддзя Беларусь выбудавала эфектыўную мадэль сацыяльнага дзяржаўнага ўладкавання, якая дазваляе адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Стала членам клуба касмічных і атамных дзяржаў. На падмурку высокіх тэхналогій стварае новую эканоміку», — пералічыў дасягненні Прэзідэнт.

Відавочныя, на яго погляд, спробы запэцкаць граззю, прынізіць зробленае, але сутнасць таго, што адбываецца — нядобрасумленная канкурэнцыя, мэта якой — разбурыць наш прамысловы патэнцыял.

«Асабліва стараюцца тыя, хто ў постсавецкі час сам разбурыў свае вытворчасці», — дадаў ён.

​«Любая каляровая рэвалюцыя робіць дзяржаву слабейшай, а народ — бяднейшым»

«Аналагічныя падзеі мы назіралі і назіраем на тэрыторыі іншых рэспублік былога СССР — Украіны, Кыргызстана, Малдовы. Упэўнены, што гэтыя ж тэхналогіі ў агляднай будучыні паспрабуюць прымяніць у Расіі і іншых краінах СНД», — сказаў Прэзідэнт.

Галоўныя лекі ад навалы каляровых рэвалюцый, на думку Аляксандра Лукашэнкі, — пашырэнне і паглыбленне інтэграцыі ва ўсіх фарматах (ЕАЭС, СНД, АДКБ) і ва ўсіх сферах эканомікі, бяспекі і чалавечых зносін.

«Па-другое, многія сталі відушчымі і ўсвядомілі, што ў альтэрнатыўных інтэграцыйных праектах нам адведзена роля донараў сыравіны, таннай працоўнай сілы і рынка збыту другасортных тавараў», — упэўнены кіраўнік краіны.

Толькі ўзгодненае стратэгічнае планаванне, рэальнае развіццё вытворчай кааперацыі і ўзаемная падтрымка дапамогуць усім, па словах Аляксандра Лукашэнкі,  адносна бязбольна справіцца з глабальнымі праблемамі і выстаяць перад тым, што пагражае суверэнітэту, міру і стабільнасці.

«Нам трэба згуртавацца і выступіць адзіным фронтам і на міжнароднай арэне. Толькі тады нашы народы змогуць захаваць магчымасць самастойна вырашаць свой лёс»,  — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

«Беларусы былі і будуць для расіян надзейнымі сябрамі і братамі»

Першае пытанне задаў Андрэй Кандрашоў. Ён спытаў пра рэакцыю Заходняй Еўропы на вынікі выбараў у Беларусі і каштоўнасць для Прэзідэнта расійскай падтрымкі, у тым ліку з боку СМІ.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Еўрасаюз насамрэч не ведае, што з ім, дзеючым Прэзідэнтам Беларусі, рабіць.

У Беларусі, Казахстане, Малдове, Расіі і Украіне кіраўнікоў дзяржавы абраў народ, аргументаваў ён, і толькі народ можа са сваім лідарам нешта рабіць.

«Гэта сфера ўвагі і інтарэсу выключна беларускага народа, калі казаць пра Лукашэнку, — вярнуўся ён да ўласнай сітуацыі. — Гэта некалькі гіпатэтычна прагучала, але я сапраўды так думаю. Нічога яны з Лукашэнка зрабіць не змогуць».

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены: з чалавекам на яго пасадзе можна нешта зрабіць толькі тады, калі той пракраўся і скрадзеныя грошы трымае за мяжой. Такімі лідарамі лёгка кіраваць.

Нягледзячы на тое, што падобныя абвінавачанні гучаць і ў бок Лукашэнкі, сам ён прыводзіць адваротны аргумент:

«Маштабнай прыватызацыі ў Беларусі не было. Калі ёсць маштабная прыватызацыя, ёсць магчымасць, мякка кажучы, зарабіць грошы кіраўніку дзяржавы і іншым. У нас гэтага не было… Таму ў мяне няма таго хваста, за які можна круціць».

Яшчэ адно тлумачэнне непахіснасці ўлады Лукашэнкі, на яго ўласную думку, — адданасць, па ягоных словах, беларускаму народу і краіне.

«Я прыйшоў з апазіцыі да ўлады ў вельмі цяжкія часы, калі нацыяналізм працягваў свой разгул у Беларусі, — нагадаў ён. — Гэта продкі тых, хто сёння запарвае кашу знутры. Продкі тых, на каго сёння абапіраюцца знешнія сілы ўнутры Беларусі. Таму дарэмна кіраваць Лукашэнкам — няма за што ўзяць».

Прэзідэнт дадаў, што хоць яго палітычны час застаўся не такім ужо і доўгім, здавацца ён не збіраецца.

«На калені я не ўстану, нават калі застануся ў адзіноцтве. Я ўжо неаднойчы казаў гэта так званаму свайму атачэнню і ўсім тым, хто сёння намёртва стаіць, абараняючы нашу Беларусь», — заявіў ён.

Усе свае намаганні як кіраўніка дзяржавы ён накіраваў на аднаўленне і развіццё эканомікі. Калі ў эканоміцы будзе ўсё нармальна, унутраных прычын для рэвалюцый і мяцяжоў не будзе, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, ён лічыць пэўнай памылкай тое, што з-за клопату пра эканоміку краіны, недастаткова надаваў увагу іншым пытанням.

Што тычыцца абвінавачання Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён стаў больш цаніць падтрымку Расіі на фоне пагаршэння адносін з Захадам, ён з гэтым не згодны.

«Лукашэнка ніколі ад Расіі не адварочваўся, — сказаў ён. — Я — савецкі чалавек, які вырас у Савецкім Саюзе».

Пра гэта ён пры першым знаёмстве заявіў і Барысу Ельцыну, тады Прэзідэнту Расіі. Аляксандр Лукашэнка распавёў, якія словы тады сказаў і якія вызначылі далейшыя беларуска-расійскія адносіны на асабістым і афіцыйным узроўні: «Я прыехаў не ў чужую Расію, гэта і мая Расія. Я прыехаў у сталіцу маёй радзімы — Маскву, у якой бываў не аднойчы, калі жыў у Савецкім Саюзе».

З таго часу ніколі Беларусь не адварочвалася ад Расіі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, але гэта не ўсім падабалася, таму Лукашэнка абвінавачвалі, у тым ліку і з боку расійскіх СМІ, у адваротным.

«Я ніколі не здраджваў нашым інтарэсам, беларуска-расійскім, — паўтарыў ён. — Ніколі не здраджваў сумленнаму і надзейнаму палітыку — ні Ельцыну, ні Пуціну. І ніколі гэтага не зраблю».

Беларускае кіраўніцтва не збіраецца здраджваць Расіі, як не збіраецца і мяняць свой знешнепалітычны курс, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэтага няма і не будзе ніколі. Нават калі гэтыя пратэстуны прыйдуць да ўлады — ім народ не дазволіць змяніць палітыку, — не сумняваецца ён. — І калі яны разлічваюць, што вось, паходзяць па вуліцах, грошы атрымаюць адтуль, узбураць наша грамадства, і танкі, якія ўсё больш з’яўляюцца каля нашых межаў з Захаду, па іх закліку ўцягнуцца ў Беларусь, і Беларусь можна будзе праглынуць, — нічога не атрымаецца. Беларускі народ ім гэта зрабіць не дазволіць… Не ведаю, ці ўпэўніў я вас у тым, што беларусы для вас былі і будуць надзейнымі сябрамі і братамі? Не ведаю, але хачу, каб вы паверылі тым словам, якія казаў».

Пра пратэсты: Беларусь для вас урок. Казахстан і Расія велізарныя краіны, вам справіцца з гэтай заразай будзе складаней

Пытанне ад казахстанскага журналіста тычылася меркавання Прэзідэнта пра прычыны шматлікіх пратэстаў, якія гэтым часам адбываюцца ва ўсім свеце: ад Кыргызстана да ЗША.

«Мне здаецца, што людзі падурэлі і ашалелі, перад усім ад таго, што некаторым зацікаўленым (не хачу іх называць, вы ведаеце) улезці ў мазгі, душы і сэрцы людзей удалося. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Беларусі», — выказаўся Лукашэнка.

Па яго словах, пратэстных падзей у нашай краіне нічога не прадвяшчала — дэструктыўныя сілы «працавалі ў ціхую, ствараючы ячэйкі на прадпрыемствах, у тым ліку і дзяржаўных».

«У нас велізарныя кампаніі, дзе па 20–25 тысяч чалавек працуюць, яны захаваліся ў дзяржаўнай уласнасці — МТЗ, МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш, Беларуськалій, МЗКЦ. Нам удалося іх мадэрнізаваць. Іх пачалі перад усім хістаць праз гэтыя ячэйкі па 3–5 чалавек. Яны ўлезлі ў нашы навукова-практычныя медыцынскія цэнтры. А медыцына ў нас, дай Бог, каб у кожнай дзяржаве была такая», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, з-за ўздзеяння на свядомасць людзей расслабляцца нельга ні адной краіне, асабліва Казахстану і Расіі.

«Беларусь для вас урок, таму што Казахстан і Расія — не Беларусь, гэта велізарныя краіны, і вам справіцца з гэтай заразай будзе складаней, калі не спрацаваць на папярэджанне. А для Расія яны стварылі нават аднайменныя беларускія каналы і ўжо працуюць па Расіі», — паведаміў Прэзідэнт.

«Мэта пратэстаў — не паўторныя выбары, а злом дзяржаўнага ладу Беларусі і пераўтварэнне яе ў правінцыю Польшчы»

Дзмітрый Бачкоў спытаў Прэзідэнта, ці ёсць небяспека таго, што сапраўдны грамадзянскі дыялог у Беларусі можа не атрымацца.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пра неабходнасць дыялогу кажа і Расія, і лідары іншых краін, у тым ліку ЗША. Але сам ён, па яго словах, заўсёды разумеў, што тым, хто выйшаў на вуліцу, дыялог не патрэбны.

«Яны не правялі бліцкрыг, не перавярнулі ўладу, бо разумелі, што ў іх няма глебы, асновы для таго, каб далей у Беларусі перамагчы», — дадаў ён.

Як доказ ён прывёў патрабаванне пратэстоўцаў у першыя дні пасля выбараў пералічыць галасы, але калі сам Прэзідэнт выказаў гатоўнасць, тыя, па яго словах, адмовіліся.

Тое ж самае, па словах Прэзідэнта, з патрабаваннем паўторных выбараў. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што і на гэта гатовы быў пайсці, але тады яму прапанавалі добраахвотную перадачу ўлады.

«Бачна, адбылася ўцечка інфармацыі ад нас, што мы гэта абмяркоўваем, што Прэзідэнт да гэтага гатовы», — дапусціў ён і назваў гэта доказам таго, што мэта пратэстаў — не паўторныя выбары, а злом дзяржаўнага ладу Беларусі і пераўтварэнне яе ў правінцыю Польшчы.

Актыўнасць апошняй ля беларускіх межаў стала дадатковым аргументам на карысць такога тлумачэння, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта, дарэчы, прымусіла кіраўніка дзяржавы выбудаваць абарону пад Гродна.

Ён звярнуў увагу на тое, што апазіцыйная сімволіка падобная на дзяржаўныя сімвалы Літвы і Польшчы.

Нарэшце, трэці аргумент, на думку Прэзідэнта, — пачатак пратэстаў яшчэ да закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня.

Ён лічыць, што папярэдзіў беспарадкі, якія планавалася арганізаваць з-за таго, што не ўсе паспелі прагаласаваць да 20 гадзін. Для гэтага дастаткова аказалася на 20 хвілін адкрыць участкі пасля  васьмі вечара, кажа Аляксандр Лукашэнка. Але потым натоўп, якому не ўдалося «стварыць карцінку», далучыўся да тых, хто «ужо з АМАПам і з міліцыяй вёў вайну на двух праспектах».

Калі хуткая вайна не атрымалася, адбыўся пераход да мірнага этапу рэвалюцыі — бачыць сітуацыю Прэзідэнт.

«Гэта спецыяльна разгортвалася, ім не патрэбны ніякі дыялог», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Нягледзячы на складанасці, сітуацыю ўдаецца трымаць на кантролі, у тым ліку і ў эканоміцы, запэўніў беларускі лідар. І апошняе, па яго словах, надзвычай важна, бо «эканоміка — гэта жыцці людзей».

Для падтрымкі пратэстнага руху выкарыстоўваецца любая нагода, сказаў ён, але дзяржаўныя органы паспяхова папярэджваюць яго радыкалізацыю.

«Калі пераможа Ігар Дадон у выбарах, для Малдовы гэта будзе прарыў»

Адказваючы на пытанне журналісткі Юліі Бялянскай з Малдовы наконт таго, што Прэзідэнт думае аб геапалічным выбары яе краіны, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Молдове пераможа Ігар Дадон.

«Я ўпэўнены, што Ігар пераможа на гэтых выбарах. Я так думаю, не таму што ён мой сябар, а таму што народ Малдовы вельмі прагматычны і ў адрозненні ад беларусаў, палоханы. Яны прайшлі такія беды і гора, што яшчэ не выблыталіся з гэтага. Яны ведаюць кошт усім абяцанням. І калі пераможа Дадон на выбарах, для Малдовы гэта будзе прарыў» — адзначыў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка праз журналіста звярнуўся да народа Малдовы і папрасіў іх не выходзіць на мітынгі.

«Ваш лёс такі, што вы не можаце адмовіцца ад усходняга геапалітычнага вектару і выбару, паколькі ў яго аснове ляжыць эканоміка. Але вы заціснутыя аказаліся паміж захадам і празаходняй Украінай. Вам неабходна выбудоўваць адносіны і з румынамі, і з Еўрапейскім саюзам, і з амерыканцамі, але не рвіце адносіны з намі», — папрасіў кіраўнік краіны.

Адлічаных студэнтаў могуць аднавіць на вучобе пад гарантыі

Прэзідэнт паведаміў, што будзе сфарміравана камісія, якая зоймецца разглядам заяў адлічаных студэнтаў. У яе склад увойдуць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, маладзёжных, студэнцкіх камітэтаў, органаў самакіравання, упаўнаважаныя і адказныя за ВНУ.

«Яны збяруцца і разгледзяць усе гэтыя заявы. На іх жа неабходна адказваць. Бацькі пішуць, многія студэнты пішуць: „Усвядоміў, вінаваты“», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, калі пачыналіся студэнцкія «бунты», дакладна ведаў колькасць пратэстуючых, структуру бунту, колькасць людзей, якія проста жадаюць нармальна вучыцца.

«І падаўляючая большасць была нармальнымі студэнтамі, якія не хочуць звяргаць уладу, а жадаюць атрымаць адукацыю, нармальна жыць і працаваць», — заявіў кіраўнік краіны.

Па інфармацыі Прэзідэнта, сітуацыя з бунтуючымі адлічанымі студэнтамі найбольш характэрна для Мінска, у рэгіёнах такіх фактаў амаль няма. Па яго думку, сярод адлічаных студэнтаў шмат таленавітых і разумных маладых людзей, якіх краіна можа страціць.

«Даручыў выпрацаваць нейкі механізм. Ну выкінулі мы гэтых 300 чалавек. Я не скажу, што яны адмарожаныя, дрэнныя — паспяваюць нармальна, некаторыя вельмі здольныя людзі. Думаю, страцім жа іх, каму яны патрэбныя? Паедуць у Польшчу, хай там працуюць, але яны там не патрэбныя», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Прэзідэнт механізм вяртання студэнтаў будзе заснаваны па практыцы гарантый, якая ўжо паказала сябе пры вызваленні пратэстуючых.

Па словах кіраўніка краіны, раней ён вельмі рэдка выкарыстоўваў сваё права памілавання абвінавачаных, але падчас апошніх падзей прыбягаў да яго вельмі часта.

«Вось цяпер у парламент па маім патрабаванні ўнеслі законапраект аб памілаванні пад заклад, пад гарантыі, абавязацельствы. Я маю права памілаваць чалавека. У гэтыя падзеі, асабліва ў канцы жніўня — пачатку верасня, я вельмі шырока гэта выкарыстаў: бацькі прыходзілі, камсамольцы, прафсаюзы, бяруць на парукі чалавека ці групу — бярыце. І гэта давала эфект. Ён быў абавязаны тым, хто даў гэту гарантыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў краіне пытанне з пратэстуючай моладдзю так востра стаіць упершыню. Ды і моладзь, якая працуе ля станка ці на вёсцы думае інакш, чым гараджане і студэнты, якіх ён назваў будучай элітай нашага грамадства.

Прэзідэнт прыходзіць да высновы, што моладзь павінна сама разабрацца ў тым, што адбываецца ў краіне, а старэйшаму пакаленню неабходна ім дапамагчы.

«Але ўсё роўна, яны павінны знесці гэта самі, калі на сваёй скуры яны не адчуюць гэта зараз, калі мы гэта загонім углыб, будзе нарыў, які прарвецца. Нельга зараз нічога нікуды заганяць, круціцца, ілгаць і падманваць. Гэта загоніць праблему пад плінтус, і яна адтуль вылезе ў самы непрыемны момант», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ён прыхільнік таго, каб беларускі народ самастойна вызначыў свой лёс.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што заўсёды вучыўся добра, хаця не выдзяляўся ў дзяцінстве ўзорнымі паводзінамі.

«Я разумеў, калі я не наладжу сваё жыццё, за мяне ніхто яго не наладзіць. Я гэта жорстка разумеў і разумеў, што такое жыццё», — адзначыў Прэзідэнт.

На яго думку, сённяшняя моладзь мяркуе, што можна нічога не рабіць і ездзіць на «мерседэсе».

«Жыццё неяк матэрыялізавалася, духоўнага амаль нічога не засталося і гэта жыццё нашай моладзі. Ідзе малады чалавек, з небагатай сям’і, недурны, а да яго аднагодак падкаціў на „Бэнтлі“ ці на „БМВ“. Зайздросціць: і яму хочацца. А потым палітыкі яму скажуць, што пры нашай уладзе ты будзеш на „мерседэсе“ раскатваць. Яму гэта падкінулі — і ён паверыў. А потым ім яшчэ падкінулі грошай трошкі. І гэта ў цэлым цісне на свядомасць і стварае нашага маладога чалавека», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Пра смерць Рамана Бандарэнкі: Нельга на гібелі людзей рабіць палітыку

Прэзідэнта папрасілі пракаментаваць трагедыю, якая адбылася ўчора ўвечары — у лякарні ад траўмаў пасля бойкі ў двары шматкватэрнага дома паміж прыхільнікамі і праціўнікамі пратэстнай сімволікі памёр жыхар Мінска Раман Бандарэнка.

«Я шчыра спачуваю бацькам, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Хачу ім выказаць словы падтрымкі. Калі чалавек памірае, гэта дрэнна. Тым больш, чалавек жа не стары, малады сыходзіць з жыцця».

Ён паведаміў, што ўчора даручыў старшыні Следчага камітэту расследаваць здарэнне.

«Трэба сумленна і аб’ектыўна ўсё расследаваць. І не так, як гэта можа быць пададзена ў Telegram-каналах, а грамадству паказаць карціну, якая адбывалася нават калі там нехта вінаваты — хто нам не хацелася б, каб ён быў вінаваты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Улада не мае да гэтага ніякіх адносін».

Сёння раніцай, па словах Аляксандра Лукашэнкі, паколькі ўсе пачалі абвінавачваць чарговы раз міліцыю, ён пазваніў Генеральнаму пракурору і загадаў узяць расследаванне пад кантроль.

«Што я ведаю на сёння. У нас з’явілася практыка, ужо больш за месяц: у гэтых багаценькіх, перш за ўсё дамах, кварталах, вывешвалі бел-чывона-белыя сцягі і стужкі. Занавешвалі ўсюды, нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі гэтыя, як у нас заведзена лічыць, калабарацыянісцкія, фашысцкія сцягі. Бо пад гэтымі сцягамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з гэтымі павязкамі, хадзілі паліцаі і людзей расстрэльвалі. Партрэты Гітлера на ўсіх мерапрыемствах (кадры ёсць хронікі) пад гэтымі былі сцягамі. У нас, у краіне, дзе кожны трэці загінуў, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Уявіце, якое да гэтага стаўленне! Да чаго кажу — у гэтых дварах адны вывешвалі ў дварах гэтыя сцягі і стужкі, а другія хадзілі і зразалі».

Дзяржава заахвоціла для навядзення парадку ў дварах атрады дружыннікаў, якія прыбіралі з двароў пратэстную сімволіку. Менавіта гэта, пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, па яго інфармацыі, стала прычынай бойкі ў адным з двароў сталіцы. Па выкліку прыхільнікаў пратэсту выехаў узмоцнены нарад міліцыі, які заспеў на месцы бойкі толькі Рамана Бандарэнку, які быў, верагодна, траўмаваны і знаходзіўся ў нецвярозым стане.

«Заключэнне сёння даў Следчы камітэт: ён быў п’яны, — сказаў Прэзідэнт. — Вядома, яго ўзялі і павезлі ў аддзел. Яму стала кепска па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і адправілі яго ў бальніцу. Вось як было насамрэч. Я папрасіў расследаваць, каб мы сапраўды не далі нагоду нікому зноў разгарнуць вось гэта: „Гвалт, гвалт, гвалт“. У нас жа людзі, калі ўбачылі, што адбываецца ў Мінску — мільёны пісем да мяне: навядзіце парадак!»

Навесці парадак можна хутка, але Беларусі не даруюць рэзкіх рухаў, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«І ўвогуле, трэба разумна з гэтым разабрацца. Усе ўзвылі — не хочуць жыць у тым Мінску, які ў нас па нядзелях. Усе хочуць каб было ціха і спакойна: навядзіце парадак, навядзіце парадак. І ў той жа час: не, не, не гвалтам. Таму мы ішлі па лязе нажа, — патлумачыў ён. — І потым, што — уладзе трэба гэта было? Ды не. Не трэба, нам гэта ўжо ўсё надакучыла. Нам трэба ўборку ўраджаю скончыць, накарміць людзей і эканоміку захаваць. Нам гэта трэба, а не вось гэтыя падзеі».

Прэзідэнт яшчэ раз выказаў шчырае спачуванне родным і блізкім Рамана Бандарэнкі і дадаў, што цягам тых жа сутак акрамя Рамана Бандарэнкі загінулі яшчэ чатыры чалавекі: двое — у дарожна-транспартных здарэннях, адзін — у выніку забойства, адзін — у выніку атрыманых цяжкіх цялесных пашкоджанняў. І спытаў, чаму ніхто не кажа пра астатніх загінулых?

«Нельга на гібелі людзей рабіць палітыку, — падсумаваў ён. — Я папрасіў кіраўніцтва МУС звязацца з бацькамі загінулага і паспрабаваць з імі пагаварыць, як бы гэта не было цяжка».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.