Вы тут

Незабыўнае свята шчырых людзей


Старажытны горад Тураў адзначаў сваё 1040‑годдзе, ушаноўваючы заадно й мясцовых працаўнікоў сельскай гаспадаркі


Новыя ганаровыя грамадзяне Жыткавіцкага раёна

З усяго Жыткавіцкага раёна сабраліся 24 кастрычніка ў Тураў шматлікія госці, ды з іншых месцаў Беларусі й нават з замежжа. Вялікую святочную сцэнічную пляцоўку зладзілі на Замкавай гары — там, дзе ўзвышаецца велічны помнік Кірылу Тураўскаму, дзе яшчэ ў 1960‑я археолагі выявілі рэшткі манументальнага збудавання: храма XІІ стагоддзя. І той унікальны раскоп цяпер — гэта цэнтральны экспанат Гістарычна-археалагічнага комплексу “Старажытны Тураў”. На пляцоўцы, накрытай шкляным шатром-павільёнам, прадстаўлены рэшткі храма й гарадзішча, старажытная зброя, старадаўнія прадметы побыту. Так што сышліся на Замкавай гары ў Тураве ў святочную пару й даўніна, і сучаснасць. А восень на Беларусі — найлепшая пара, каб ушаноўваць працаўнікоў сельскай гаспадаркі. На Палессі ж паводле народных традыцый — гэта свята Багач.

У запрашэнні на імпрэзу, якое даслалі мне кіраўнікі Жыткавіцкага райвыканкама ды тамтэйшага райсавета дэпутатаў, значыліся як 1040‑годдзе горада Турава, так і раённае свята “Дажынкі-2020”. Што ж, мудрае рашэнне: адзначаць такія святы разам. Як вядома, усе вобласці, раёны Беларусі ў нашым часе ладзяць падобныя Дажыначныя святы, але не ўсе яны “падсвечваюцца” яшчэ й такой багатай мясцовай гісторыяй. Ну а даўніна мае высокую цану толькі тады, калі мы клапоцімся, дбаем пра будучыню.

Сёлета багаты ўраджай сабраны на палетках Жыткаўшчыны. Павіншаваць тураўчан са святам горада, ушанаваць перадавікоў сельгасвытворчасці прыехаў губернатар Гомельскай вобласці Генадзь Салавей. Дарэчы, сярод ушанаваных былі трактарысты-машыністы, аператар машыннага даення, адзначалі й лепшых на жніве. І пяці жыхарам Жыткавіччыны прысвоілі званне ганаровых грамадзян раёна: былому Міністру сельскай гаспадаркі й намесніку Прэм’ер-міністра Беларусі, а цяпер старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы й мясцовым самакіраванні Міхаілу Русаму (які родам з мясцовай вёскі Вароніна), дырэктару ААТ “Сатурн” Міхаілу Саскевічу, ветэранцы Вялікай Айчыннай вайны Ганне Бяляй, былому дырэктару Жыткавіцкай хлебнай базы Канстанціну Комару, заснавальніцы фальклорнага гурта “Міжрэчча” Кацярыне Панчэні.

Віншавалі землякоў са святамі й старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандр Сідарэнка, старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, старшыня Тураўскага гарсавета дэпутатаў Ігар Міцюрыч. Сярод старанных працаўнікоў, якім аддавалі даніну павагі на свяце, і Міхаіл Шруб, вядомы па ўсёй Беларусі кіраўнік сялянскай гаспадаркі з вёскі Хільчыцы. Гаспадарка ў гаспадарлівага палешука немалая: больш за 1860 гектараў! (На сайце з красамоўнай назвай https://shrub.by/ ёсць звесткі, што ў сялянскай гаспадарцы Міхаіла Рыгоравіча Шруба штогод вырошчваюць да 20 000 тон свежай гародніны й бульбы. Прычым, дзякуючы сучасным гароднінасховішчам, прадукцыя круглы год як свежая, ды ёсць на прылаўках лепшых магазінаў Беларусі ды Расіі. Да таго ж адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці гаспадаркі — жывёлагадоўля: вытворчасць бекону свініны. На сучасным свінакомплексе з замкнёным цыклам вытворчасці гадуецца больш за 5 000 свіней адначасова, і штогод гаспадарка прадае да 1200–1300 тон мяса. — Рэд.)

А якія ў Тураве каларытныя спевакі!

А ля рэчкі Прыпяці ў Тураве разгарнуліся гульнявыя й гандлёвыя пляцоўкі, дзе гасцей частавалі мясцовымі смакоццямі: дранікамі, хрусткімі гурочкамі, салам ды каўбасамі, ды рознай выпечкай. Варыла-грэла й сапраўдная печ, якую змайстравалі мясцовыя муляры, паказвалі майстэрства бондары, лозапляцельшчыкі, вязальшчыцы-вышывальшчыцы — і ўсё тое ў душэўным народным стылі. Працавала выстава сучаснай сельгастэхнікі, быў нават жывы куток: там бегалі козачкі, паважна хадзілі каровы, кудахталі куры, былі яшчэ трусы, і нават фазаны ды іншая жыўнасць. Шэраг вёсак раёна зладзілі на свяце свае падворкі, сустракалі там гасцей у стылёвай плыні мясцовых народных абрадаў: а гэта Багач, Юраўскі карагод, Вяселле, Хрэсьбіны ды іншыя. Гучалі песні, паказвалі самадзейныя артысты жартоўныя сцэнкі з жыцця, у якіх удзельнічалі маладыя тураўцы, іх бабулі-дзядулі. На сцэне ж потым выступілі вядучыя творчыя калектывы раёна.

Хораша мне было акунуцца ў сапраўдную, народную палескую прыгажосць, бачыць святочны карагод людзей працы, іх добрыя, прыязныя вочы, сардэчнасць і шчырасць. Ведаю, што некаторыя з тураўцоў замежжа спецыяльна едуць наведаць родных менавіта ў такія дні: каб уліцца ў святочную плынь горада, ізноў адчуць сябе ягонай жывою часцінкай.

Калі мне далі слова на свяце, то адрасаваў я свае віншаванні найперш людзям працы. А таксама ўсім, хто шануе родную зямлю, традыцыі продкаў, маці-Беларусь. З удзячнасцю згадаў тых светлых і шчырых людзей, хто ў свой час далучаў мяне да народных традыцый, вучыў быць чалавекам — ва ўсіх праявах.

Мікола Котаў, ганаровы грамадзянін горада Турава, удзельнік незабыўнага свята шчырых людзей

Ад рэдакцыі. Калі Мікола Конанавіч данёс у рэдакцыю свае, як заўсёды, ад рукі напісаныя нататкі пра свята, то быў яшчэ ў вялікім захапленні ад усяго, што ў родным Тураве ўбачыў. Казаў: вельмі гожа ўсё было зроблена, цудоўна зладжана. Яшчэ згадаў, што перад выхадам на сцэну яго запыталі: ці зможа, як раней, сесці ў шпагат? І Конанавіч напрыканцы прамовы жартам звярнуўся да шаноўнае грамады: “Вось тут пытаюць, а ці магу я ў свае 79 на шпагат сесці? Даражэнкія ж мае! Сесці то напэўна сяду, ну а калі што — дык вы тады мне ўстаць дапамажыце!..”. Публіка бурнымі апладысментамі вітала знакамітага народнага харэографа, калі ён-такі выканаў сваю каронку — без старонняй дапамогі. А й нават “адказныя асобы” на першым радзе, казаў, выказалі захапленне, вялікія пальцы паднялі пры тым угару: “Малайчына, Конанавіч! Так трымаць!”

І мы жадаем здароўя, бадзёрасці духа нашаму даўняму няштатнаму аўтару, які рыхтуецца — у добрай форме! — сустрэць 80‑я ўгодкі.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.