Вы тут

Адкрылася выстаўка скульптара, работы якога аздабляюць станцыі метро


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстаўка «Максімалізм». Пад гэтай назвай аб'яднаны работы беларускага скульптара Максіма Петруля. Шырокаму гледачу аўтар вядомы дзякуючы супрацоўніцтву з метрапалітэнам: станцыі «Малінаўка» і «Грушаўка» ўпрыгожаны яго творамі.


Памятаеце на «Грушаўцы» гэтыя знакамітыя металічныя грушы, якія сімвалізуюць сусветнае дрэва? Мала хто пазбегнуў спакусы сфатаграфавацца каля самай вялізнай ігрушы-ствала... На станцыі новай лініі метро «Плошча Францішка Багушэвіча» ёсць скультура Максіма Петруля «Кніга беларуская», вытанчаная, шматсэнсавая кампазіцыя, якая імітуе адначасова кнігу і адчыненыя дзверы, акно і кросны і абыгрывае словы Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Скульптуры Максіма Петруля вядомыя не толькі ў Беларусі, яны выстаўлены ў кітайскіх гарадах Фучжоў, Куньмін, Чанчунь.

Работы скульптара інтэграваны ў асяроддзе, элементы дэкору станцый метро нясуць не толькі дэкаратыўную, а і рэпрэзентатыўную функцыю. То-бок паўсядзённыя для гарадскога жыхара месцы ўспрымаюцца як альтэрнатыўныя выставачныя прасторы.

На пытанне «Звязды», у чым адметнасць выстаўкі, Максім Пятруль адказаў так:

— Гэта сцвярджэнне вынайдзенага мною новага напрамку ў мастацтве пад назвай «Максімалізм». Яго сутнасць — у тым, каб мінімальнымі сродкамі мастацкай выразнасці прамовіць аб усім, што хачу, пра важныя, глабальныя рэчы. Я бяру геаметрычнае цела або прыродны матэрыял і трансфармую яго ў канцэптуальны знак.

У работах Петруля філасофскія катэгорыі і паняцці набываюць фізічную абалонку, а плаўнасць і непарыўнасць — іх характэрная рыса.

— Для мастака важна эксперыментаваць і ўзаемадзейнічаць з матэрыялам. У чым розніца паміж акадэмізмам і фальклорам? У тым, што народнае мастацтва — гэта свайго роду практыкум работы з матэрыяламі: з ніткамі, саломай, лазой. Гэта не традыцыйнае маляванне графітам на паперы. Я ўпэўнены ў тым, што менавіта трансфармацыя народнай культуры ў мастацкі авангард — тое, што найбольш арганічнае для беларусаў. Гэта абумоўлена і нашай генетычнай памяццю, і нашымі традыцыямі.

Наведаць выстаўку можна будзе да 6 снежня ўключна.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Трансфармацыя народнай культуры ў мастацкі авангард

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.